— Вельмі шкадую, што тады, на стозе, не ўсадзіў у цябе свінец. Не было б марокі мне з табою цяпер і ўсе гады.
— Ты ўмееш толькі ў спіну. Наўздагон. Каб я сказаў Громаву, што ты страляў па мне, што параніў у плячо — цябе тады расстралялі б...
— Я памагаў партызанам.
— Памагаў. Адчуў, што канцы прыйдуць табе і тваім памагатым. Калі выспятка далі немцам пад Масквой. От тады ты разумным стаў і партызан уважыў.
Косцік ужо збіраўся ісці далей, зрабіў колькі крокаў, але павярнуўся, спытаў:
— Дык ты мо і віну сваю выкупіў перад людзьмі, га?
— На мне крыві няма.
— Няма? Вікця бачыла, як ты Ладзікаву жонку на мароз выганяў.
— Што ты прычапіўся да мяне — «выкупіў віну»? Ніякай на мне віны няма. Мне і паперку выдалі, вось яна... — ён дрыжачымі рукамі расшпіліў нагрудную кішэню, выцягнуў замусоленыя вокладкі, адгарнуў іх і ўзяў нейкую патрапаную паперчыну — мусіць, не раз трос перад чыімсьці носам, во як цяпер. — Тут і пячатка стаіць, і падпісана. Разабраліся. Сказалі, каб жыў спакойна, што не вінаваты я...
— На сваю совясць пячатку не паставіш! Няма такой пячаткі! — крыкнуў Косцік, адначасна падумаўшы: «Хто ж, цікава, падпісваў яму такую паперку?» — Людзі, толькі людзі могуць сказаць, вінаваты ты ці не...
— Я людзям і казаў. Папярэдзіў колькі разоў, каб хаваліся, што аблавы будуць.
— Хацеў у людзей спагаду вымаліць.
— Я шкадаваў людзей.
— Жыццё ты сваё шкадаваў. Ты і шкодзіць не хацеў там, дзе цябе ведалі. Не, ты быў хітрай. Цябе Гунтэр на лясныя распрацоўкі адпраўляў? Было і такое. Але ж ты ў той час паліў Зарэчча ў Лельчыцкім раёне — дзяцей у агонь кідаў.
Жамойда зноў спалатнеў — як нябожчык. Нахмурыў калматыя бровы, воўкам глядзеў на Міхалапа. Каб мог, утаптаў бы таго ў зямлю, і слядоў ніхто не знайшоў бы.
У вершалінах алешын пагрозліва гудзеў вецер.
Сыпаліся на зямлю лісцяныя жоўтыя воблакі.
Вочы ў Казіміра неспакойна забегалі, шукалі апірышча. Зноў забіла дыханне.
— Хто тое бачыў?!
— Ды бачылі. Маўчыш? Язык у задніцу ўскочыў? Ото каўтай цяпер. А то вечна з форсам ходзіш, улады над табой няма.
У Жамойды нядобра перакрывіўся твар і зрабіўся гідкім, праціўным. Ступіў крок, другі і паплёўся, важка ўбіваючы боты ў рыжы ціпец, пакідаў на ім шырокія сляды — як на лыжах ехаў па блішчастай расе...
Ідучы, Косцік адно шкадаваў: на людзях бы гэта сустрэча. Каб хаця адзін спрымачовец убачыў і пачуў.
А з Зарэччам Косцік так, для праверкі. Хадзілі такія чуткі. Жанчыны з Зарэчча быццам бы прызнавалі яго, але доказаў не было. Тое і ўратавала Жамойду.
Як перайшоў брод, пачуў ззаду стрэлы — адзін, другі...
«То не па мне страляў, канечне. Але ў неба, разганяючы птаства і свой страх. А мог бы і парашыць. І канцоў не знайшлі б».
Толькі цяпер адчуў, як слаба падрыгвалі ногі і нервова пачала тузацца левая нага. Нялёгка даўся жарт.
Да Косціка млявасць падступілася адразу, як толькі перайшоў Міколікаў брод. Цененька звінела ўвушшу, забалелі вочы — бы хто сыпануў пяском. Ногі сталі чужыя, непаслухмяныя. Было жаданне дзе-небудзь прылегчы. Адчуў, зразумеў: напаткала бяда, насцігла ўсё-ткі і тая хвароба, учапілася кашчавымі пальцамі-кіпцюрамі... Даўно не турбавала — гадоў з восем.
Назад ужо не вярнуцца — позна. Успомніў, што быў недалёка ад Яркавага дуба, пакіраваў да яго. Там будзе чакаць Яе прыходу. Там яго ахопіць здранцвенне і глухата да ўсяго навакольнага. Ён як усё роўна здаваўся ў палон свайму злейшаму ворагу і ўжо нічога з сабой парабіць не мог. Ведаў, што працівіцца дарэмна.
На хаду выняў з кішэні два зарады і паклаў іх пад корань сасны — прыгроб лісцем. Потым забярэ, бо хутка ён ужо не будзе адказваць за свае ўчынкі, і невядома, што можа здарыцца, калі ў руках будзе зараджанае ружжо...
Да дуба ён амаль дабег і абрадаваўся, што апярэдзіў Яе. Ад гэтага стала весялей — цяпер ужо нічога, цяпер ён можа ўпасці на мяккае лісце і спакойна чакаць, калі на яго абрынецца памарака.
Ён ужо нават весела падганяў няпрошаную госцю — ну, давай, чаго саромеешся? Ты ж стукаешся ў сэрца, у душу, жорстка скруціш усяго, павяжаш рукі і ногі. І розум, і памяць. Нашлеш глухату, зробіш сляпым і безабаронным. Ну, давай, ну, чаго спынілася? Мо спалохалася, гадаўка, га? Давай, здзекаваліся. Не дабіў фашыст і бандыты, то ты пастарайся ўжо, не падвядзі!
Падумаў і адкінуў ад сябе стрэльбу. Каб і яна не была пад рукамі. Косцік набраў поўныя грудзі паветра, выдыхнуў яго, развёў рукамі, раскінуў іх.
— Чаго маўчыш, Ярка? Бачыш, дружа, як мяне абходжвае мая палюбоўніца? Во ўлюбілася, братка, во як абдымае-цалуе, з абдымкаў сваіх не выпускае, у клешні ўшчамляе. Думаў, што забылася на мяне, разлюбіла, што Жыльскі памог ад яе пазбавіцца, а яна, бач, у каханні мне зноў спавядаецца. Во шэльма, каб яе панос праняў... Ну й дзяла!
Читать дальше