— Карацей можна?
— Можна. Але не будзе таго эфекту.
— У нас тут не спектаклі, і вы не акцёр.
— А я думаю, кожны кіраўнік мусіць быць трохі акцёрам.
Воблікаў спытаў:
— Іграць на публіку?
— Хутчэй — на начальства.
Баброўка засмяяўся. Наліцкая паглядзела на сакратара з асуджэннем. Кінула бадай злосна Ліхачу:
— І вы прыйшлі сюды, каб пацешыць нас? Паказаць сваю ігру?
— Не. Расказаць пра сур'ёзныя праблемы, якія хвалююць калектыў.
— Вось і расказвайце.
— А я гэта і раблю. Калі мне не перашкодзяць...
На міг Ала Уладзіславаўна адчула няёмкасць за сваю раздражнёнасць. Пры яе пасадзе так нельга, ніколі такога не дазваляла сабе. А такую строгасць і афіцыйнасць у адносінах да Ліхача могуць няправільна вытлумачыць, бо ўсе ж ведаюць, што яны аднакурснікі і заўсёды былі на ты. Не паставіць бы сябе ў становішча, калі пачынаюць сачыняць легенды, небылі.
Ліхачовы выкладкі ў сувязі з пераходам на гаспадарчы разлік і самафінансаванне зацікавілі. Граматна, доказна. Не ўсе члены бюро дайшлі да тонкіх эканамічных мудрасцей, некаторыя так даўно вучылі палітэканомію і так забыліся на яе асновы, што шмат якія далёка не новыя палажэнні, пра якія гаварыў малады дырэктар, здаваліся адкрыццямі.
Наліцкая адчула гэтую зацікаўленасць калег і занервавалася: і перапыняць не хацелася, аднак і дапусціць нельга, каб гэты гаварун заваражыў дзелавых мужчын, як некалі заварожваў студэнтак. Успамін пра Ліхачовы даўнія прыгоды чамусьці як ніколі настроіў супраць яго, да разгневанасці, быццам ён быў тады яе мужам і адна яна мела права на яго ўвагу і... каханне.
Непакоіла і яшчэ адна акалічнасць, не новая па зместу, але новая па адчуванні, якое засталося з ночы. Яна зноў сніла дзіця, яно смактала яе грудзі. Але ніякага болю не з'явілася, жыло цэлы дзень адчуванне прыемнага раздражнення, ад чаго хацелася памасіраваць грудзі. І яна баялася, што забудзецца і зробіць гэта перад членамі бюро, мужчынамі. Сядзела ў незвычайнай напружанасці, шмат што з таго, аб чым гаварыў Ліхач, прапускала. Думала, што ёй не варта заходзіць у радзільны дом. Што яе пацягнула туды, трэці раз? Праўда, яе наведванні навялі добры парадак, не толькі ў раддоме, але і ў бальніцы, у паліклініках. Пра яе ўвагу медустановам і гандлю хадзілі легенды. Да школ не хапае часу дабрацца, верасень з'елі сельскія справы.
— Вы што, Ліхач, намераны прачытаць нам даклад?
— А хіба не цікава членам бюро паслухаць аб праблемах буйнейшага ў горадзе калектыву?
— Членам бюро цікава паслухаць, што з планам.
— Што з планам — вы ведаеце. З-за плана я і стаю тут.
— Як вы збіраецеся выканаць яго — во што нас цікавіць.
— Пастараемся выканаць, калі... лінія не падвядзе.
— Лінія, лінія! Прамая? Крывая? На старых станках завод даваў план! — узлавалася Наліцкая.
— Што ж, па-вашаму, трэба было заставацца ў мінулым стагоддзі?
— Не іранізуйце, Ліхач. Але не стаўце нас у залежнасць ад буржуазных спецаў. Колькі яны ў вас будуць корпацца?
— Немцы не бралі сацабавязацельстваў.
— Ну, знаеце! Жартуйце, але ведайце дзе і з чым! — абурылася Марыля Тапыга.
— Ім добрыя камандзіровачныя плацяць. Чаго ім спяшацца? — пасміхнуўся Воблікаў.
— І каньяк прадаём. Ікру... Хто з нас есць ікру? А яны па кілаграму бяруць. Бюргеры! — зноў абурылася ідыёлаг.— У рэстаране зрабілі агульны парадак: нікому спіртнога не падаваць — ні сваім, ні чужым. З Мінгандлю ўказанне: немцам даваць.
— Вы, Ліхач, пастараліся?
— Я пастараўся. Няхай ведаюць нашу гасціннасць.
— Няхай ведаюць гасціннасць сынкі тых, што тапталі нашу зямлю! — ажно расчырванелася Марыя.
— А вы разам з імі не дэгустуеце каньяк? Не прыкладваецеся? — з брыдзенькім смяшком спытаў Шатохін.
Калі ўвесь нечаканы дыялог Васіль Васільевіч прымаў з пэўнай доляй гумару, то за гэтае пытанне ўзлаваўся: яўная правакацыя!
— Уявіце, Шатохін,— не прыкладваюся! Вам цяжка ўявіць?
За намеснікам старшыні меўся грэх, пра гэта ўсе ведалі. Таму ён узлавана запунсавеў.
Наліцкая добра ведала Ліхачоў характар: узлуецца — літасці не дасць самому пану богу. А гэта не на карысць будзе яму ж. Узлуюцца людзі, калі ён пачне вось так шпіляць іх. Ёй хацелася іграць ролю добрага педагога: і пакараць, і пашкадаваць. Спытала памяркоўна, без раздражнёнасці:
— Ды што будзем рабіць з планам, Васіль Васільевіч?
— Не выканаем у гэтым годзе — перавыканаем у наступным.
Што ён гаворыць? Якая бяздумная бесклапотнасць! Не, такога шкадаваць нельга! Яе на бюро абкома не шкадавалі, не паглядзелі на прыналежнасць да слабога полу.
Читать дальше