Георгий Васильевич Марчук
Як нялёгка першы раз адчыняць за масіўную ручку цяжкія дзверы школы першакласніку і як лёгка адчыняць у апошнім класе гэтыя дзверы нагой — дзеля форсу, разумеючы, што гэта некультурна. Ратуючыся ад голаду, з Усходу прыехала ў школу маладая пара настаўнікаў. 3 адным чамаданам, вазонам фікусам, без мэблі і посуду. Усё іх здзівіла: і адносна ладныя хаты, і звычаі, і норавы людзей. А дзеці? Дзеці ўсюды аднолькавыя: цікаўныя, гарэзлівыя, непаслухмяныя і добрыя. Цікаўнасць пераходзць у веды, рухавасць — у самадысцыпліну, непаслухмянасць — у годнасць. Яны, гэтыя чужыя настаўнікі, слухаючы гаманлівых смуглявых жанчын і рана палыселых мужчын, не разумелі іх гаворкі: «Отакешаньке. Муло. Абу шчо». На «вялікім і магутным» даводзілі дзецям свае:
— Этнос. Стержень порядочности. Самообразование. Толерантность. Гармония. Духовность.
Адны пераходзілі з класа ў клас у чаканні новага адкрыцця свету, іншыя — у чаканні першага пацалунка. Але каб не на людзях. Барані Божа. 3 заплюшчанымі вачыма. У напапову цёмным калідоры, бо ў цёмны клас яна баіцца зрабіць крок. Каб класны кіраўнік 8 «А» не прыкмеціў, каб класная кіраўніца 8 «Б», яго жонка, не заўважыла. Вуліца выяўляе таленты, школа садзейнічае іх развіццю. На вуліцы воля была ўсёабдымнай: хочаш, гуляй у хованкі, у вайну альбо ідзі гнуць на першым лёдзе «рагожу», каб аж сэрца заходзілася ад рызыкі — ці трэсне лёд пад нагамі, ці правалішся, ці паспееш збегчы з палонкі. У школе ўсё іншае: свабода падпарадкоўваецца дысцыпліне і абавязкам. Хадзіць па веды яшчэ не ходзяць, не разумеюць, што веды палягчаюць жыццё, бо, як вучаць бацькі,— грашыма палягчаюць жыццё і толькі імі. Ідуць, каб атрымаць адзнаку па прадмеце, каб быць усім разам у класе, на танцах, на ўборцы бульбы, буракоў, кукурузы альбо на святочнай дэ-манстрацыі, на канцэрце. Бацькам спакайней, калі дзеці ў школе. Першая работа, хоць і грошай не плацяць.
Класныя не стамляюцца паўтараць:
— Навучыцеся бачыць прыгажосць і цаніць яе. Любіце Радзіму, упрыгожвайце яе сваімі талентамі.
У царкве што — натхняюць тых, хто ўпаў духам, настаўляюць на шлях дабрадзейнасці. Гарадчукі не наіўныя, але сентыментальныя. Што ёсць, то ёсць. У школе, неўпрыкмет сталеючы, увесь час круцішся вакол прывычкі да працы і вакол стрыжня прыстойнасці. Паміж сабой царква і школа тут не спрачаюцца. Усе дзеці хрышчоныя, дома ўсе вераць у Бога, а ў школе робяць выгляд, што згодны з гісторыкам-атэістам.
— Только благодаря атеизму человечество приблизило прогресс.
Прастора замкнутая… але душы не ўтрымаць — яна недзе высока і вольна лунае па-за межамі класа. Над вухам, як надакучлівая муха, лётаюць словы пра геаметрычныя фігуры і матэматычныя формулы (каб яны былі праклятыя), а перад акном расцвіў бэз… з радыё, якое вісіць на слупе «хіміі» машынна-трактарнай станцыі, далятае сюды неўміручая мелодыя «Бесаме муча». Нудзіцца душа. Разамлела цела. Цягне невядома куды, але ж упарта цягне. Хутчэй бы гэты апошні званок…
Ніхто за вушы ў выдатнікі не цягне. Здольныя ад прыроды да навукі ў пяцёрачнікі выб'юцца самі. Калі ж падчас канікулаў інтарэсамі завалодвае Дом піянераў — там більярд і танцы ў паўзмроку, — школа з цёмнымі вокнамі выгляд мае непрыкметны, аж жахліва. Нічога так яе не зневажае, як адсутнасць званкоў і дзіцячых галасоў.
У маладой прыгожай пары класных кіраўнікоў нарадзілася другая дачушка. Ехалі часова, каб перакантавацца год-другі, ехалі без цёплага сподняга і зімовай шапкі. У вайсковым галіфэ і фрэнчы ён хадзіў на ўрокі аж восем гадоў. Неўпрыкмет перабраліся з цеснай камуналкі ў сваю хату. Купілі ровар, лодачны матор «Вихрь» і тэлевізар. Патроху звыкліся з мясцовым людам, які не разумелі і не ўсё прымалі. Цяпер жа на «конікі» самі настаўнікі апранаюць маскі Чорта, Дзеда, Бабы, Казы, Мядзведзя, Коніка, улазяць у старыя лахманы, мяняюць галасы і ходзяць у марозную ноч калядаваць, спяваючы «Шчодры вечор». Ідуць у хату да бацькоў сваіх дзяцей. Ніхто і не здагадваецца, адкуль «конікі», з якіх кварталаў: з Аселіцы, Мельнікаў, Гары, Вугоня, Наваселля, Радзічаў? А гэта ўсходнікі — нязломныя атэісты. Смеху варта. Фізік Ёшка любіў апранацца ў цыганку. Для сугрэву ды каб весялей было возьме сто грамаў белай. Трыццаць — пяцьдзесят хат пакуль з віншаваннем абыдзеш, збіраючы харчы і грошы, натомішся, як трактарыст на ворыве.
— Так. Стоп. Дзяўчаты направа, хлопцы налева. А ты куды, Ёшка? За дзеўкамі? Забыўся, кім нарадзіўся? Аёй, аёй…
Читать дальше