- Гэта пачалося некалькi дзён назад, - пачаў свой расказ пастух. - Ведаеце тую пячору на левым схiле? Я чамусьцi заўсёды яе недалюблiваў. Дый авечкам яна нiколi не падабалася, а вы самi ведаеце, што калi ўжо авечкi што-небудзь не ўпадабаюць - нiчога добрага чакаць не даводзiцца. Дык вось, апошнiм часам з тае пячоры чулiся нейкiя цяжкiя ўздыхi, сапенне i дзiўны храп. Так, так, сапраўдны храп, якi iшоў аднекуль здалёк i знiзу. Вядома, я часам i сам магу задаць храпака, але ж гэта было зусiм не тое, разумееце?
- Я разумею, - цiха прамовiў хлопчык.
- Безумоўна, я быў напалоханы, але мне не надта хацелася адтуль сыходзiць. Вельмi ўжо добрая там расце трава! I вось сёння, якраз перад тым як вяртацца дадому, я падышоў трошкi блiжэй. I там, побач з пячорай... О, Божа! Я ўбачыў яго гэтак жа ясна, як бачу цяпер вас!
- Убачыў каго? - запыталася жонка. Яна й сама пачала ўжо нервавацца.
- Дык я ж кажу: яго! - адказаў пастух. - Ён напалову высунуўся з пячоры i дыхаў свежым начным паветрам. У яго быў такi рамантычны выгляд... А велiчынёй ён з нашую хату i ўвесь пакрыты буйною блiскучай луской, цёмна-блакiтнай на спiне i бледна-зялёнаю на жываце. А калi ён выдыхае паветра, дык з носа ў яго вылятаюць iскрынкi. Ён паклаў галаву на пярэднiя лапы i цiха мармытаў, нiбыта пра нешта сам з сабою разважаючы. Нiчога дрэннага, праўда, сказаць пра яго не магу - паводзiў ён сябе вельмi прыстойна. I выгляд у яго мiралюбiвы. Гэта я мушу прызнаць. Але ж калi паглядзець з iншага боку?! Уся гэтая луска, пазуры! Ды яшчэ й хвост, напэўна! Хоць ззаду я, праўда, яго не бачыў. Але, далiбог, мне дагэтуль яшчэ цяжка ўявiць, што мне гэта не прыснiлася. Не, я нiколi да гэтага не прызвычаюся i нiколi ўжо не прымушу сябе зноў хадзiць у горы.
Хлопчык, якi, здавалася, увесь гэты час засяроджана чытаў i не надта прыслухоўваўся да размовы, згарнуў тоўстую кнiгу, пазяхнуў i, пачухаўшы патылiцу, сонным голасам прамовiў:
- Тата! Ну чаго ты так узнерваваўся?! Супакойся. Гэта ж усяго толькi цмок.
- Усяго толькi цмок?! - раз'юшыўся бацька. - Начытаўся рознай дрэнi! Я табе пакажу "цмок"! Што ты ўвогуле разумееш у цмоках?!
- Але, гэта ўсяго толькi цмок, - паўтарыў хлопчык. - Паслухай, тата, мы ж з табой знаемся ў розных рэчах: ты ўсё ведаеш пра надвор'е, пра баранчыкаў ды пра горы. Ну, а я - я сёе-тое ведаю пра цмокаў. Прыгадай, я заўсёды казаў, што тая пячора - цмокава. Я быў упэўнены, што некалi яна належала цмоку, дык чаму б ёй не належаць цмоку цяпер? Пагадзiся, тата, нiчога дзiўнага няма, што ў цмокавай пячоры нарэшце з'явiўся цмок. Я болей здзiвiўся б, каб цмока там не было. А цяпер супакойся, пакiнь гэтую справу мне i не турбуйся болей.
Я паспрабую схадзiць да пячоры заўтра зранку цi схаджу ўвечары, бо зранку, вiдаць, буду заняты. Спакойна пагутару з цмокам, i ты ўпэўнiшся, што ўсё добра i няма чаго хвалявацца.
Але ты павiнен паабяцаць, што не пойдзеш да пячоры адзiн. Бо ты зусiм не разумееш цмокаў i выпадкова можаш яго пакрыўдзiць. А цмокi вельмi ўразлiвыя i чуллiвыя iстоты.
- Наш сын мае рацыю, - разважным голасам сказала мацi. - Ён шмат чытае i сапраўды ўсё ведае пра цмокаў i розных iншых жывёл, якiя сустракаюцца ў кнiгах. Дый, шчыра кажучы, мне самой шкада бедную iстоту: ляжыць там, высока ў гарах, зусiм адзiн, без гарачай вячэры, дый нават словам перамовiцца няма з кiм. Можа, мы маглi б што-небудзь зрабiць для яго. Ну, а калi раптам гэты цмок не зусiм прыстойны, дык наш сын адразу гэта высветлiць. Ты ж ведаеш, бацька, што сын у нас вельмi ветлiвы, i звычайна ўсе любяць пагутарыць з iм.
Наступным вечарам, папiўшы гарбаты, хлопчык выправiўся ў горы. Ён iшоў па ледзь прыкметнай сцяжынцы, якую ведалi толькi яны з бацькам.
Побач з пячорай, на мяккай зялёнай траве, лянiва выцягнуўшыся ва ўсю сваю немалую даўжыню, ляжаў цмок.
Перад ягонымi вачыма распасцiраўся цудоўны краявiд: улева i ўправа хвалямi дыбiлiся голыя горныя вяршынi, унiзе, у далiне, можна было разгледзець белыя нiткi дарог, якiя цягнулiся праз сады i прыгожыя палi, а на даляглядзе вiднелiся шэрыя абрысы старых гарадоў. Вецер нёс прахалоду i гуляў з маладой траўкай. У аксамiтных цёмна-блакiтных нябёсах ужо выглянуў срэбны рог маладзiка.
Не дзiва, што цмок быў у паэтычным настроi. Выглядаў ён вельмi задаволеным, а калi хлопчык падышоў блiжэй, дык са здзiўленнем пачуў, што цмок цiхенька нешта вуркоча.
"Ну, сапраўды, што жывем, то вучымся, - падумаў хлопчык. - Нiводная кнiга не кажа, што цмокi вуркочуць".
- Прывiтанне, цмок, - цiха сказаў хлопчык, падыходзячы зусiм блiзка.
Пачуўшы яго хаду, цмок зрабiў быў ветлiвую спробу падняцца, але, убачыўшы, што яго турбуе ўсяго толькi хлопчык, сурова насупiў бровы.
Читать дальше