Аксана ішла ў лес толькі з асобымі данясеннямі ці з людзьмі, якіх тэрмінова патрабавалася пераправіць, але з людзьмі яна да дзядзькі не заходзіла.
Швагру свайму Шабовіч, зрэдку наведваючыся, і знаку не даў, хто ён і чым займаецца, акрамя сваёй фельчарскай работы, толькі Аксану звазіў, пазнаёміў з яго сям'ёй. Але і Стась і Аксана верылі, што ў небяспечную хвіліну гэты з выгляду пануры мнагадзетны чалавек не падвядзе, выручыць з любой бяды. А вера яму ад улад асобая — дарожны майстра. Піліп, між іншым, пачуўшы пра такога швагра, загарэўся жаданнем зрабіць яго разведчыкам: чалавек, які з дня ў дзень на дарозе, нямала бачыць і мае магчымасць прасачыць, падлічыць, хто куды едзе, што павезлі з горада і ў горад. Але Стась катэгарычна адмовіўся ўцягваць бацьку чацвярых дзяцей у небяспечную гульню.
«Варыянт», прынесены Чурсіхай, незвычайнай пасыльной — Аксана ведала яе, вадзіў Стась знаёміцца з «сябрамі»,— не спалохаў, бадай, узрадаваў: жывы Стась, здаровы. Яна зранку пачула пра начную аблаву, колькі чалавек урачоў і сясцёр не з'явіліся на работу, і ўсю раніцу жыла ў трывозе і напружанасці, невядомасць для яе — самае пакутлівае. Яна любіла яснасць і пэўнасць.
Увогуле Аксана чалавек супярэчлівы. На здзіўленне ўсім, нават бацькам, спакойная, да адчайнасці смелая, з маленства завадатаркай была, але плаксівая. Не ад болю плакала — ад чуллівасці. У маленстве плакала над замерзлай птушкай, над прыдушаным кацянём, рыдала на пахаваннях чужых людзей, магла заплакаць над пакутамі хворага, што доўга перашкаджала ёй стаць хірургічнай сястрой, хоць аперацыйная была яе марай з медтэхнікума. Стась неаднойчы кпіў з яе плаксівасці.
Варыянт радаваў яшчэ і таму, што выйдуць яны са Стасем, не адна, а пасля іх збліжэння, іх жаніцьбы яна неаднойчы ўпотай марыла знайсці бяспечны для ўсіх выпадак перабрацца ў лес, у партызаны.
Цяжкімі былі зборы. Пераважала жаночае: хацелася як можна больш забраць нажытага дабра — бялізны сваёй, кофтачак, спадніц. Але як забраць? Трэба разумная мера; выменьваць ідуць з немалымі мяшкамі, і варта на дарогах да гэтага прывыкла, а на выхадзе з горада па Даўгінаўскім тракце яе ведаюць усе паліцаі. Аднак акрамя адзення нельга не ўзяць лякарства, бінты, якія прыпасла; не з голымі ж рукамі прыйсці ў атрад. Мера, нарэшце, трэба не толькі для аховы, але і для гаспадыні — каб не здагадалася, што кватарантка ўцякае. Гаспадыня — чалавек надзейны, але, калі яе прыціснуць нават у паліцыі, яна, узлаваная, што кватарантка знікла так падманна, можа нагаварыць лішняе — здагадкі свае выкажа пра людзей, якія наведваліся да яе, Аксаны. А многія з гэтых людзей застаюцца ў горадзе, ды некаторыя і да спраў іх падпольных не маюць ніякага дачынення — невінаватыя, а могуць пацярпець.
Бінты, у іх — шпрыцы, таблеткі і лепшае адзенне Аксана накруціла на сваю тонкую талію, ад чаго прыметна папаўнела, а таму мусіла апрануць не цеснаватае паліто, а летні прасторны плашч, урэшце, цяпер гэта нікога не здзіўляе — людзі адзетыя хто ў што, асабліва ў гэты пераходны асенні час,— і ў плашчах і ў кажухах.
Ад таго, што яна мусіць пакрыўдзіць старую добрую жанчыну, Аксана нават паплакала трохі. Чакала, калі гаспадыня адлучыцца некуды, яна не была дамаседкай — збірала навіны, як пчала нектар. Заглянула да яе. І пераканалася, што непаседлівая Ядвіга Паўлаўна нікуды не збіраецца — у яе забалела паясніца, папрасіла Аксану нацерці яе настойкай наготак.
А час ляцеў, кароткі шэры дзень схіляўся на вечар. А трэба ж не толькі выйсці з горада, пакуль відна, але і дайсці да Цнянкі, зрэдку па дарозе ідуць нямецкія машыны, у цемры могуць спыніць адзінокую жанчыну і, калі хочаш, пацікавіцца і мяшком, як і ёй.
Не ведаючы, як выйсці з дому, Аксана расплакалася перад гаспадыняй зусім шчыра. Напалохала старую.
— Што з табой, Аксаначка, дзіцятка маё? З работы прагналі?
— Не.
— Стась? Арыштавалі?
— Не. За што яго арыштуюць? — калі дала волю слязам, не мела ніякай версіі для апраўдання іх, а тут раптам версія з'явілася, самая праўдападобная: — Дзядзька на міне падарваўся.
І як усё стала проста — і збірацца, надзяваць тры кофтачкі і... развітвацца.
Горад Аксане не спадабаўся: многа паліцыі і немцаў на вуліцах, больш, чым раніцою, і ўсе падазрона аглядваюць кожнага прахожага. Яе спынялі двойчы, правяралі аўсвайс. Але мяшка не трэслі, у горадзе і раней гэта рабілі рэдка, часцей — не тады, калі людзі ішлі на мену, а калі вярталіся з вёсак — тады лезлі ў мяшкі, забіралі «калым», самагонку і сала забіралі падчыстую. Тых, хто выходзіў з горада, абшуквалі на кантрольных пастах.
Читать дальше