— А я ложак не паспеў заслаць, — сказаў гаспадар, як пабачыў прыбраную кухню.
— Ты зараз iдзеш на працу? — спыталася жанчына.
— Не пайду, затэлефаную i вазьму бiблiятэчны дзень.
— А ў мяне самы звычайны адгул.
"Загул, — падумаў гаспадар, — самы звычайны загул. І трэба, каб ён працягнуўся". Ён разлiў кiпень па кубках.
— Ты, напэўна, не выспалася на падлозе?
— А чаму ты пытаешся?
— Гэта праўда, што твой сябра з мiнiстэрства ўнутраных спраў?
— А якое гэта мае значэнне?
— Калi ў цябе выхадны, дык можаш легчы на мой ложак i паспаць.
— У тваёй прапанове эратычны падтэкст?
— Я не падумаў, але, калi мужчына застаецца з жанчынай, у кожным слове, напэўна, ёсць падтэкст.
— Сапраўды, а чаму не паспаць у выхадны дзень? Занятак не з горшых, — сяброўка начнога Госця памыла кубкi.
Мужчына i жанчына леглi ў ложак. Ён паклаў руку ёй на жывот. Яна абняла яго i прытулiлася ўсiм целам. Мужчына гладзiў жаночую спiну. Раптам у вiтальнi падаў голас дзвярны званок. Гаспадар адхiнуў палюбоўнiцу, устаў i на дыбачках прайшоў у вiтальню. Праз дзвярное вочка ён убачыў азызлы твар Госця.
"Колькi можна хадзiць? Нi канца, нi краю. Ну, колькi можна хадзiць i збiваць кайф? Не адчыню, i канец!" — падумаў гаспадар i вярнуўся ў ложак, дзе адчуў, што ўжо не хоча жаночай пяшчоты.
XXVІІ. НЯБОЖЧЫК
На памiнкi я патрапiў выпадкова. Ну, не зусiм выпадкова, бо ўсё ж ведаў Нябожчыка — колькi разоў сядзелi i выпiвалi за адным сталом. Але i памiнкi былi не зусiм памiнкi, бо сабралiся толькi аднакурснiкi Нябожчыка, нi мацi, нi жонкi, нi каханкi не было за жалобным сталом. Са слоў прысутных я зразумеў наступнае...
За чатыры днi да пахавання Нябожчык, тады яшчэ жывы i вясёлы саракагадовы мужчына, сказаў дома, што едзе ў камандзiроўку, а сам пайшоў да каханкi. Там ён i сканаў. Сэрца спынiлася. Каханка выклiкала "хуткую дапамогу". Нябожчыка завезлi ў морг, дзе ва ўлiковай кнiзе зрабiлi запiс наступнага зместу: такi i такi ўзяты па адрасу — горад Мiнск, вулiца Багдановiча, дом 55, кватэра 200. Потым адрас быў закрэслены i напiсана, што Нябожчыка забралi з дому. А калi "з дому", дык у моргу нiхто i не хваляваўся, усе былi ўпэўненыя, што сваякi ведаюць пра смерць. Але ж i мацi i жонка нiчога не ведалi. А каханка маўчала. Потым пайшлi чуткi, але ўсе яны разбiвалiся аб тэлефоннае "ў камандзiроўцы". Нарэшце адзiн з аднакурснiкаў здагадаўся затэлефанаваць у морг, дзе яму прапанавалi прыехаць i апазнаць Нябожчыка. Ён апазнаў i ўзяў на сябе ўсе пахавальныя клопаты. Гэты аднакурснiк працуе разам са мною, i адпаведна мне давялося сёе-тое яму дапамагчы, ну, напрыклад, я "дастаў" каньяк, бо цяпер на памiнкi ўсе ходзяць са сваёй бутэлькай. Вось так я апынуўся за жалобным сталом, за якiм даведаўся, што Нябожчыка забралi ў морг з майго дому, бо я жыву якраз на вулiцы Багдановiча ў доме 55 i кватэра 200 знаходзiцца ў суседнiм пад'ездзе.
З памiнак я вярнуўся позна i адразу лёг спаць. Прачнуўся я пасярод ночы, бо пачулася, як нехта гучна назваў маё iмя. Я расплюшчыў вочы i ўтрупянеў. За акном нехта стаяў. Цёмны расплывiсты твар ляжаў на шчыльна завешаных шторах. "Дзякуй, што прыйшоў памянуць маю душу", — даляцела з-за акна. Каб я жыў, як i раней, на першым паверсе, я падумаў бы, што гэта дурны жарт якiх-небудзь падпiтых знаёмцаў, але я жыву на пятым паверсе... Я ляжаў у ложку i не мог нават варухнуцца, каб запалiць святло. "Падыдзi да акна", — сказаў цень голасам Нябожчыка. Пакуль я ўставаў i iшоў да акна, цень знiк. Я рэзка адкiнуў штору i быў ужо ўпэўнены, што там нiкога няма. Але я ўбачыў, што пад лiхтаром стаiць Нябожчык. На iм быў чорны гарнiтур, белая кашуля i элегантны маленькi гальштук-мятлiк. У мёртвым лiхтарным святле срэбнымi водблiскамi iскрылася сiвая фрызура i падкручаныя цёмныя вусiкi. Нябожчык глядзеў на мяне. Праз хвiлiну ён нахiлiў голаў, маўляў, я з вамi развiтваюся, i рушыў у бок пад'езда, дзе была кватэра 200.
Адзiнае, што я вынес з гэтага здарэння, дык упэўненасць, што на саракавiны мне хадзiць не варта, хай сабе i запрасiлi.
Зямля — пухам.
XXVІІІ. ТУСОЎШЧЫК
Журналiст, чакай! У мяне ёсць што сказаць для друку. Ты мяне помнiш? Гурт "Эксгуматар", трэш, мэтал, я на басе. Успомнiў? Гэта я. На сцэне адно, а ў жыццi зусiм iншае. На сцэне — завод, кайф, лом... А ў жыццi — шаноўныя, набывайце фотаздымкi! Брус Лi! Шварцэнегер! Цой! Апошнi здымак, за дзень да смерцi! Рэмба! Нiндзя! Набывайце, кошт — адзiн рубель! Класны занятак для рокера. Лепей не прыдумаеш. Я па сем гадзiн стаю ў сырым падземным пераходзе i гандлюю гэтай поганню, раблю бабкi, зарабляю на гiтару — на музыку. І гэта больш сумленна, чым лабаць у рэстаране, а потым высоўвацца на тусовачным фестывалi. Кабак ёсць кабак, туды толькi улезь, i назад дарогi няма. І якi б ты моцны нi быў, а раз-другi злабаеш папсу кабацкую i ў рок ужо не вернешся. Вось так вузлы завязваюцца. А я — рок-н-рольшчык, я люблю па металу загасiць, я за трэш... І не трэба крывiцца. Трэш яшчэ сваё слова скажа, краiна здрыганецца. Ты ж чуў нашы каманды — "Бастыён", "Тарнада", "Радыяцыя"?.. Гэта ж магiла ўсiм астатнiм. Мы прымусiм нас слухаць. Мы ўрэжам так, што ў слабанервовых галовы паадлятаюць. Гэта сёння свята ў папсы, i я гандлюю здымкамi, а заўтра прыйдзе наш дзень. Так i напiшы, журналiст, не памылiшся.
Читать дальше