Аднак у яго не было лiтасцi да Экмана, у думках ён iшоў следам за iм з канторы ў кватэру ў сучасным будынку, у зiхатлiвы туалет, у серабрыстую з пазалотай ванную, у залiтую святлом, застаўленую моднай мяккай мэбляю гасцёўню, дзе яго жонка бесперапынна шые куртачкi, штонiкi, каптурыкi i вяжа шкарпэткi англiканскай мiсii: Экман - узорны хрысцiянiн.
Шкляныя сцены купэ дрэнна захоўвалi цеплыню. Быў страшэнны холад, красавiцкая ноч нагадвала старамодную калядную вiншавальную паштоўку, якая зiхацiць iнеем. Майет зняў з кручка футру i выйшаў на калiдор. Цягнiк стаiць у Кёльне амаль сорак пяць хвiлiн - даволi часу, каб выпiць кубачак гарачай кавы цi келiх каньяку. А пакуль што ён можа, як i чалавек у плашчы, пагуляць па калiдоры.
Пакуль знешнi свет не адцягнуў яго ўвагу, Майет ведаў, што ў шпацыры па калiдоры з iм будуць нябачныя прывiды Экмана i Стэйна. "У Экмана, - думаў ён, абмываючы гарачай вадой брудны ўмывальнiк, - да ўнiтаза ланцужком прыкавана Бiблiя". Так, прынамсi, яму казалi. "Вялiкая, пашарпаная i па-сапраўднаму сямейная кнiга сярод срэбных з пазалотай кранаў i затычак, i гэтая Бiблiя сведчыла кожнаму, хто абедаў у Экманаў, што гаспадар - добры хрысцiянiн. Не трэба было рабiць ускосных намёкаў пра наведванне царквы, на пасольскага святара, варта было толькi яго жонцы спытаць: "Можа, вы хочаце памыць рукi, дарагая?" - цi яму самому па-сяброўску задаць тое самае пытанне мужчынам пасля кавы з каньяком. Аднак пра Стэйна Майет нiчога не ведаў.
- Вельмi шкада, што вы не выходзiце ў Будзе, калi вы так цiкавiцеся крыкетам. Мне надта цяжка набраць адзiнаццаць iгракоў на дзве каманды ў нашым пасольстве, - гаварыў чалавек, кiваючы галавой i махаючы рукамi, з тварам бледным i невыразным, як каўнер у святара, звяртаючыся да невялiкага, падобнага на пацука мужчыны, якi, скурчыўшыся, сядзеў насупраць. Гэты голас быў без жывых чалавечых iнтанацый, бо гучаў на калiдоры праз шкляныя зачыненыя дзверы купэ, калi Майет праходзiў мiма. Гэта быў той самы прывiд голасу, што зноў нагадаў Майету пра Стэйна, якi гаварыў па правадах даўжынёй у дзве тысячы мiль, пра той голас, якi выказваў надзею, што калi-небудзь будзе мець гонар прымаць мiстэра Карлтана Майета ў Канстанцiнопалi, пра той самы голас - прыемны, гасцiнны i невыразны.
Ён iшоў мiма купэ з сядзячымi месцамi ў вагоне другога класа. Мужчыны, зняўшы камiзэлькi, ляжалi на лавах, шчокi ў iх абраслi шчэццю. Жанчыны з лiнялымi валасамi, пакрытымi вязанымi сеткамi, такiмi самымi, як вязаныя з саломы карзiны на палiцах, раскiнулiся ў нязграбных позах: поўныя грудзi i вузкiя клубы, шырокiя клубы i худыя грудзi - усё безнадзейна пераблыталася. Высокая хударлявая жанчына прачнулася на iмгненне i жаласна паскардзiлася: "Пiва, якiм ты мяне пачаставаў, было проста жахлiвае. Страўнiк у мяне буркоча - ладу няма як". Насупраць сядзеў яе муж, з ухмылкай сачыў за яе заплюшчанымi ў сне вачамi, кiдаючы зрэдку позiрк на дзяўчыну ў белым плашчы, якая ляжала на лаўцы побач з iм. Адной рукой ён пацiраў няголеную шчаку, а другую крадком паклаў каля ног дзяўчыны. Майет запаволiў крок i запалiў цыгарэту. Яму падабалася зграбная постаць i твар дзяўчыны, крыху падфарбаваныя губы. Не скажаш, каб яна выглядала нейкай незвычайнай прыгажуняй, аднак тонкiя рысы твару, маленькая галоўка, вытанчаныя нос i вушы надавалi ёй асаблiвую вясёлую прывабнасць, якая нагадвае вiтрыну вясковай крамы на Каляды, поўную блiскучай мiшуры i немудрагелiстых квяцiстых сувенiраў. Майет успомнiў, як яна ўважлiва глядзела на яго з другога канца калiдора, i яму захацелася даведацца, каго ён ёй нагадаў. Ён быў удзячны дзяўчыне за тое, што ў яе позiрку не было нiякай варожасцi - яна не здагадвалася, як няёмка пачуваў ён сябе ў шыкоўнай вопратцы, якую можна купiць толькi ў самых дарагiх крамах.
Мужчына, якi сядзеў побач з дзяўчынай, употай паклаў руку на яе шчыкалатку i пачаў вельмi асцярожна перамяшчаць яе да калена. Адначасова ён сачыў за жонкай. Дзяўчына прачнулася i расплюшчыла вочы. Майет пачуў, як яна сказала: "Надта холадна", - i зразумеў па яе знешне ветлiвым, але насцярожаным тоне, што яна заўважыла толькi што адхопленую руку. Потым яна ўзняла вочы i ўбачыла, што Майет назiрае за ёй. Дзяўчына была тактоўная i цярплiвая, але, на думку Майета, ёй не ставала хiтрасцi. Ён разумеў, што цяпер яна ацэньвае ў думках яго якасцi i параўноўвае яго са сваiм спадарожнiкам, як бы прыкiдваючы, з кiм бы ёй было лепей: яна хацела пазбегнуць непрыемнасцей, - гэта прачытаў у яе на твары. I яго прывялi ў захапленне яе смеласць, кемлiвасць i рашучасць.
- Бадай што, пайду папалю цыгарэту, - сказала дзяўчына, шукаючы ў сумачцы пачак. Потым яна апынулася каля яго.
Читать дальше