Яшчэ за тыдзень да Калядаў Гасцявiк замовiў у рэстарацыi ментолавы торт.
У Гасцевiка быў хворы страўнiк, i таму, баючыся непрыемнага паху, якi iшоў з рота, увесь час трымаў пад рукою мятныя таблеткi, жавальныя гумкi дый цукеркi-ледзянцы. Паступова мята i ментол перакачавалi ў розныя стравы, i рацыён Гасцевiка цалкам прапах "халадком". Дайшло i да вынаходнiцтва — быў створаны новы прахаладжальны напой: мятная гарбата з дробна накрышаным лёдам.
Заказны торт выйшаў выдатны, за калядным сталом яго хвалiлi ўсе.
— Я даўно не каштаваў нiчога падобнага, — сказаў Гасцевiкоў даўнi таварыш, на круглым твары ў якога граў здаровы румянец.
— Нiколi не думала, што i сярод сучасных мужчын сустракаюцца гурманы, здатныя знаходзiць кулiнарныя дзiвосы, — выказалася таварышова жонка.
Тры дачкi пагодкi: 15-, 14— i, адпаведна, 13-гадовая вельмi шматслоўна гаварылi пра мятны торт.
— Кухар, якi выпякаў торт, сапраўдны мастак. Яблыневыя лiсцiкi, вылепленыя з крэму, выглядаюць зусiм як жывыя, ад iх павявае свежасцю ды вясной. Спадзяюся, тата абавязкова возьме адрас кухара i замовiць на мой дзень нараджэння такi ж самы шэдэўр, — сказала старэйшая з дачок.
— Пасля такiх слоў мне няёмка прасiць бацькоў заказваць торт i на свой дзень нараджэння, таму я вельмi ўзрадуюся, калi на свяце ў маёй старэйшай сястры ўрачыста прыбраны банкетны стол будзе ўпрыгожаны такiм цудоўным тортам, — сярэдняя сястра манерна, адставiўшы мезенец, узяла срэбную лапатку i паклала на свой сподачак яшчэ адзiн кавалак торта.
Пакуль жонка даўняга сябра разлiвала гарбату, Гасцявiк адчуў страўнiкавы дыскамфорт, яму здалося, што пачаў расцякацца па пакоi малапрыемны пах. "Гэткi саладжава-цвiлы дух у самотных мужчын. Пэўна, так патыхала ад пустэльнiкаў. Мусiць, такi смурод сыходзiў ад святога Антонiя. Жах у тым, што смурод ты глытаеш нават не хочучы. І нябожчыкi былi б не такiя страшныя, калi б не даводзiлася ўсмоктваць у сябе часцiнкi раскладзенага цела. Як я разумею людзей, што ўлiваюць у горла паўшклянкi гарэлкi перад тым, як iсцi на пахаванне..." — падумалася Гасцевiку, i ён, не пытаючыся дазволу, налiў сабе поўную чарку каньяку.
— Прашу прабачэння, — занепакоiлася гаспадыня. — Мы зусiм забылiся на нашага шаноўнага госця. Трэба ўсiм налiць па чарачцы i выпiць за цудоўны торт.
Жонка гаспадара першая пасля Гасцевiка адчула небяспеку. Яна не магла дапяць, адкуль сыходзiць бяда, але чула яе сэрцам. Ва ўсiх трох дачок уадначассе зрабiлася цяжка на сэрцы, i яны хуценька, папрасiўшы прабачэння, пакiнулi гасцёўню. Толькi стары прыяцель Гасцевiка са смакам даядаў iндычыны смажаны кумпячок. Ружовы румянец залiваў усмешлiвыя шчокi.
"Ён так цудоўна выглядае, так свежа, як нiколi за апошнiя два гады", — падумалася жонцы гаспадара, i яна супакоiлася.
А вось Гасцявiк наадварот расхваляваўся. Ён не зводзiў вачэй з даўняга таварыша, якi паядаў iндычыну з воўчым апетытам. Гасцевiка пачала бiць дрыготка, ён зразумеў, што прыяцель памрэ, калi не сёння, дык заўтра. Гасцявiк пачуў ледзянiсты дух смерцi, ён быў падобны на водар першага снегу.
Праз тыдзень Гасцявiк атрымаў тэлеграму, у якой паведамлялася, што таварыш памёр.
Гасцявiк прынёс да труны букет калаў, цалаваць нябожчыка ён не стаў, бо бачыў у гэтым традыцыйным учынку прыхаваны акт канiбалiзму.
Удава i дочкi-сiроты, слухаючы Гасцевiковыя спачуваннi, перамiргнулiся, бо пачулi лёгкi водар спiрту з ментолам.
LXII. ВАНІТНІЦА
Ванiтнiца запрасiла мужчыну на Новы год. Нават лёгкага намёку на нейкую эротыку ў запрашэннi не было:
— У мяне збяруцца чалавек 10-12, i калi не будзе куды прыткнуцца, то прыходзь.
Мужчына ведаў пра сталага палюбоўнiка, якi абавязкова ўзнiкне за навагоднiм сталом, таму ўспрыняў запрашэнне як знак ветлiвасцi.
Праводзiны Старога года, як i сустрэча Новага ў Ванiтнiцы праходзiлi феерычна — танцы на крэслах, пабiты посуд, сцэны рэўнасцi, хапанне за нож i спроба гаспадынi выкiнуцца з акна... Скончылася феерыя ўцёкамi сталага палюбоўнiка i раз’ездам гасцей на страшэнна дарагiх таксоўках.
У вынiку мужчына апынуўся пад адной коўдраю з гаспадыняй растрыбушанай кватэры.
У Ванiтнiцы былi доўгiя цёмныя i прамыя валасы, круглы дагледжаны твар з круглымi чорнымi вачыма i доўгае, як у мадонны Пармiджанiна, цела.
Мужчына, па ўсiм вядомай прычыне, пачаў дамагацца пяшчоты ад вытанчанага, але халоднага, як маньерыстычны жывапiс таго ж Пармiджанiна, цела. І калi круглатварая i доўгавалосая галава прыязна ўсмiхалася, дык усё астатняе ляжала плазам. Мужчына рабiў усялякiя вядомыя яму намаганнi: лашчыў маленечкiя вострыя грудзi, гладзiў сцёгны i гарачы нiз жывата, выводзiў пальцам спiралi ад лабка i да пупа. Але Ванiтнiца заставалася безуважная, толькi цьмяная ўсмешка ўсё нiяк не знiкала з пабялелага твару.
Читать дальше