- Гэкiна дэгуль!
- Гэкiна дэгуль! Гэкiна дэгуль! - падхапiлi тоненькiя галасы з усiх бакоў.
Што азначалi гэтыя словы, Гулiвер не зразумеў, хоць i ведаў шмат замежных моў.
Доўга ляжаў Гулiвер на спiне. Рукi i ногi ў яго зусiм анямелi.
Ён сабраў усю сiлу i паспрабаваў адарваць ад зямлi левую руку.
Гэта яму ўдалося. Ён вырваў колiкi, на якiя былi накручаны сотнi тонкiх моцных вяровачак, i ўзняў руку.
У тую ж мiнуту хтосьцi ўнiзе гучна прапiшчаў:
- Тольга фанак!
У руку, у твар, у шыю Гулiвера ўпiлiся сотнi стрэл. Стрэлы ў чалавечкаў былi тоненькiя i вострыя, як iголкi.
Гулiвер заплюшчыў вочы i вырашыў ляжаць нерухома, пакуль не надыдзе ноч.
"У цемры будзе лягчэй вызвалiцца", - думаў ён.
Але дачакацца ночы на лужку яму не давялося.
Непадалёк ад яго правага вуха пачуўся часты, дробны стук, быццам нехта побач забiваў у дошку цвiкi.
Малаточкi стукалi цэлўю гадзiну.
Гулiвер крыху павярнуў галаву - павярнуць яе болей не давалi вяровачкi i колiкi - i каля самай сваёй галавы ўбачыў толькi што пабудаваны драўляны памост. Некалькi чалавечкаў прыладжвалi да яго лесвiцу.
Потым яны знiклi, i па прыступках на памост паволi падняўся чалавечак у доўгiм плашчы.
За iм iшоў другi, амаль у два разы меншы ростам, i нёс край яго плашча. Напэўна, гэты быў хлопчык-паж. Ён быў не большы за Гулiвераў мезены палец.
Апошнiмi на памост узышлi два стралкi з нацягнутымi лукамi ў руках.
- Лангра дэгюль сан! - тры разы пракрычаў чалавечак у плашчы i разгарнуў скрутак велiчынёй з бярозавы лiсток.
Зараз жа да Гулiвера падбеглi пяцьдзесят чалавечкаў i абрэзалi вяроўкi, прывязаныя да яго валасоў.
Гулiвер павярнуў галаву i пачаў слухаць, што чытае чалавечак у плашчы. Чалавечак чытаў i гаварыў доўга-доўга. Гулiвер нiчога не зразумеў, але на ўсякi выпадак кiўнуў галавой i прыклаў да сэрца свабодную руку.
Ён здагадаўся, што перад iм нейкая важная асоба, вiдаць, каралеўскi пасол.
Перш за ўсё Гулiвер вырашыў папрасiць, каб яго накармiлi.
З таго часу, як ён пакiнуў карабель, у роце ў яго не было нi крошкi. Ён узняў палец i некалькi разоў паднёс яго да губ.
Напэўна, чалавечак у плашчы зразумеў гэты знак. Ён сышоў з памосту, i зараз жа да бакоў Гулiвера прыставiлi некалькi доўгiх лесвiц.
Не прайшло i чвэрцi гадзiны, як сотнi згорбленых насiльшчыкаў пацягнулi па гэтых лесвiцах кашы з ежай.
У кашах былi тысячы буханак хлеба велiчынёй з гарошыну, цэлыя кумпякi - з грэцкi арэх, смажаныя кураняты - меншыя за нашу муху.
Гулiвер зараз праглынуў два кумпякi з трыма буханкамi хлеба. Ён з'еў пяць смажаных быкоў, восем вяленых бараноў, дзевятнаццаць вэнджаных парасят i сотнi дзве куранят i гусей.
Кашы хутка апусцелi.
Тады чалавечкi падкацiлi да рукi Гулiвера дзве бочкi з вiном. Бочкi былi велiзарныя - кожная са шклянку.
Гулiвер выбiў дно з адной бочкi, выбiў з другой i некалькiмi глыткамi асушыў абедзве.
Чалавечкi пляснулi рукамi ад здзiўлення. Потым яны знакамi папрасiлi яго скiнуць на зямлю пустыя бочкi.
Гулiвер падкiнуў абедзве разам. Бочкi перакулiлiся ў паветры i з трэскам пакацiлiся ў розныя бакi.
Натоўп на лужку расступiўся, гучна закрычаўшы:
- Бора мевола! Бора мевола!
Пасля вiна Гулiверу адразу захацелася спаць. Скрозь сон ён чуў, як чалавечкi бегаюць па ўсiм яго целе ўдоўж i ўпоперак, скочваюцца з бакоў, быццам з гары, казычуць яго палкамi i коп'ямi, скачуць з пальца на палец.
Яму вельмi хацелася скiнуць з сябе дзесятак-другi гэтых маленькiх чалавечкаў, якiя не давалi яму спаць, але ён пашкадаваў iх. Як-нiяк, а чалавечкi толькi што гасцiнна накармiлi яго смачным, сытным абедам, i было б няўдзячнасцю папераламваць iм за гэта рукi i ногi. I зноў жа, Гулiвер не мог не дзiвiцца з незвычайнай храбрасцi гэтых малюсенькiх людзей, што бегалi ўзад i ўперад па грудзях велiкана, якi мог знiшчыць iх усiх адной пстрычкай.
Ён вырашыў не звяртаць на iх увагi i, ап'янелы ад выпiтага вiна, хутка заснуў.
Чалавечкi толькi гэтага i чакалi. Яны наўмысна падсыпалi ў бочкi з вiном соннага парашку, каб гэты велiзарны госць заснуў.
4
Краiна, у якую занесла бура Гулiвера, называлася Лiлiпуцiя, а жылi ў гэтай краiне лiлiпуты.
Самыя высокiя дрэвы ў Лiлiпуцii былi не вышэй, чым у нас куст парэчак, самыя вялiкiя дамы былi нiжэй за стол. Такога велiкана, як Гулiвер, у Лiлiпуцii нiхто нiколi не бачыў.
Iмператар загадаў прывезцi яго ў сталiцу. Для гэтага Гулiверу i падсыпалi соннага парашку.
Пяцьсот цесляроў па загаду iмператара змайстравалi велiзарныя калёсы на дваццацi двух колах.
Калёсы былi гатовы за некалькi гадзiн, але ўзвалiць на iх Гулiвера было не так проста.
Читать дальше