«Хто іх накорміць?» — бедавала яна.
Урэшце поезд, даўшы задні ход, спыніўся ля таварнай платформы. Іх вагон апынуўся супраць вялікага пакгауза. На платформе ляжала гара скрынак; рабочыя-грузчыкі, чалавек шэсць, заносілі іх у склад. Але каля скрынак хадзіў нямецкі салдат з вінтоўкай на плячы. Салдат падыходзіў да самых дзвярэй іх вагона. Яны сачылі за ім у шчыліну. Што рабіць? Вельмі можа здарыцца, што, нешта выгрузіўшы, састаў рушыць далей, на ўсход ці поўдзень, у невядомую далеч, і Мінск, родны Мінск, сям'я, маці, бацька зноў пачнуць аддаляцца.
Калі салдат аддаліўся, Сяргей ціха сказаў:
— Калі поезд пойдзе далей, будзем скакаць...
Ды Стася вырашыла інакш. Рашуча адчыніла цяжкія дзверы вагона, падхапіла яго і вынесла на платформу. Вартавы глядзеў ашаломлена, але трывогі не ўзняў. Ці мала іх, рускіх, вось так праязджае? Яго абавязак — ахоўваць пакгауз. Здзівіла яго хіба, што двое грузчыкаў быццам чакалі гэтых людзей: выхапілі салдата ад жанчыны і, здаецца, намерыліся несці на вакзал. Так, у рабочых быў такі намер, ды Багуновіч вачамі паказаў ім назад, у бок Маскоўскай вуліцы. Яны зразумелі. Неслі яго ўподбег. Багуновіч, разгублены і ўсхваляваны, не паспяваў пераступаць нагамі.
Плот, што некалі адгароджваў тэрыторыю станцыі ад вуліцы, амаль увесь быў разабраны: салдаты апальвалі ім цяплушкі, ды і мінчане прылажылі рукі, бо дровы неймаверна падаражалі.
— Адваяваўся, браток? Куды ранены?
— Ён не чуе. Аглушыла яго.
— А-а, кантузія. А ты хто?
— Сястра міласэрная.
— Дадому вядзеш?
— Дадому.
— Давядзеш адна?
— Давяду.
— Дзякую, таварышы,— сказаў Багуновіч.
— Скажы яму як-небудзь, што з «таварышам» трэба быць асцярожным. Шчасліва.
— Усяго вам добрага.
— Якое там дабро, сястра!
Яны выйшлі на Захар'еўскую. Каля Царквы сляпых Багуновіч знясілена спыніўся, у яго прастуджаных грудзях ажно забулькала ад цяжкага дыхання. На спалоханы Стасін позірк вінавата растлумачыў:
— Гэта мая вуліца. Я пражыў на ёй палавіну свайго жыцця.
Стася ўзяла яго пад руку і вяла, як раненага. У гэтым канцы галоўная вуліца Мінска была яшчэ пустая: рэдкія прахожыя мясілі ні разу за зіму не ачышчаны, ператвораны адлігай у кашу, снег. Але каля гасцініцы «Бельгія» было даволі ўжо людна. Па ачышчаным тут тратуары ішлі не простыя людзі — паны: пані ці паненкі прагульваліся з нямецкімі афіцэрамі.
Стася адчула: тут, на мінскай вуліцы, страх яе перад немцамі амаль знік, але нянавісць расла да іх, да немцаў, і да ўсіх тых, што хаўруснічаюць з імі.
Каля Чырвонага касцёла Багуновіч раптам спыніўся, збялелы, прытуліўся да рашоткі царкоўнай агароджы — каб не ўпасці. Стася мацней сціснула яго руку.
— Што з вамі? Што вас спалохала?
— Вы чуеце? — усхвалявана спытаў кантужаны.
Яна чула ўжо колькі хвілін, што недзе там, з боку вакзала, цокаюць капыты мноства коней. Больш нічога не чула, акрамя галасоў тых людзей, што праходзілі міма.
— Коні! Вы чуеце коней?
Сяргея спалохала цоканне, яно здалося галюцынацыяй, бо, акрамя двух рамізнікаў, што стаялі нерухома каля «Бельгіі», коней нідзе не было відаць. Ды праз хвіліну з Міхайлаўскай вуліцы на Захар'еўскую роўнымі шарэнгамі, павольнай хадою выйшаў эскадрон уланаў. Гвардзейскія уланы! У прыгожых мундзірах, з ківерамі, у афіцэраў ззялі эпалеты, юнак-гарніст высока ўзняў чырвона-чорны штандар.
Дзіўна змяшаліся пачуцці ў былога камандзіра палка. Зрабілася страшна ад гэтай сілы, ад гэтых сытых салдат, сытых коней. Абпаліла і без таго запалены мозг думка, што з такой сілай немцы могуць хадзіць, ездзіць тут, па Захар'еўскай, па ўсім Мінску, па ўсёй зямлі вельмі доўга... Што супраць такой сілы зробіць нейкі атрад Рудкоўскага ці Бульбы? Думка гэтая была жахлівай.
Але разам з тым з'явілася нешта іншае. Ён чуў цоканне капытоў па бруку. Што гэта? Хворае ўяўленне? Ці да яго вяртаецца слых? Але, ён чуе! Гэта ж цуд, божы дар: як толькі апынуўся на вуліцы, дзе ўсё такое знаёмае, такое роднае,— вярнуўся слых!
«Мама! Няўжо я пачую твой голас?»
Ад аднае гэтай думкі стала да млоснасці радасна.
Эскадрон схаваўся за згібам вуліцы. А Багуновіч усё яшчэ стаяў, збялелы, анямелы, і слухаў ужо не цоканне падкоў, а ўдары пульсу ў скронях, шыі, у пальцах рук.
— Што з вамі? — паўтарыла Стася, спалоханая яго здранцвеласцю — як паралізаваны — і адначасова дзіўным бляскам у вачах.— Вам забалела?
Што праз вату, затаптаную ў вушы, пачуў ён гэтыя словы: «Вам забалела?» Але, можа, ён прачытаў па вуснах яе? Асобныя словы, якія казалі яму яшчэ там, у лесе, у атрадзе, ён адгадваў па жэстыкуляцыі, па выразу вачэй.
Читать дальше