У самога мяне ўсё ідзе някепска. Добра, што тады ты быў памог мне, як я да цябе прыязджаў. У нас цяпер самы рэзрух. Ворагі сталі прыяцелямі, а прыяцелі сталі ворагамі. У якой хаце раней была калатня, дык цяпер стала ціха, а ў якой было ціха, дык пачалі калаціцца. З нашай камуны дзве хаты адкінуліся - спалохаліся, але новыя хочуць. Прыехаў бы ты, паглядзеў, што робіцца. Папраўдзе, вазьмі ды прыедзь. І з Маргарытай пагаворыш, можа лепш угаворыш яе. Так жа з ёю справу цягнуць няможна, мы ўсе павінны пра яе падбаць. Не толькі ж лячыцца, але і паберагчыся трэба. Яна гэта сама ведае лепш за нас. Каму гэта ведаць, як не ёй. Але што ты ёй зробіш! Яна гордая, ды яшчэ і любіць нас усіх. Успамінае ўсё, як мы гадаваліся. Сапраўды, якое гора яе спасцігла! Але вельмі дрэнна, што яна тоіць яго ў сабе і нават з Маняю скрытная бывае. Вітае цябе Маня. Яшчэ адно. Чыталі мы газету (не зусім свежую, газеты сюды да нас даходзяць позна), дык там пра цябе чыталі, што ты нібыта там нейкі сход хацеў раскідаць і шкодную рэзалюцыю прапанаваў. Тут усе ўжо ўзялі ў шух вельмі. Я то не веру, што гэта было так, як надрукавана, але, прызнацца, адразу як прачытаў, дык жахнуўся. А хто цябе тут не любіў, дык пачалі языкамі малоць - от, кажа, табе і прававерны камуніст вельмі. Нешта недзе не ўнаравіў, дык і скідаюць ужо. Мне здаецца, што ўсё гэта нейкае непаразуменне. Пісані і пра гэта колькі слоў. Якуб».
* * *
«Браце Якуб! Пішу адразу пра справу. Што на мяне пусцілі паклёп - дык гэта ўсё рука Марынковіча. Сёння мяне «чысцілі», там гэты газетны паклёп быў самым галоўным абвінавальнікам. Паклёп з мяне знялі, і пра гэта будзе ў той жа самай газеце. Усе гэтыя матэрыялы - і мае, і Марынковічавы, пойдуць у камісію па чыстцы партыі. Марынковіч цяпер устрывожыўся. Як Маргарыта? Я пісаў ёй тады, пасля твайго ліста, што няхай адпачне гэты час, а да канца лета я збяру грошай, і тады яна паедзе куды падлячыцца. Ніхто мне з вас на гэта нічога не адказаў. Чакаю. Віця».
* * *
«Браце Віця! Не адказвалі мы табе доўга таму, каб не трывожыць цябе. Але цяпер пішу - Маргарыта зусім хворая. Зусім ляжала ў пасцелі і толькі гэтыя два дні патроху ўстае. Я прывозіў доктара, і ён сказаў, што нервы яе не ў парадку. Ёй трэба лячыцца, так што ты добра прыдумаў сабраць ёй трохі грошай. І я памагу, колькі будзе ў мяне, вельмі дрэнна з ёю, баязно, каб зноў не пагоршала. Якуб».
8. З стэнаграмы следчага допыту
...Зноў была ў мяне з ім сутычка.
Ён зусім іначай гаворыць са мною. Пра новага чалавека цяпер гаварыў не ён, а я. Трэба ад Марынковіча збавіцца, сказаў я яму, каб ён не шкодзіў фармаванню новага чалавека. Ён пачырванеў, вочы яго наліліся крывёю, але ён тут жа асеў. Яго аглушыла пастанова камісіі па чыстцы апарату і перадача ўсёй гэтай справы як матэрыялу ў партыйную камісію. Ён злуе, вар'юецца, але стараецца стрымлівацца. Штосьці хацеў са мною гаварыць, але я пайшоў. Я прачытаў яму на адыходзе Якубаў апошні ліст - губы яго сціснуліся, і ён з нянавісцю глянуў на мяне... Цяпер ён адзяецца прасцей, скінуў гальштук і вельмі ветлівы з усімі на працы. З кожным загаворвае. Але цяжка з ім гаварыць - усё выходзіць няшчыра, холадна, штучна. Нейк так выходзіць, што ўсякі або згаджаецца з ім, або маўчыць.
Як мяне ператрэсла ўся гэтая справа!
9. Тэлеграма
Віктару Лукашэвічу Прыязджай Маргарыта пры смерці Якуб
10. Ад аўтара
На гэтым канчаюцца пісаныя матэрыялы, што да справы Віктара Лукашэвіча, і пачынаецца не пісаны яшчэ раман.
1929
Кааператар Сафрон Дзядзюля вельмі заўзята расказваў, што прыцемкам, спускаючыся з высокага сельсавецкага ганка, ён убачыў такі малюнак: нейкая незнаёмая жанчына шпарка выйшла з-за дубовага паркана, які абгароджваў царкву і могільнік навакол яе, і ўпэўнена пайшла да таго месца, дзе калісьці была брама. Не знайшоўшы іншага спосабу ўвайсці ў могільнік, жанчына пералезла цераз жэрдкі, якія на месцы брамы былі наглуха папрыбіваны канцамі да слупоў. Паркан быў высокі, і Сафрон Дзядзюля не мог бачыць, што жанчына рабіла на могільніку. Ён толькі заўважыў, што яна адразу накіравалася кудысьці за царкву, дзе чатыры вязы густа ўсцілалі зямлю жоўтым лісцем. Ужо зусім было цёмна, калі жанчына выйшла з могільніка. Стоячы за рогам паркана, Дзядзюля бачыў, як яна некалькі разоў азірнулася на царкву і цяпер ужо зусім паволі пайшла ў вуліцу. Неўзабаве жанчына зайшла, мусіць, у адну з канцавых хат, бо раптам яе нідзе не відаць стала.
Постаць і хада гэтай жанчыны непрыемна нагадалі Сафрону Дзядзюлю адну асобу, раптоўная думка пра якую разварушыла даўнюю прошласць. Успаміны гэтыя былі прыкрыя. Але з-пад гэтай прыкрасці даволі ўпарта высоўвала галаву ганарыстае задаваленне.
Читать дальше