Максім Максімавіч запаліў.
«Я пачаў ужо рабіць накіды да артыкула, як раптам пазваніў скаржнік і, паўтарыўшы разоў дзесяць слова «прабач», папрасіў нічога не пісаць. Але чаму? Аказалася, хутка адбудзецца суд і ягоную маёмасць вернуць. Як і трэба было чакаць, маёмасць яму вярнулі, хоць і не ўсю. Што ж да артыкула, дык ён, нягледзячы ні на што, з'явіўся і меў вялікі поспех.
У свой адрас я пачуў нямала кампліментаў, прычым не толькі ад сваіх знаёмых. Але ў дзень выхаду газеты быў і званок зусім іншага кшталту. Нехта на другім канцы провада зласліва прасіпеў: «Слухай мяне, вырадак. Ты сёння дахаты не дойдзеш». І я, азіраючыся, краўся да свайго дома па завуголлях. На наступны дзень званок паўтарыўся: «Дарэмна хаваешся, мярзотнік, ад нас не ўцячэш».
Максім Максімавіч сядзеў нерухома. А ў попельніцы курчыліся ў недарэчных позах тры свежыя акуркі.
«Гэты другі званок быў учора. А сёння — снежка ў акно. Гэтак моцна саданула, быццам атрымаў добрую аплявуху. Каго ж я пакрыўдзіў сваім артыкулам?.. Ведама — яе. А голас жа ў трубцы быў мужчынскі. І снежку гэтак моцна ўляпіць у шкло сваёй выпешчанаю ручкай яна не змагла б. Затое змаглі тыя боўдзілы, з кім яна вадзіла кампанію.
Значыць, помсцяць за яе. І калі так, дык гэта яшчэ не самае страшнае. Куды страшней, калі я, пішучы артыкул, выпусціў з-пад увагі нейкую важную акалічнасць, нечага не ўлічыў. Можа, занадта мелка капнуў праблему і гэтым самым незаслужана пакрыўдзіў гераіню артыкула? Відаць, так яно і ёсць. Тут усё вельмі проста... Як жа я адразу не дапяў: яна, гэтая ветраная афіцыянтачка, і не думала займацца мужавай маёмасцю. Не мяшочніца яна, не «анучніца», як ахрысціў яе ў атрыкуле. Натура не тая, склад розуму іншы. Ёй проста закарцела правучыць свайго мужа, які, з яе пункту гледжання, калоціцца над кожнаю капейчынай, кожнаю анучай... Эх, ёлупень, не дапяў. А цяпер во расплачвайся. І правільна. Так мне і трэба».
Вынесшы сабе прысуд, Максім Максімавіч з нейкай нават палёгкаю пакінуў кухню. І якраз у гэты момант яго запыніў званок у дзверы. «Ну, вось і развязка... Усё складваецца, як ён таго і чакаў... На ўсялякі выпадак зірнуў у вочка. «Го-о, ды гэта наш Васька Тупаў!» Крыху расчараваўшыся, што расплата зноў адкладваецца, паспяшаўся адчыніць дзверы.
— Заходзь, намеснік рэдактара па фотаілюстрацыях плюс заўгар. (Васіль працаваў у рэдакцыі фотакорам і на паўстаўкі вадзіцелем «Нівы», быў хлопцам у дошку сваім, і з яго пасад любілі пакпіць.)
— О, ты ўжо і апрануты. А я думаў, чакаць давядзецца. Пайшлі хутчэй. Шэф пасылае нас на разборку адной справы.
— Дык жа субота.
— Хіба першы раз?
— Іду.
Калі яны ўжо імчалі на старэнькай «Ніве» некуды на ўскраіну горада, Васіль хітра, па-змоўніцку зірнуў на Шагалевіча і чамусьці ні з таго ні з сяго зарагатаў.
— Здурнеў.
— Ты чаму такі бледны? Мо хто напалохаў, вунь твар як выцягнуўся.
— Э-эх, братка, сам я сябе і напалохаў. — Вырашыў выгаварыцца — мо лягчэй стане.
— Як гэта?
— Памятаеш пазаўчарашні артыкул пра развод?
— Ну. Пытаеш яшчэ.
— Не разабраўся я там да канца — дроў наламаў. Цяпер во нехта расплатай пагражае.
— Па тэлефоне?
— Угу. А ты скуль ведаеш?
— Казалі, што дахаты не дойдзеш?..— Тут Васіль не ўтрываў і зноў зайшоўся ад смеху. Рагатаў так, што ажно слёзы нагарнуліся на вочы.— Турак ты дурнаваты. Дубіна. Ну-у, з табой не засумуеш. Цырк на дроце. Анекдот. Гэта ж, гы-гы-гы, я... У-га-га, гэта ж я званіў табе...
Ён смяяўся яшчэ вельмі доўга, а Максім Максімавіч ажно скамянеў. Нарэшце да яго вярнулася мова:
— Не хлусі, не твой голас быў. Я добра памятаю.
— То адкуль тады я ведаю, што табе казалі па тэлефоне?
— І праўда, адкуль?
— Кажу ж — сам я і гаварыў.
— А голас?
— Што голас. Я насовачкаю мікрафон прыкрыў — і ўся музыка.
Максім Максімавіч павярнуў люстэрка, што вісела над галавой, і паглядзеўся ў яго. «Няўжо так нічога і не здарылася?.. Няўжо ўсе мае трывогі, пакуты — пустыя?» А ўголас сказаў:
— Не можа таго быць, каб нічога не здарылася. Ну ніяк не можа быць...
А Божачка ты мой, як жыць чалавеку, калі i на радасць, на ўсмешку шчырую i адкрытую ён ужо не мае права. Ненавіснае яно, жыццё такое. Ды хоць бы хто іншы, чужынец які адбіраў тое права, дык жа не — дзіцё роднае. Ну, ці ж не крыўдна, ці ж патрэбна каму жытка такая?
...Агатка калі атрымлівала ў калгаснай канторы пенсійнае пасведчанне, дык вырашыла, што працаваць ужо хопіць. Толькі не падумайце, што палайдакаваць захацела кабета. Не, работы яна ніколі не цуралася. Дзякаваць Богу, усё жыццё на ферме i круцілася. Ды як яшчэ працавала. Ого-го, ніхто гэтак не працаваў, як яна. I «ўдарнікам камуністычнай працы» была, i «заслужанай даяркай»... Ніхто ў гаспадарцы не атрымліваў гэтулькі ўзнагарод, ніхто гэтак не шанаваўся (i ў газетах пісалі-распісвалі, i на ўрачыстасці ездзіла ажно ў Маскву), але ніхто i не працаваў як яна — да знясілення. Вы ж не думайце, быццам бы жывёлагадоўчыя фермы былі заўсёды такія, як цяперака, што i гной з кароўнікаў транспарцёры выносяць, i кароў апараты самі дояць — цягнуць саскі, адно падключаць ix паспявай. Быў жа час, калі ўсё гэта рабілася ўручную. То прыбяжыць ні свет ні заpa (якраз самы салодкі сон у людзей у гэты час), падчысціць сваю групу на дваццаць шэсць галоў, саломкаю ці пілавіннем падсцеле, пагладзіць кожную рагулю ўжо тады не зусім каб паслухмянымі пальцамi, i зазвіняць, упіваючыся ў ацынкаванае днішча даёнкі, духмяныя пругкія струменьчыкі.
Читать дальше