Вы памыляецеся, калі мяркуеце, што ў аснове маіх дзеянняў ляжаў нейкі грунтоўна распрацаваны лагічны план. Я зыходзіў з таго, што ў алагічных умовах любая сістэма непазбежна дасць збой, а таму трэба разлічваць на імправізацыю. Карацей кажучы, я заняў кругавую абарону і, намацваючы ў праціўніка слабое месца, ладзіў вылазкі адразу на ўсіх напрамках.
Пра некаторыя з доследаў я ўспамінаю са з'едлівай усмешкаю. Ну, напрыклад, пра белыя з зялёным паскам пачкі цыгарэтаў «Ріеrе Саrdіn», якія я - то нераспячатаныя, то знарок пачатыя - пакідаў, адыходзячы з дому, дзе-небудзь навідавоку, як бы запрашаючы пачаставацца. Яшчэ наіўнейшым было нацягванне ў пакоі і ў калідорчыку нітак. Зрэшты, трэба зазначыць, што і ніткі, і цыгарэты заўжды заставаліся нечапаныя, што ніяк не ўплывала на з'яўленне ці адсутнасць у кватэры ментолавага паху. Пачак быў непачаты і тады, як я знайшоў свежы недакурак.
Папярэднія радкі могуць павеяць на вас легкаважнасцю, ды такое ўражанне будзе бясконца далёкае ад рэчаіснасці. Дастаткова сказаць, што я пачаў курыць. Гэта мела, праўда, і чыста практычны сэнс, бо, каб пазбыцца наслання з пахамі, я курыў толькі ментолавыя цыгарэты. Я ўступіў у гульню, але не ведаў ні яе правілаў, ні ставак, хоць увесь час адчуваў, што стаўкі будуць высокія.
Паўтараю, я дзейнічаў непаслядоўна і навобмацак, аднак цяпер, калі дагарае кастрычнік, эксперыменты паддаюцца сістэматызацыі.
Першую іх групу я ўмоўна назаву тэлефоннай. Наогул, тэлефон паводзіў сябе бездакорна. Не лічачы пары памылковых званкоў, ён гаварыў выключна грудным, з лёгкім прыдыханнем Наташыным голасам. Мая сяброўка ні аб чым не здагадвалася, а дзякуючы майму курэнню не мела падставаў і для звязаных з ментолавым пахам падазрэнняў. Прызнаюся, што я пачуваўся досыць самазадаволена: я жадаў яе і, не зважаючы ні на што, рытуал нашых спатканняў не зазнаў аніякіх зменаў - ад дзвюх неадменных пляшак да выбару маршрутаў на падсветленай мапе Эўропы. Божа мой, якое гэта цяпер мае значэнне... Безумоўна, нельга было абмяжоўвацца адным назіраннем за тэлефонам. Я рэгулярна набіраў свой нумар з аўтамата ў час праходак. Кватэра адказвала доўгімі гудкамі. Часам чуліся кароткія, ды гэта нічога не значыла, бо тэлефон быў спараны з суседскім і, калі там размаўлялі, на маім працаваў блакіратар. Разоў колькі я накручваў дыск тэлефона-аўтамата ў пэўных камбінацыях: адлічваў дзесяць доўгіх сігналаў, якім адпавядала роўна столькі ж званкоў майго белага апарата на куфры, вешаў трубку, зноў набіраў нумар і адлічваў яшчэ дзевяць, наступным разам - восем, затым - сем... Я пасылаў свайму верагоднаму госцю сігнал: падазраваю, што ты ў мяне, чаму б табе не адгукнуцца... Вынік заўсёды быў аднолькавы.
На куфры я прыціснуў масянжовым Шывам цыдулку прыкладна з такім зместам: хто б вы ні былі, прашу папярэджваць пра візіты загадзя, каб у нас не ўзнікала двухсэнсоўных сітуацый. Мяркуючы па свежым цыгарэтным дыме, маё пасланне прачыталі і - пакінулі без адказу.
Гэтаксама безуважна госці паставіліся да «забытых» на стале запасных ключоў.
Нічога новага не паведаміў замаскаваны сярод кнігаў мініяцюрны магнітафон.
Найбольш казыталі нервы эксперыменты з дзвярным «вочкам». Выпраўляючыся на вечаровую прагулянку альбо ідучы праводзіць Наташу, я не выключаў у калідорчыку святла, а вярнуўшыся, націскаў на гузік званка. Мой ненадзейны плюшавы вартаўнік абзываўся насцярожана-вінаватым брэхам, а я, міжволі сцяўшыся, да болю ўваччу ўтаропліваўся ў «вочка», пасярод якога гарэла светлая кропка. Яна магла пагаснуць у двух выпадках: калі б хтосьці выключыў святло або прынік да «вочка» з таго боку дзвярэй. Кропка не пагасла ні разу.
Перад сном я таксама карыстаўся паслугамі «вочка», але ўжо знаходзячыся ў больш выйгрышнай пазіцыі. Накінуўшы на дзверы ланцужок, я прыкладваўся да «вочка» і аглядаў зведзеныя лінзаю ў цеснае кола аб'екты: дзверы дзвюх суседніх кватэраў, пляцоўку і край лесвічнага марша. Там было пуста, аднак колькі разоў у мяне ўзнікала неадчэпнае адчуванне, што гэтаксама ўважліва, як я, у той самы момант хтосьці глядзіць на мяне ў сваё «вочка», быццам бы гэта я стаю на пляцоўцы перад зачыненым уваходам. Прычым, калі давяраць чуццю, мой контрназіральнік знаходзіўся ў мяне за спінай. Перамагаючы страх, я рэзка азіраўся і са змрочнай іроніяй казаў сам сабе: «Мой дом - мая фартэца».
Самую значную групу эксперыментаў складалі звязаныя з прайгравальнікам. Адсюль цягнулася тонкая нітачка хоць да нейкага тлумачэння сітуацыі, закладнікам якое я аказаўся. Факт заставаўся фактам: упершыню ментолавы пах матэрыялізаваўся ў пакоі, калі я купіў кружэлку Шапэна.
Читать дальше