Кнігу «Нельга забыць» вышэй я назваў шматпакутнай. Паміж яе часопіснай публікацыяй і першым асобным выданнем прайшло больш за дваццаць гадоў. Перачытваеш цяпер і дзіву даешся, чаго, за што, навошта чапляліся да кнігі адкрытыя ды закрытыя выдавецкія рэцэнзенты, куды глядзела само выдавецтва, чаму не больш настойліва змагалася за правы таленту пісьменніцкая грамадскасць? Раман «Каласы пад сярпом тваім», у якім з дыстанцыі, пры перачытванні, яшчэ больш удзячна бачыцца ва ўсёй гістарычнай грунтоўнай эпічнасці яшчэ і чыстата, шчырасць захаплення, мудрасць высокай чалавечнасці, - раман гэты трэба было прабіваць згуртаванымі сіламі літаратараў і навукоўцаў. З няменшым націскам прабіванне ішло і ў Маскве, дзе ў адным шаноўным выдавецтве мне давялося пачуць, што Караткевіч, - аўтар двухтомных «Каласоў...», «Дзікага палявання караля Стаха», яшчэ некалькі ёмкіх аповесцей, многіх яркіх апавяданняў, вершаў, нарысаў, п'ес, - што Караткевіч, бачыце, «не дарос да асобнай кнігі»!.. Такога могуць дамагчыся крыкуны ды шаптуны, зайздроснікі ды «знаўцы»!.. Крыху пазней паэтычная аповесць, а то і паэма ў прозе - «Чазенія», першая Валодзева кніга прозы ў перакладзе на расейскую мову, пабіла ўсе шматгадовыя рэкорды па колькасці чытацкіх пісьмаў у выдавецтва «Молодая гвардия» і, дзякуючы гэтаму выданню на мове нашых братніх кантактаў, неўзабаве сіганула за Пірэнеі, да чытача іспанскага.
Тут дарэчы будзе згадаць, як добра, хутчэй, чым у іншых краінах, Караткевіч быў зразуметы, прыняты ў залатой, скарынаўскай Празе. Мне жыва помніцца гордае адчуванне сяброўскай, зямляцкай радасці, нябрыдкай зайздрасці, з якімі я прыняў з рук дырэктара выдавецтва «Svoboda» важкую, багата ілюстраваную таміну рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Раман гэты, як і «Дзікае паляванне...» і «Нельга забыць» (раней чым дома!) выйшлі ў Чэхіі ў дабротным, як ацэньваюць знаўцы, перакладзе - з арыгінала - нашага добрага і нястомнага друга Вацлава Жыдліцкага.
Цяжкасці, перашкоды... Усё такое ды падобнае трэба было пераносіць чуламу сэрцу, вострай сумленнасці, абражанай годнасці чалавека і мастака. Аднаму, у горкай самоце, з роднымі і сябрамі, дзе былі і мудрая падтрымка, і бездапаможнае спачуванне, і шкоднае перазахвальванне з застольных вуснаў спачувальнікаў не вельмі шчырых або проста і недалёкіх, а гэта ж і для моцнай, мэтанакіраванай натуры можа стаць згубным...
Валодзя быў моцны не толькі духам. Я бачыў, як ён нястомна плаваў у сваім рагачоўскім Дняпры, у Чорным моры пры васьмі-сямі градусах, мы з ім нямала пахадзілі па сцежках горных і нізінных. Рыбак, і летам, і зімой, надрэчны вогнепаклоннік; і ў мора хадзіў з рыбакамі як свой чалавек. Зацікаўлены, цягавіты, вясёлы ў сваёй дужасці - такі ён быў і, здавалася, будзе заўсёды...
А потым малады знаёмы медык ціха расказваў мне пра апошнія дні і гадзіны свайго пацыента, цану якому ведаў і ён. У Валодзі не было ўжо ні ціску, ні пульсу, а ён яшчэ ўсё гаварыў з дзяжурным доктарам. І гэта яшчэ раз сведчыць, наколькі дух нашай добрай надзеі заставаўся мацнейшым за цела, так заўчасна зняможанае, загубленае навалай неабавязковай немачы.
Цяжка пра гэта гаварыць...
І я не мог. Два месяцы не мог пісаць далей пачатае. А вось перачытаў яго і захацелася сказаць:
Смейся, мой слаўны, і спявай, як мы смяяліся і спявалі, асабліва ў дарозе!
Трохі свайго я ўжо расцерушыў у надрукаваным (з апошняга - «Адкрытка» ў кнізе «Сёння і памяць»), мала сказаўшы пра Валодзеву шчырую, натуральную паэтычнасць, прастату і складанасць, дзіцячую схільнасць да смеху, часамі крыўдлівасць, таксама ледзь не дзіцячую, лёгкую ранімасць, што ніколі не затойвалася ў недастойнай помслівасці, пра яго юначы рамантызм і сталае высакародства, што пераходзіла сяды-тады ў крыху пацешнае рыцарства, як быццам ён пазычаў яго ў сваіх гістарычных герояў.
Пра некаторыя з нашых падарожжаў ён пісаў. З ім нялёгка спаборнічаць - столькі зоркага вока, вернай рукі, безагляднай свабоды і добрага сэрца ў яго то, здаецца, зашчодрых, то заскупых, аднак заўсёды яркіх, дакладных штрыхах.
У дарозе мы маладзеем, часамі нават дзяцінеем, ці што. Ад адчування свабоды, палёту ў новае, якога ў нас наперадзе - так верыцца - вельмі многа.
Стары, маўклівы шафёр, чалавек практычна-хітраваты, і Валодзева мама, таксама старая, інтэлігентная жанчына, маглі аднойчы, майскай ранняй раніцай, кожны па-свойму здзіўляцца, недаўмяваць, што гэта вычвараюць тры дарослыя пісьменнікі, едучы з Менска на многа дзён з намерам рабіць у гэтай самакамандзіроўцы штосьці сур'ёзнае?..
Читать дальше