Так, варта было выйсці з дому, прабегчы сотню крокаў, і ты як быццам трапляў у іншую краіну - з яе моваю, з яе абліччамі і імёнамі, нязвыклымі звычаямі і стравамі.
Неадменнаю часткаю гэтай краіны, над якой дзьмулі далёкія гарачыя вятры, быў дзядзька Грыша Цымерман, што сядзеў на лавачцы каля дагледжанага, пафарбаванага ў тэракотавы колер дамка і задуменна глядзеў выцвілымі лавандавымі вачыма на стогадовую таполю.
Удзень бацька Вовы Цымермана працаваў шаўцом у будцы каля першай у Полацку крамы самаабслугоўвання. Увечары, перш чым выйсці са свайго прапахлага скураю і клеем закутка, каб паглядзець на таполю, ён таксама працаваў шаўцом. Асабліва захапляла мяне тое, як па-цыркавому спрытна дзядзька Грыша выплёўваў з рота маленькія цвічкі і адным снайперскім ударам заганяў іх у належнае месца. На вайне ён служыў у артылерыі, атрымаў кантузію, і кожны год, на схіле лета, яго апаноўвала замарачэнне. Ён рабіўся гаваркі, апавядаў, як выпіваў з маршалам Жукавым і бачыўся на перадавой з самім Сталіным, а разышоўшыся, пачынаў выгукваць артылерыйскія каманды. Тады дзядзьку забіралі на месяц за Дзвіну, дзе ў колішніх мурах братоў-бернардзінаў месцілася вар'ятня. Хворых лекавалі там не толькі медыкаментамі, але і псіхатэрапіяй. Напрыклад, калі медыкам спатрэбілася цэгла, бабінец кляштарнага сабора разабралі, а косткі з пахаванняў пад ім раскідалі проста пад нагамі ў пацыентаў.
Пасля лекаў дзядзька Грыша да наступнага жніўня губляў усю ваяўнічасць, рабіўся ціхмяны ды лагодны і штовечар займаў звычную пазіцыю насупраць таполі. Ягоныя адносіны з гэтым дрэвам прыводзяць мне на памяць пачуцці, што звязвалі палкоўніка Аўрэліяна Буэндыя з каштанам, уткнуўшыся ў які лбом герой Маркеса назаўсёды развітаўся з нашым светам.
Калі ў гады «развітога сацыялізму» дамы, лавачкі і гародчыкі на Рабочых вуліцах пазносілі, а таполю спляжылі і, прычапіўшы тросам да бульдозера, кудысьці адвалаклі, Цымерманы атрымалі кватэру ў дзевяціпавярховіку побач з іхнім былым падворкам. Дзядзька Грыша штовечар уладкоўваўся каля вакна на пятым паверсе і да цёмнага глядзеў у той бок, дзе некалі шамацела лістотаю ягоная таполя. Думаю, у тыя хвіліны ён па-ранейшаму сядзеў на выслізганай азадкамі лавачцы пры цёплай тэракотавай сцяне. У новай кватэры ніхто ўжо не пачуў ад яго ні ўспамінаў пра Жукава, ні артылерыйскіх камандаў. Не дачакаўшыся жніўня, дзядзька Грыша аднойчы адчыніў вакно.
Але я забягаю наперад. Да вакна, праз якое Воваў бацька задуменна ступіў у любы яму зруйнаваны свет, яшчэ заставалася палова дзяцінства.
Мы пераходзілі з класа ў клас, пачыналі чытаць братоў Стругацкіх і Брэдберы, пісаць любоўныя цыдулкі і ціскаць іхніх адрасатак у школьным гардэробе. Мне падабалася поўненькая аднакласніца Поля Кругляк. У шостым класе я колькі разоў падводзіў яе дахаты і прапаноўваў «дружить». Поля чырванела, апускала вочы і, картавячы «р», ціха казала, што яна згодная толькі на сур'ёзныя адносіны. Я не ведаў, што такое сур'ёзныя адносіны, і маркотна пазіраў услед поўным Поліным нагам, падобным да літровых малочных бутэлек.
Да Сімачкі Музыкант Полі было, безумоўна, далёка, аднак Сіма з бацькамі ўжо з'ехала ў Ізраіль. Выправілася на гістарычную радзіму і шмат іншых суседзяў. З'ехалі Шэфы з сынам Іллюшам, маім аднагодкам, што меў не надта, відаць, зручную для ізраільскага грамадзяніна мянушку з нейкім арабскім прысмакам - Мустафа Ягло-Ягло. З'ехалі Кацнельсоны са сваім Мішам, мянушка ў якога (прышчэпленая, дарэчы, Фімам-забойцам) была шматкроць даўжэйшая, велягурысцейшая і дзіўнейшая - Мабута Чомба Лэя Пінзя Скавародкін.
«Жиды редеют, а ряды жидеют», - са злосцю зацятага антысеміта казаў школьны ваенрук Іван Кірылавіч, што на занятках па грамадзянскай абароне вучыў нас з малалецтва карыстацца супрацьгазам, які аднойчы назваў таямнічым словам «гандон». Я не разумеў ягонае злосці. Мне было шкада аднакласнікаў, што назаўсёды знікалі з майго жыцця разам з мянушкамі, бацькамі, брацікамі і сястрычкамі. У шостым класе афіцыйных габрэяў у нас засталося ўсяго трое - Поля Кругляк, Марк Альтбрэгін, якому я пякуча зайздросціў, бо ў яго дома было ажно два тэлевізары, і Бора Гасіль.
Бору я не зайздросціў. Выконваючы піянерскае даручэнне, я падцягваў яго па матэматыцы.
Падцягванне Боры адбывалася даволі цікава. Мы займаліся на кухні, дзе плаваў настоены пах смажанай цыбулі, за сталом, засланым белаю цыратай у блакітныя краткі. Трэба сказаць, што з маіх тлумачэнняў Бора ніколі нічога не разумеў дый не імкнуўся зразумець, а ўвесь час прапаноўваў згуляць у настольны футбол. Ён працягваў вучыцца па матэматыцы на стабільны дваяк, але я ўпарта прыходзіў да Боры зноў і зноў. Апрача масляных плямаў на сшытках для практыкаванняў, я заўсёды нёс у кішэні жменю дарагіх цукерак кшталту «Мишка на севере», атрыманых ад Боравай маці ў якасці незаслужанага ганарару. Плюс гульня ў настольны футбол. Плюс кучаравая Борава сястра Фірка, якая хвалявала маё сэрца не меней за Полю Кругляк.
Читать дальше