— Ну, прабач, калi ласка, вiдаць, я сапраўды занадта даў веры ўсiм гэтым гiсторыям i пакрыўдзiў нi ў чым не вiнаватую жывёлу. Але што нам рабiць цяпер? Паводле правiлаў, мы з цмокам павiнны прагнуць крывi i смерцi адзiн другога. Я не бачу нiякага выйсця. А што прапануеш ты? Можа, ты як-небудзь уладзiш справу?
— Ну вось, тое самае сказаў цмок, — уздыхнуў хлопчык. — Ваш з цмокам давер вельмi мяне кранае, але што з таго… А ты не можаш проста цiхенька з'ехаць адсюль?
— Не, баюся, гэта немагчыма, — у сваю чаргу ўздыхнуў Святы Георг. — Не па правiлах. Ты ж не горш за мяне гэта ведаеш.
— Ну, тады вось што, — прапанаваў хлопчык. — Пакуль яшчэ не надта позна, давай разам сходзiм да цмока i там абмяркуем нашае становiшча. Ён жыве недалёка i будзе рады бачыць любога майго сябра.
— Гэта таксама не па правiлах. Я нiколi не наносiў вiзiты цмокам, адказаў Святы Георг, устаючы. — Але, напэўна, нiчога разумнейшага не прыдумаеш. А ты малайчына, — дадаў ён, скiроўваючы да дзвярэй. — Не кожны можа пахвалiцца такiм сябрам, як ты. Ну, супакойся, можа, усё абыдзецца, i нiякай бойкi не будзе.
— Але ж я спадзяюся, што будзе, — адказаў верны цмокаў сябар.
— Гэй, цмок, я прывёў да цябе сябра! — гучна паведамiў хлопчык.
Цмок, якi салодка драмаў, адразу прачнуўся.
— Я тут крыху задумаўся, — сказаў ён. — Вельмi прыемна пазнаёмiцца, сэр. Цудоўнае сёння надвор'е…
— Гэта Святы Георг, — абсек яго хлопчык. — Святы Георг, дазволь пазнаёмiць цябе з цмокам. Цмок, мы прыйшлi сюды, каб спакойна i сур'ёзна абмеркаваць нашае становiшча. Таму я буду вельмi ўдзячны, калi ты забудзешся на ўсе свае высокiя iдэi i тэорыi i падыдзеш да справы практычна, па-дзелавому. Апроч таго мушу дадаць, што мяне чакае мацi.
— Вельмi рады сустрэчы, Святы Георг, — знервавана пачаў цмок, — я чуў, што ты вядомы падарожнiк, а што да мяне, дык я большасць часу баўлю дома. Але я добра ведаю гэты куточак свету, i калi цябе зацiкавяць гiстарычныя помнiкi, якiя захавалiся тут з антычных часоў, дык я з задавальненнем…
— Мне падаецца, — прыязна перапынiў яго Святы Георг, — што было б няблага прыслухацца да парады твайго маленькага сябра i паспрабаваць знайсцi выйсце, якое б задаволiла i цябе, i мяне. Сама простае, на мой погляд, — зрабiць усё па правiлах — зладзiць бойку, i няхай перамога будзе на баку таго, хто больш яе варты. Дарэчы, — дадаў ён, — там, у вёсцы, ставяць на цябе, але я не крыўдую.
— Цмок! Ну, пагадзiся, калi ласка! Як будзе цудоўна! — узрадаваўся хлопчык.
— Мой юны сябар, змоўкнi зараз жа! — сурова спынiў яго цмок. — Прашу паверыць мне, Святы Георг, што я з асалодай выканаў бы любую, выказаную вамi, маiмi адзiнымi сябрамi, просьбу. Але ж усё гэта — поўная бязглуздзiца, дзiкунскiя норавы i агульная тупалобасць. Уся справа выскваркi не вартая. Зразумейце: бiцца я не збiраюся, i таму няма пра што нават гаворку весцi.
— Але ж я, вiдаць, магу прымусiць цябе бiцца?! — неяк няўпэўнена сказаў Святы Георг.
— Нi ў якiм разе! — з трыюмфам адказаў цмок. — Я залезу ў сваю глыбокую нару i буду там спакойна адпачываць. I табе вельмi хутка надакучыць сядзець каля ўвахода, чакаючы, каб я выйшаў на бойку. А як толькi ты сыдзеш, я хуценька вылезу зноў — бо, шчыра кажучы, гэтыя мясцiны прыйшлiся мне даспадобы, i я думаю тут застацца.
Пэўны час Святы Георг моўчкi пазiраў на прыгожы краявiд. Потым зноў пачаў угаворваць цмока:
— Ты толькi паглядзi, якое чароўнае месца для бойкi! Смарагдавая трава, цёмныя ланцугi гор, мае залатыя даспехi на фоне тваёй блакiтнай скуры, якая ажно зiхцiць на сонцы! Падумай, якое магло б атрымацца вiдовiшча!
— Напiнаеш на мае мастацкiя схiльнасцi? — усмiхнуўся цмок. — Нiчога не атрымаецца, не спадзявайся. Хоць, безумоўна, карцiна магла б быць цудоўная, дадаў ён, крыху завагаўшыся.
— Ну, нарэшце, — узрадаваўся хлопчык, — здаецца, мы пачынаем наблiжацца да справы. Ты ж павiнен зразумець, цмок, што якая-небудзь бойка ўсё роўна мае адбыцца. Я ж упэўнены, што ў цябе не надта вялiкае жаданне зноў лезцi ў гэтую старую брудную нару i сядзець там да скону.
— Цывiлiзаваныя людзi заўсёды могуць дамовiцца, — разважна сказаў Святы Георг. — Мне трэба будзе праткнуць цябе дзiдай, тут ужо нiчога не зробiш, але зусiм не абавязкова рабiць табе балюча. Ты такi вялiзны, што ёсць, прынамсi, некалькi неiстотных месцаў. Вось тут, напрыклад, пад пярэдняю лапай. Не думаю, што тут будзе вельмi балюча.
— Не, Георг, — засаромеўся цмок, — гэтае месца зусiм не падыходзiць. Нават калi мне й не будзе балюча (хоць я ўпэўнены, што будзе i нават вельмi), але нават калi не будзе, дык будзе козытна — я зарагачу i ўсё сапсую.
Читать дальше