— Добра, — цярплiва ўздыхнуў Святы Георг, — а калi вось тут, пад падбароддзем, — тут у цябе такiя тоўстыя складкi ў скуры, што ты нават не адчуеш удару.
— Так яно так, але ж цi здолееш ты патрапiць дзiдай туды, куды трэба? захваляваўся цмок.
— Ну вядома! — пакрыўджана запэўнiў яго Святы Георг. — Пра гэтае можаш не турбавацца, пакладзiся на мяне.
— Менавiта таму я i хвалююся, што нiчога iншага мне не застаецца, — крыху раздражнёна адказаў цмок. — О, я ведаю, ты будзеш вельмi шкадаваць, калi выпадкова, у спешцы, зробiш якую памылку, але ж я ўпэўнены, што ты й напалову не будзеш шкадаваць так моцна, як я! Але ж, — дадаў ён па-фiласофску, — часам трэба давяраць людзям, а твой план падаецца мне не сама горшым.
— Паслухай, цмок, — незадаволена сказаў хлопчык, якому зусiм не спадабалася, што ягонаму сябру дастаюцца адны грымакi, — нешта я не разумею, што з усяго гэтага будзеш мець ты?! Вядома, павiнна адбыцца бойка, вядома, ты павiнен быць пераможаны, але ж якая табе з гэтага карысць?
— Святы Георг, — звярнуўся цмок да рыцара, — растлумач, калi ласка, нашаму юнаму сябру, што здарыцца пасля таго, як я буду пераадолены ў смертнай бойцы?
— Ну, згодна з правiламi, я трыюмфальна правяду цябе да базарнай плошчы, сказаў Святы Георг.
— Абсалютна верна, — падцвердзiў цмок. — А потым?
— Ну, а потым будзе шмат шуму, крыкаў i прамоў, - працягваў Святы Георг. Я растлумачу, што ты скарыўся i зразумеў усе свае мiнулыя памылкi, ну, i гэтак далей.
— Так, так, — падганяў яго цмок, — а потым?..
— А потым… потым, вiдаць, будзе звычайны банкет, як заўсёды…
— Гэтага я й чакаў, - задаволена хмыкнуў цмок, — банкет — сама галоўнае ва ўсёй справе. Разумееш, — сказаў ён, звяртаючыся да хлопчыка, — я пачынаю ўжо вар'яцець ад адзiноты. Нiхто па-сапраўднаму мяне не ведае i таму не можа ацанiць. Дык вось, з дапамогаю гэтага шаноўнага спадара, слаўнага рыцара i нашага агульнага сябра — Святога Георга, якi так клапоцiцца пра мяне, я збiраюся ўвайсцi ў свет. Магу запэўнiць, што ў мяне дастаткова якасцей, якiя дазволяць мне быць як жаданым госцем, так i шчырым гаспадаром! Ну што ж, здаецца, мы пра ўсё дамовiлiся, i цяпер, калi вы не супраць… Я старамодны i зусiм не хачу падацца няветлiвым… але ўжо даволi позна…
— Глядзi, цмок, ты павiнен выканаць сваю долю працы як след, — зразумеўшы намёк, Святы Георг устаў. — Ну, ты сам ведаеш, што я маю на ўвазе — усякае там цмакаванне, полымевывярганне.
— З цмакаваннем усё будзе як мае быць, — даверлiва адказаў цмок, — а вось полымевывярганне… Проста дзiва, як хутка знiкаюць звычкi, калi няма практыкi. Але я паспрабую. Дабранач!
Святы Георг i хлопчык спусцiлiся з гары i падыходзiлi ўжо да вёскi, калi Святы Георг спынiўся, як шыбануты маланкай.
— Якi дурань! Як жа я мог запамятаваць?! — крыкнуў ён. — Павiнна ж быць прынцэса, прыкутая да скалы, якая памiрае ад жаху i чакае вызвалення. Слухай, а ты не мог бы раздабыць якой прынцэсы?
Хлопчык пазяхнуў i адмоўна пакруцiў галавой.
— Я памiраю ад стомы, — прастагнаў ён. — Цяпер я ўжо не магу знайсцi табе нi прынцэсы, нi каго б там нi было яшчэ. Мяне чакае мацi, i яна, напэўна, пачала ўжо непакоiцца. Калi ласка, да заўтра не прасi ў мяне больш нi пра што.
Наступнаю ранiцай, як толькi ўзышло сонца, людзi пачалi збiрацца на роўнай пляцоўцы побач з цмокаваю пячорай, дзе мелася адбыцца бойка. Усе былi апранутыя ў святочныя строi i неслi з сабою кошыкi з ежай i пiтвом. Вядома, кожны хацеў выбраць найлепшае месца, але гэта было даволi складана, бо бойка ёсць бойка, i ў цмока быў такi самы шанец на перамогу, як i ў Святога Георга. I калi пераможа цмок… Нават тыя, хто паставiў на яго свае грошы, адчувалi, што наўрад цi цмок будзе разбiрацца, хто падтрымлiваў яго, а хто не. Таму месцы выбiралiся з перасцярогай — каб можна было даць драла, калi раптам выпадзе такая патрэба.
Першыя рады былi занятыя ў асноўным дзецьмi, якiя здолелi ўцячы з-пад суровага бацькоўскага нагляду, i, пакуль бойка яшчэ не пачалася, яны качалiся па траве, кулялiся, шчыкалi адно аднаго i зусiм не зважалi на нервовыя заўвагi, якiя iм наўзахапкi рабiлi мацеркi з апошнiх радоў.
Хлопчык заняў месца ў першым радзе, блiжэй да пячоры. Ён нерваваўся, як рэжысёр перад прэм'ерай. Цi можна па-сапраўднаму спадзявацца на цмока? А раптам ён перадумаў? Вырашыў, што не варта браць удзелу ў гэтай гульнi? Цi, можа, пачне хвалявацца, падумаўшы, што ўсё было спланавана занадта ўжо хутка, без анiякiх рэпетыцыяў, i ў апошнi момант пабаiцца высунуць з пячоры нос?
Хлопчык нi на хвiлiну не адводзiў позiрку ад увахода ў цмокаву пячору, але не заўважаў там нiякiх прызнакаў жыцця. Пэўна, цмок схаваўся ў сваёй нары i сядзеў глыбока пад зямлёй.
Читать дальше