Сiмачка — чалавек iнтэлiгентны немаведама ў якiм калене, любiў свае днi нараджэння, як чорт балота. Было ў iм эгаiстычнае, анарха-iндывiдуальнае. Мы палiлi свечкi, пiлi сухое кiслае вiно, ад якога ўвесь час мяне насiла ў прыбiральню, закусвалi смажанай качкаю i танчылi з дзяўчатамi. Напiлiся моцна. Дзяўчаткi, а iх было трое, чамусьцi абвясцiлi, што яны полькi i адпаведна маюць перавагу над намi, беларусiкамi. Пра велiч Польшчы я i дома мог наслухацца. Не ведаю, чаму, але ў бацькi ёсць сентымент да заходнеславянскага народу. Можа таму, што ён нарадзiўся ў Заходняй Беларусi, можа таму, што недалёка ад ягонае вёскi жыў першы чалавек Польшчы — Адам Мiцкевiч, а хутчэй, з-за таго, што ўсе мы любiм сваё дзяцiнства, там i снег мякчэйшы i хлеб смачны. З бацькам ясна. А тут? I я драўляным языком пачаў брахаць на пшэкаў i Пшэцыю. Згадаў i лагеры для беларусаў, i закрыццё беларускiх школак, i турмы, i Беластоцкi край, якi тэрмiнова трэба адваяваць, вярнуць, забраць, а ўсiх палякаў выгнаць к чортавай матары, як з Беласточчыны, так i з Беларусi наогул. Пра тое, што ў сваяках маю сякiх-такiх палячкоў, вядома, не згадваў. Дзеўкi смяялiся... «Ну што ты можаш зрабiць адзiн?» Вось на гэты момант i высветлiлася: я не самотны. На мой бок стаў iмянiннiк. Сiмачка Кудлач пашырыў кола нацыяналiстычнай амбiтнасцi — прапанаваў вярнуць спрадвечна беларускiя землi i гарады: Вiленскi край i Вiльню, Друскенiкi, Дзвiнск, Краславу, Смаленск, Старадуб, Бранск...
Ён спынiўся недзе пад Курскам, бо жаданне схадзiць да ветру было мацнейшае за ўяўныя заваёвы. На той момант наша кампанiя, пакiнуўшы кватэру, шпацыравала па начным праспекце ў раёне дзяржаўнага цырка. Мы ўсе забеглi пад белую балюстраду, упрыгожаную вялiзнымi вазамi, i цiшыня скверыка напоўнiлася плюскатаннем перапрацаванага вiна. Я касавурыўся на пшэчачак, што сядзелi на траве, як тры вялiзныя чорныя курыцы, з-за гэтага вiдовiшча працэс вызвалення зацягнуўся. Узбуджанасць. Спадзяюся, ты зразумееш. Дзяўчатак, самазваных шляхцянак, мы развялi па дамах, а самi дамовiлiся сустрэцца праз тры днi, каб на цвярозую галаву абмеркаваць нацыяналiстычныя парывы.
Сустрэлiся. Сумна згадваць, але без алкаголю размова не ляпiлася, сыпалася, крышылася на драбнюткiя аскепкi...
— Добра было б разам з’ездзiць у Вiльню.
— Даўно не быў у Мiрскiм замку, пэўна, яго канчаткова засралi галубы.
Каб не любоў да кнiжак, перакананы, з нашых намераў выйшаў бы пшык. Сiмачка палез на антрэсолi i выцягнуў з-пад газетаў томiк Янкi Купалы, выдадзены ў 20-я гады. Мяккiя знакi, слова «Мiнск» i трагiчна-смяшлiвыя сцэны «Тутэйшыя» леглi ў падмурак нашага гуртка з двух чалавек. Купалаўскiя чытаннi мы пачалi ладзiць штотыднёва. І праз якi месяц надумалi пашырыць кола чытачоў забароненых твораў на аднаго чалавека. Сякеру бяруць пад лаваю. Я запрасiў да Сiмачкi ў госцi Алеся Ласевiча. Сагiтаваць чалавека зусiм не проста, асаблiва на нешта антыдзяржаўнае. Ён баiцца, ты баiшся. Страх накладаецца i ўзрастае не ў арыфметычнай прагрэсii, дзе два на два чатыры, а павялiчваецца ў разоў дзесяць-дванаццаць. Кнiжку Купалы Ласевiч узяў, i гэта была першая перамога беларускага арганiзаванага нацыяналiзму ў кватэры Кудлачоў. Далей пайшло лягчэй.
Мы радавалiся: нiхто нiкому нiкога не заклаў. А наш купалаўскi гурток пачало моцна заносiць улева, да тэрарызму. Тэрор — вельмi прывабная рэч, як свежанiна. Рэжце гiтлерцаў паганых, каб не ўскрэслi век яны! Бiце ў сэрцы iх, бiце мячамi, не давайце чужынцамi быць! Але ад тэарэтычнай да рэальнай агрэсii, дзякуй Богу, досыць вялiкая адлегласць. Скажу адразу, каб ты не хвалявалася. Мы так i не дайшлi да падкладання выбуховых прыбораў у дзiцячыя садкi цi школы. Нашыя пошукi ў галiне гвалту спынiлiся значна раней чым у нацыяналiстаў Ірландыi цi баскаў. Асабiста мяне да развагаў пра тэрор вельмi падштурхнуў адзiн малюнак, зроблены на белых дзвярах грамадскай прыбiральнi ў Палацы мастацтва. Нейкi габрэй накрэмзаў чорнай шарыкавай ручкаю шасцiканцовую зорку Давiда i напiсаў: «Мы есть». Не разважаючы, не раздумваючы дый не аналiзуючы сiтуацыi, я дастаў аловак i зрабiў работу над памылкамi. Пад габрэйскай зоркаю ўзнiк iншы надпiс — «Мы ёсць», за якiм чарнеў тлусты клiчнiк. У маiм варыянце надпiс праiснаваў гады са тры, а можа, i болей. Так цi iнакш, а першы крок я зрабiў, хай несвядомы, але ж зрабiў.
Зрэшты, цi бываюць першыя крокi ў дзiцяцi свядомыя i лягчэйшыя? Хутчэй, не. Клэп-клэп-клэп. І пайшоў, пайшоў, упаў, узняўся. Усмешка бяззубая. І далей, далей. Клэп-клэп. Вось так, прыкладна, пачаў i я. Значна пазней я ўбачыў сапраўднага тэрарыста, лацiнаамерыканца Карлiса, якi расказаў пра Чылi.
Читать дальше