— А чаго ж вы самі так устрывожыліся?
— Хіба? Ты, нябога, нешта выдумляеш.
— То я пайду. На станцыю. Ніякай машыны нідзе няма.
Нявада ўбачыў, што яна і сапраўды зараз пойдзе. Яна прыгнулася і перашнуравала свой чаравік і паправіла на галаве хусцінку. Сэрца ў Нявады заныла. Што такое здарылася? Хто яна такая, што яму так не хочацца больш ніколі не бачыць яе? Ён і сам не мог разабрацца ў той праўдзе, што яна якраз папала сваім расказам аб сабе на боль у яго душы. Можа нават толькі на тое, каб яшчэ затрымаць яе каля сябе, ён сказаў:
— Можа ўжо больш не будзе такога няшчасця з людзьмі, каб аддзялялі бацькоў ад дзяцей.
— Можа і не будзе. А можа будзе.
— Будзе. Цяпер я ўжо ведаю, што будзе, — раптам устрапянуўся ён. — Бо і так сказаць, чым жа свет і людзі з’іначыліся? У мяне ўкралі маленства мае дачкі.
— А ў мяне на дваццаць год укралі бацьку.
Вялікая трывога раптам ахапіла яго. Ён сам не мог саўладаць са сваім парывам. Зрабіў рух да самага рова і ўставіўся вачыма ў абцас, які (ён у гэтым быў упэўнен) растаптаў яго дрэўца.
— Чалавеча, скажы ты мне, чаго ты лёг тут?
Бот зварухнуўся, і чалавечая постаць з’явілася з-пад трапяткога вецця. Гэта быў чалавек малады і нерашучы, нават вялы рухам сваім. Ён хваляваўся і дзіка пазіраў на Няваду і Лізавету. Ён вылез з рова і сеў на краі яго. Некалькі кропак рабаціння было на яго твары, і валасы на галаве мелі нахіл да кучаравасці. Або ён выглядаў на многа маладзейшы сваіх год, або і сапраўды быў толькі ў першым сваім юнацтве. Адзежа на ім не мела пашаноўлі і догляду, у ёй заўсёды валяліся па мокрай траве і па пяску, яе рвалі аб сукі ў лясным гушчары, падсцілалі пад сябе нанач або, яшчэ лепш, спалі ў ёй. Яна была простая, як і ва ўсіх людзей на дарозе, але больш мятая і ўбруджаная. Ці было ўсё гэта непрыемна чалавеку? Ніякіх адзнакаў гэтага не было, хоць і льга было заўважыць, што на плячы ў пінжаку брудную лапіну не вельмі даўно так старанна церлі, што аж сукно выцерлі. Пакуль ён так сядзеў над ровам, Лізавета і Нявада глядзелі на яго, а ён маўчаў, пазяхаў і як бы чакаў. Пасля спрытна скруціў з махоркі папяросу, дастаўшы канцамі пальцаў махорку проста з кішэні. Закурыўшы, ён, надзьмуты і злы, паглядзеў на Няваду і абазваўся:
— Ну, чаго мяне пабудзілі? Дарогі пытацца ці што?
Нявада збянтэжыўся, адчуў, што немаведама на што пабудзіў чалавека.
— Дарогі пытацца? Не, я тутэйшы… Бачу — ляжыць чалавек у рове, у вільгаці, у мурашках, у яме. Як бы наверсе не знайшлося ўжо чыстай травы.
Чалавек, ці, можа, лепш называць яго «хлопец», пацягнуўся ўсімі сваімі суставамі і стаў, выплюнуўшы з рота недакурак. Пасля зірнуў на шашу і, як бы сам сабе, сказаў:
— Як на тое ліха, ніводнай машыны.
— А вам куды? — устрапянулася дзяўчына. Так і відно было, што яна была б рада знайсці спадарожніка дзеля свае дарогі, на якой трэба чакаць і пільнаваць выпадковых машын, пытацца, у які бок кіравацца, адпачываць на прыдарожнай траве, сустракацца з незнаёмымі людзьмі…
— А вам куды? — адказаў запытаннем хлопец.
— Мне за Бабруйск.
— Э, мне зусім у іншы бок. Мне пад Пяцеўшчыну, пад Самахвалавічы… На Менск.
— А-а, — працягнула з расчараваннем дзяўчына.
— То калі вам на Менск, дык чаго ж вы паглядаеце на шашу, — абазваўся Нявада. — Вам трэба пільнаваць машыну на гэтай вось дарозе. На Капыль, на Кучанку, на Перавоз, на Пырашава… Хоць, праўда, вы можаце на Слуцк, калі па шашы, а там на Менскі тракт…
— Ведаю, — сказаў зноў злы і надзьмуты хлопец. Здавалася, ён ненавідзіць гэтых людзей, што выпаралі яго з рова. Дзяўчына заўважыла ў ім гэтую рысу і адразу адышла ўбок. Нявада адчуў тут сябе лішнім. Тым часам з захаду на ўсход ішлі дзве машыны. Адна па шашы, другая па дарозе на Менск. Дзяўчына заварушылася, выбегла на шашу і падняла руку ўгару. Хлопец жа, здавалася, і не заўважаў, што якраз яго ідзе машына.
— Унь жа машына ў ваш бок! — не вытрымаў Нявада.
Хлопец паволі рушыў на сваю дарогу, яшчэ больш злы і нахмураны. Было падобна, што гэта ён збіраецца змясіць кулакамі і нагамі Няваду. Хлопец нехаця падняў руку, але невысока і на самы кароткі момант. Тым часам дзве машыны, не зважаючы ні на што, прайшлі далей, кожная ў сваю дарогу, і неўзабаве скрыліся з вачэй. Задаволены хлопец урачыста зірнуў на Няваду: «Ну што, стары дурань, трэшся тут, лезеш не ў сваё. Я сам ведаю, што мне рабіць». Вядома, Няваду сапраўды варта было б ісці ў свае Сумлічы. Што яму тут з гэтымі людзьмі? Але незразумелы смутак прыгнятаў яго душу. «Як гэты хлопец мог так незаўважна стаптаць дрэўца, і чаго ён хаваўся ў рове, і чаму ашуквае людзей, што яму трэба на Менск, калі ён нават як належыць не спрабаваў спыніць машыну? А відно, што ён здалёк, што ён у вялікай дарозе. Можа і дзяўчына гэтая хлусіць пра сябе і свайго бацьку. Можа ўвесь свет такі дзікі, што чалавеку не можна гаварыць праўду і баяцца другога чалавека. І можа ўжо скора пачнецца тая зноў навала? Можа ўжо зноў тут блізка ходзіць той вялікі злодзей, што ўкраў у яго Волеччына маленства?!» Душачыся нейкім страшным пачуццём, Нявада не зводзіў вачэй з хлопца, і той раптам уздрыгануўся:
Читать дальше