Апошнім часам я часта звяртаюся да свайго з'яўлення тут, у старой аднапакаёўцы, якая... Мне хацелася напісаць нешта накшталт, «якая адыграла ў маім жыцці такую ролю», аднак роля працягвае іграцца, і я магу памыліцца ў вызначэнні парадкавага нумара дзеі. Урэшце, сама зацяганая метафара тэатра выглядае тут недарэчнай, хоць я і маю падставы назваць гаспадара кватэры акторам. Але цяпер, калі падзеі таго дня, а праўдзівей, той размовы, адрэстаўраваныя да паўтонаў і запісаныя ў памяці нібыта на відэастужку, якую можна спыняць, адкручваць назад альбо пускаць на запаволенай хуткасці, я магу сказаць, што актор ён быў кепскі. Ужо адзін спалоханы ўздрыг, калі на кухні ўключылася лядоўня... Альбо мізансцэна з трэцяй параю ключоў... Хоць гэта яшчэ як паглядзець...
Ён стаяў вось там, каля майго адзінага вакна. Няўжо ён імкнуўся захінуць сляды, пакінутыя на падваконні лапамі вераўчанае лесвіцы? А мо спадзяваўся схаваць іх ад самога сябе, як, дарэчы, і пакінуты мне ў спадчыну прайгравальнік? Наогул, цяпер мне здаецца, што - асэнсавана або інтуітыўна - ён рухаўся па кватэры дакладна вызначаным маршрутам, што дазваляў не сарвацца і давесці гаворку да канца, каб ніколі больш са мною не бачыцца.
Ён быў прыкладна майго веку, меў нервовы твар і раннюю сівізну. Я чамусьці падумаў, што такія людзі схільныя да інфарктаў. Дадаць да гэтага невыразнага партрэта мне, бадай, няма чаго. Ну, можа, яшчэ ягоную худзізну, якую я, памятаецца, спачатку з прыхільнасцю назваў сам сабе шляхетнаю.
Сустрэўшыся з ім на вуліцы, я прайшоў бы міма - не пазнаўшы ці не захацеўшы пазнаць яго.
Кватэра, якую я вырашыў наняць, знаходзілася ў тым раёне, дзе з сучаснай забудоваю суседзілі зялёныя выспы старога патрыярхальнага горада. Няроўны брук з чародкаю козаў і цяпер успрымаецца там больш натуральна за асфальт з тралейбусам. Відаць, гарадская геаграфія і сталася галоўным аргументам, бо ў тыя дні я меў цвёрды намер бараніць сваю адзіноту і найперш шукаў спакою.
- Там, за паркам, - гаспадар кватэры паказаў у вечаровае вакно, - мяжа горада.
- Мяне гэта не палохае. Вальтэр пісаў, што літаратар павінен жыць паблізу мяжы, каб зручней было ратавацца.
- Вы літаратар? - не падтрымаў майго тону, але відавочна зацікавіўся ён.
Вылаяўшы сябе за легкадумна рассакрэчанае інкогніта, я няпэўна кіўнуў. Згадка пра род маіх заняткаў, безумоўна, была лішняю.
- У такім разе... - з выцвілай усмешкаю загаварыў ён і не скончыў.
Яго манера размовы пачынала раздражняць. Грошы ўжо ляжалі ў ягонай кішэні, а брыжык з ключамі - у маёй. Я мог без абмежаванняў карыстацца кнігамі і пастараўся запомніць колькі непазбежных у такіх выпадках дробных парадаў наконт замкоў, ваконных зашчапак і талонаў на электрычнасць. Усе інструкцыі былі прамоўленыя скорагаворкаю, а заплачаныя мною грошы засталіся непералічанымі. Яшчэ хвіліну таму ён выдаваў чалавекам, што хоча як найхутчэй развязацца з не надта прыемным клопатам. Але зараз загучала новая, незразумелая мне нота.
- Увосень парк проста чароўны. Асабліва клёны...
Жывучы тут, ён павінен быў ведаць, што гэта не зусім парк, а - старыя лютэранскія могілкі, па якіх гадоў дваццаць назад праехаліся бульдозеры. Я не палічыў патрэбным дзяліцца сваімі ведамі і конча ўпэўніўся, што размова здоўжыцца.
- Вы збіраецеся жыць адзін? - запытаўся ён і папрасіў дазволу закурыць.
Просьба падкрэслівала мой новы статус і таму спадабалася, пытанне - не.
Ён зняў з кніжнай паліцы масіўную металёвую попелку - змрачнаватую чортаву галаву з адбітым рогам і глыбокімі пустымі вачніцамі.
- Гэта для вас істотна? - вярнуўся я да пытання, з кім збіраюся жыць.
- Ва ўсякім выпадку не ў такой ступені, як для вас, - адказаў ён і, імгненна ўсвядоміўшы абсалютна неадпаведную сітуацыі рэзкасць, перапрасіў.
Якраз тады ўключылася лядоўня. Ён зацкавана здрыгануўся і, спалатнеўшы, выпусціў з пальцаў цыгарэту. Гэтага хапіла, каб уся мая ўквеленасць знікла, і я, як са мною часам здараецца пры сустрэчы з чалавечай слабасцю, адчуў такі прыліў шкадавання, што не прыдумаў нічога лепшага, чым паведаміць пра свой развод і прагу самотнага супакою.
- Як вы сказалі? Не хочацца пражываць чужое жыццё? - з дзіўнай інтанацыяй паўтарыў ён і строс попел у адну з чортавых вачніцаў. У ягоных тонкіх пальцах яшчэ не сунялася дрыготка. - Ну, тады ў вас...
Трымаючыся сваёй завядзёнкі, ён абарваў фразу і нечакана выняў другі камплект ключоў.
- Ведаеце, я пакіну вам і іх. Магчыма, у вас усё-такі хто-небудзь з'явіцца.
Читать дальше