Ну i на тым канчаю. Навін асаблівых няма. Пры аказіі перадай прывітанне Кату.
З пашанай
Р-ны, 10 сакавіка 1939 г. Янка Патаповіч».
Праз тыдзень пасля атрымання гэтага рукапісу з рэцэнзіяй-прыпіскай дробненькім почыркам я пайшоў у войска. Пішучы мне, Янка не ведаў, што якраз у адзін з тых дзён, калі ён мною займаўся, я атрымаў «kartę powołania». A ці пісаў я яму з казармаў — не памятаю.
Увосень сямідзесятага года мы з Уладзімірам Калеснікам ездзілі ў Рачканы на машыне,— шукаючы слядоў таго «шчырага, простага, сімпатычнага» хлопца. Пасля вайны я дачуўся, што ён быў вывезены з акулачанымі бацькамі i родзічамі ў саракавым ці сорак першым годзе на ўсход i там, у ссылцы, загадкава прапаў. З дзвюх сем'яў вярнуўся толькі ягоны дзядзька з жонкаю. У ix па-простаму, па-шчыраму гасціннай хаце з прыемным здзіўленнем пачулася, што яны, Патаповічы, на выгнанні пасябравалі сем'ямі з Алесем Пальчэўскім i яго Тамарай Цулукідзе. Хораша гаварылі добрыя, працавітыя людзі, Богу душой невінаватыя пакутнікі, пра іншых, таксама невінаватых, пакутнікаў — пісьменніка-беларуса i артыстку-грузінку. А потым у Мінску i ад Алеся Восіпавіча я пачуў пра гэтых былых малёванцаў словы прыязныя, з ягонай усмешкай належнага разумення. А вось пра Янку дзядзька ягоны, бацькаў брат, нічога асаблівага, не вядомага мне не расказаў.
У нуднаватых восеньскіх Рачканах, распытаўшы Патаповічаў пра рэшткі знаёмых, мне захацелася ўбачыць адну з найбольш мілых, пявучых рачканскіх дзяўчат, Пашкаву сваячку Настуню. Познім адвячоркам мы з Валодзем наведалi яе хутарок, дзе я з ёю, загараванай, запрацаванай удавой, трохі паўспаміналі. А цяпер вось зноў прыгадалася, як мы пад ручку з семнаццацігадовай Настуняй у гурце расспяванай моладзі ішлі з Вінелевага хутара ў вёску, палявой дарогай каля сцяны высокага ельніку, пад буйнымі зоркамі i нашай маладосці... Але вярнуся да здымка.
Пакуль ехаць у Парагвай, перад гэтым ажаніўшыся, разбагацеўшы на сына, Міша Касель некалькі дзён гасцяваў у нас зімою, на пачатку трыццаць шостага. Паспеў зрабіць хвацкі цабэрак, які яны майстравалі з Мішам удвух, больш гаворачы ды смеючыся, чым тыя клёпкі габлюючы ды складаючы ў абручы. Удвух яны i паспрачаліся з папом i дыяканам, якія прыехал i з Турца «па калядзе» i самі, похапкам адмаліўшыся ў нашай хаце, навязалі «заблудшим толстовчикам» спрэчку на рэлігійныя тэмы. Абодва гарачуны, бондар i памагаты, спрачаліся з бацямі без мяне,— я не любіў такога, тым больш i нашай набожнай маме сынава ды госцева задзірыстасць не спадабалася. «Ну, калi ўжо ты адзін з другім лоба перахрысціць не хочаш, дык хоць жа памаўчы, перачакай...» Так, мне здалося, думала яна на мяне, хоць i я не хрысціўся, крыўдуючы менш. Потым, калі маці, надарыўшы «каляднікаў», кудысьці сышла, мне лепш было пасмяяцца з таго, як наш Касель удала імітаваў то здаравеннага, вахлакаватага бацюшку, то танклявага прыгажуна дыякана з яго падкрэслена рускімі, частымі «допустим» ды «положим», у што мы, рагочучы над стружкамі, укладвалі іншы сэнс, з улікам папоўскіх, не ўсюды зручных, апранахаў...
Потым, калі сказаць карацей, мы некалькі гадоў перапісваліся, Касель пісаў нам i з Рачканаў, i з Парагвая, спачатку абодвум у Загора, потым, адзін раз, Мішу ў турму, калі я ўступіў яму свой месяц, а мне дахаты i ў войска, пакуль нягодніца-вайна не перашкодзіла, пакуль ён у той экзатычнай далечы без пары не памёр, пра што мы пачулі выпадкова i з вялікім спазненнем.
Цяпер, нарэшце, больш пра Пашку, які на здымку ва ўсёй сваёй шаснаццацігадовай сталасці. З Настуняй ён дваюрадны па матках, а па бацьку пляменнік таго Болтуця, з якога пачалася рачканская малёваншчына. На тры гады маладзейшы за мяне, светлы, шчыры хлапчына, якога, як i Каселя, воспавая падзюбанасць не рабіла брыдчэйшым. Мы перапісваліся, ён двойчы наведаў наша Загора, першы раз удвух з Вінелевым Казікам на веласіпедах, a другі раз адзін. На адным з фотаздымкаў, зробленым у Міры, Пашка бачыцца паміж мною i паэтам Алесем Мілюцём,— я рады быў ix пазнаёміць. У канцы сорак чацвёртага года Пашка ваенным трохкутнікам цераз Загора знайшоў мяне ў Мінску, пісаў мне зрэдку, як падпаручнік артылерыі Войска Польскага, а потым пісаў i з Польшчы, дзе застаўся. Напрадвесні семдзесят трэцяга года, гасцюючы ў Лодзі, у свайго польскага сябра, пісьменніка i перакладчыка Мацея Канановіча, я наведаў Пашку ў недалёкім Александрове. I тая наша сустрэча, праз трыццаць дзевяць гадоў, кажучы шчыра ды сумна, прыемнага ўражання на мяне не зрабіла. Ах, вайна,— скажам яшчэ раз,— колькі яна накруціла ды накарэжыла!.. Колішні весела адкрыты, сардэчны Пашка, ляхавіцкі паляшук, ушчэнт ды павярхоўна апалячаны, ператварыўся ў брава-банальнага камбатанта, бяздзетнага ветэрана-пенсіянера, якім яго ў тым гарадку, на той вуліцы ведалi ўсе, у чым мы пераканаліся, распытваючы па назве ды нумары.
Читать дальше