— Не.
— Хм. «Не»? Як пан жадае, толькі я раіў бы пану ісці ўначы. Тыя, хвароба на іх, з вечара як ваўкі лазяць. Спачатку заўсёды мацней пільнуюць. Ведае пан што? — сказаў узводны пасля хвіліны маўчання. — Можа, пан пагадзіўся б, каб пана туды салдат перакінуў? Я маю ў мястэчку адну справу, вельмі пільную... Ну і таго. А пану ўсё роўна. Ну як?
Забаву гэта раззлавала, і адначасова бачыў у гэтым нямала смешнага.
«Цікава, каму жаўнер мяне перадасць? — падумаў. — Можа, якой бабе, а тая хлапчуку».
— Добра, — адказаў. — Толькі глядзі, пан паручнік, каб я апынуўся на той дарозе, якая вядзе да Менска.
Узводны ўзрадаваўся.
— Ну зразумела! Перакіне пана, дзе пан толькі пажадае. Бо мужык халер- ны! Мяжу ведае, як сваю кішэнь!
Нарэшце прыйшоў «халерны мужык». Гэта быў малы жаўнер, які накульгваў, у велізарных ботах. Меў задзёрты ўгару, пляскаты нос. Забаве ўвесь час здавалася, што жаўнер глядзіць на яго праз акно, прыціскаючыся да шкла канцом носа.
— Гэты? — нечакана грубым басам, што не пасаваў для маларослага выгляду, спытаў узводнага.
— Гэты.
— Добра. Шуруй сабе. Зраблю гэта, як бачыш! — цыркнуў праз зубы вузкім струменьчыкам сліны на сцяну будынка.
Засталіся адны. Сядзелі на даволі вялікай каменнай крушні пад высокай бярозай. Злева ад комплексу будынкаў батальёна было возера. У глыбіні далягляд, быццам рама, абрамляла чорная сцяна лесу. Жаўнер маўчаў. Забава быў стомлены доўгай вандроўкай і нядаўнім пешадралам. Цягам апошніх двух дзён не спаў зусім, таму вочы проста склейваліся.
Сонца хілілася на вечар. Стомленае і нібы выцвілае, яно ападала ніжэй да зямлі, заліваючы чырванню касых промняў мяккі, чысты, бледны блакіт неба. Зыркай чырванню запаліліся верхавіны дрэў і дахі хат. Завалакло золатам блакітную далеч. Атачыла сябе багатым, барвовым пасам, нядбайна раскіну- тым па-над зямлёй, далёка налева і направа. Стрэліла пурпурам высока ўгару. Сонца нібы булькнула за небакрай, яшчэ раз успыхнула, яшчэ і — патухла. Уздыхнуў вецер. Зашапталі трывожна чараты каля возера. Вада ў ім з чыр- вона-залатой зрабілася чорнай і пакрылася дробнай луской хваляў. Далягляд апрануўся ў жалобна-хаўтурны, цёмны фіялет.
Ноч крочыла па зямлі. Ішла, шырока раскідваючы шэрыя рызманы змяркання, пакрываючы ўсё мяккім, насычаным выпарэннямі, плашчом цемры.
Ціша.
— Можа, мы пойдзем? — спытаў Забава, будзячыся ад задумення. Ледзь- ве не заснуў, разамлелы цеплынёй і цішынёй вечара.
— Можна, — басам пагадзіўся жаўнер.
Ціха пасоўваліся наперад. Наблізіліся да лесу. Ішлі спачатку сцежкаю, а потым напрасткі. Жаўнер крочыў усё павольней. У адным месцы стаў. Азір- нуўся.
— За-а-раз, — прашаптаў здушаным басам.
Яшчэ цішэй пайшоў наперад і спыніўся за густым кустом ляшчыны. Паблізу звінела рачулка, нібы крадучыся па каменні між дрэў. Павольна перайшлі праз ваду, паглыбляліся ў некаторых месцах па пояс. Потым узбілі- ся на стромкі груд.
Жаўнер паказаў рукой кудысьці ўніз.
— Тамака, — шаптаў, — дзе агні. млы-ы-н, бальшавіцкая застава. Тут, — выкінуў руку перад сабою, — дарога на Менск. Я вяртаюся.
Праз імгненне расплыўся ў цемры.
Забава нейкі час стаяў нерухома. Глядзеў у кірунку млына, агні якога, быццам вочы звера, прытоенага ў лясным гушчары, жмурыліся ўдалечыні і зіхацелі чырвонай раз’ятранасцю. Выняў з кішэні спружынны нож, расклаў яго; дакрануўся пальцам ляза. Паволі выйшаў на дарогу і ціхім, але ўпэўне- ным, засяроджаным крокам рушыў наперад, злёгку нахіліўшы галаву, выпра- боўваючы вачамі тую кароткую прастору, якую мог бачыць у цемры.
Нервы былі прыгатаваны да хуткага дзеяння, цягліцы напружаныя. Штох- вілінна мог кінуцца наперад, каб ударыць нажом, або плітануць з дарогі ўбок і зашыцца, як звярок, у хмызняк.
Ішоў каля гадзіны. Дзівіўся, што дагэтуль не трапіўся ніводны мост. Памятаў, што ракаўскі шавец сказаў яму: «Да Краснага будзе пад вёрст пяць. А мастоў? Мастоў гэта мабыць з чатыры».
Забаве здавалася, што ён блукае, але ішоў наперад. Дзесьці здалёк да ягоных вушэй даляталі гукі песні. Напэўна, вясковыя дзяўчаты гулялі на веча- рынцы, спяваючы свае бедныя беларускія мелодыі; бедныя, як іх лёс, сумныя і журботныя, як іх жыццё.
Быў у дарозе больш за дзве гадзіны, калі заўважыў, хутчэй інстынктам, чым зрокам, нейкі рух перад сабою. За некалькі скокаў апынуўся на раллі і кінуўся ў баразну, зліваючыся з зямлёй. Неўзабаве яго мінулі, размаўляючы, тры вясковыя дзяўчыны. Забава падняўся і рушыў за імі.
— Скажыце, красоткі, ці далёка Краснае? — спытаўся, набліжаючыся да іх ззаду.
Читать дальше