1 ...6 7 8 10 11 12 ...52 Я максімаліст, таму не разумею людзей, якія лічаць, што размаўляць з усімі і заўсёды па-беларуску — гэта ўчынак. Разам з тым я ўсведамляю, што найлепей заахвоціць людзей да мовы, беларускай культуры можа толькі ўласны прыклад. Калі ты сам размаўляеш па-беларуску, калі ты паказваеш сваю ўнутраную сілу, людзі ідуць за табой. І тады важнай становіцца не толькі мова. Калі пры гэтым ты якасна робіш сваю працу, то людзі пачынаюць з павагай ставіцца і да беларускай ідэі.
Ксюша Юшына: Я аcэнсавана выйшла з інфармацыйнага вакууму
— У 1995 годзе маці аддала мяне ў беларускамоўны клас. З гэтага і пачалася мая беларускасць. Дома мне ніхто па-беларуску размаўляць не забараняў, усе паставіліся досыць прыязна, за што маім хатнім вялікі дзякуй.
Самае цікавае, што ў сваім выбары маці турбавалася не пра маю мову, а каб я не трапіла да злой класнай. Гэтая настаўніца літаральна «тэрарызавала» клас маёй на год старэйшай сястры, але працавала яна выключна з расейскамоўнымі вучнямі.
Вось так родная мова ўзяла мяне пад ахову ўжо з маленства. Дзіўная выпадковасць. Хаця не, нічога выпадковага не бывае.
Але працэс усведамлення сябе як часткі нацыі адбываўся ўжо ў пару майго сталення. Я аcэнсавана выйшла з расейскага інфармацыйнага вакууму, у якім раней знаходзілася, і беларуская мова пераможна запанавала ў маёй галаве.
Цяпер я ў сферы, вельмі далёкай ад усяго «беларускага», і хто мяне блізка не ведае, дык лічыць, што проста я навучалася на філфаку ці гістфаку. Але гэта ўсё ад стэрэатыпаў, а я вельмі люблю парушаць стэрэатыпы.
Быць беларусам для мяне — гэта ўсведамляць сябе часткай вялізнай сям’і, імя якой — беларусы. І тут нельга не сказаць пра мову.
Кожны сам абірае, на якой мове яму «любіць сваю Радзіму», і я не хачу нікога прымушаць, але ж калі мы жадаем захаваць сябе як нацыю, пагарджаць роднай мовай недапушчальна.
Для мяне тут самае галоўнае тое, што дзякуючы беларускай мове я знайшлася ў гэтым свеце і цяпер па-сапраўднаму адчуваю сябе шчаслівай.
Вераніка Бурак: Быць сабой
— Мае бацькі, прабабулі і прадзядулі паходзяць з Цэнтральнай Беларусі, таму я беларуска паводле паходжання.
Я не патрапіла ў дзіцячы садок, і маім выхаваннем займаліся прабабуля і бацька. Прабабуля нават не ведала рускай мовы, размаўляла на сумесі беларускай і польскай. У дзіцячыя і школьныя гады я шмат часу бавіла ў вёсцы — гэта таксама пакінула свой адбітак. На вёсцы я гаварыла па-беларуску ў знак пратэсту. Бо мясцовыя хлопцы і дзяўчаты перада мной пачыналі размаўляць па-расейску (натуральна, з беларускім гэканнем, дзеканнем, цеканнем). За такую «добрую» звычку я атрымала не вельмі добрую мянушку.
Мая цётка жыве ў Віцебску, і я да яе езджу ў госці. А яе сыну вельмі не падабаецца беларуская мова. Таму раней кожны раз, калі я прыязджала і ён ішоў са мной побач, я пачынала на чысцюткай беларускай мове гучна размаўляць на ўсю вуліцу. Ён уцякаў на іншы бок і крычаў, што не ведае мяне.
А яшчэ праз мову праяўлялася маё падлеткавае жаданне вылучыцца з натоўпу. Тых, хто размаўляе і жыве па-беларуску (думае па-беларуску, праяўляе сябе беларусам), у нас адзінкі, раўнуючы з астатнімі.
Бацькі да маёй беларушчыны ставіліся спакойна. Больш за тое, яны мяне падтрымлівалі і падтрымліваюць.
Але насамрэч усведамленне сябе як беларускі (а не пратэст, не жаданне вылучыцца з натоўпу), пачало фармавацца толькі ў старэйшых класах.
Чалавек павінен трымацца за сваё, бо яно яму роднае.
Алесь Наркевіч: Галоўнае — беларуская мова
— Мая беларуская свядомасць прыйшла да мяне, зразумела, не з дзяцінства. Мае дзяды і бабулі размаўлялі па-беларуску, бацькі на трасянцы, але не па-расейску. У дакументах, якія яны рэгулярна перабіралі і перачытвалі, праскоквала: беларус, выдадзена такому і такому, беларусу.
У час калі я вучыўся ў школе, маладыя людзі з вёскі яшчэ размаўлялі па-беларуску. Нашыя крутыя вілейскія «пацаны і дзіфчонкі» клікалі іх «крэсты». Часцяком былі бойкі. У СПТУ-200 людзі з вёсак прыязджалі вучыцца на камбайнёраў і трактарыстаў. Дыскрымінацыя была шалёная. Нашыя падпітыя хлопцы маглі пабіць іх проста ля крамы толькі за тое, што нехта не так казаў.
Мне не падабалася няроўнасць «крэст — не крэст». Дагэтуль дзіўлюся, чаму так было. Вясковых не паважала не толькі моладзь, але і старэйшыя. Увогуле, мяркую, несправядлівасць не ёсць чымсьці нармальным.
Беларус — чалавек, які ведае, што ён беларус, і яго гэта задавальняе. Але мала проста сказаць: «Я беларус», гэта павінна быць напоўнена сэнсам. Галоўнае для беларуса — гэта мова. Прыйдзе яна — прыйдзе і ўсё астатняе.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу