Яна ўспомніла, як, прыгнуўшыся на дрывотні ля варыўні, з-за вугла страляў з аўтамата кутузавец, малады зусім. Бачыла яго твар, але не помніць ужо, забылася. Забылася, чаго і прыходзіла з Карчаватак дамоў: мусіць, па бляшанку з-пад малака і па кашулі маленькай Іры, якія не ўхапілі з сабой... Мучыліся без іх у балоце: змяніць дзіця не было ў што. «Галава... — падумала яна, — на дзяцей забывацца стала... А пра тое, што каза скакала на плечы кутузаўцу, — помніць. Як затрашчыць той сваім аўтаматам — яна яму на спіну. Козы, глядзі, каб на іх дохлае, стрэлу дзяркатага не выносяць... Таму кутузавец, відаць, і страляў так рэдзенька: чыркне, тады казу зганяе з плеч і мацюгае на ўвесь двор...»
Падводы расцягнуліся па грэблі, падняўшы пыл, і цяжка было разгледзець, хто за кім едзе. Пярэдні, Іван Боганчык, падбіраўся ўжо да мастка, што быў у другім канцы грэблі. Боганчыка можна пазнаць па жарабку. Жарабок у яго добры, нават з гружоным возам не сцішае хады.
Сама горш ззаду: глытаеш пыл, як гар які. Каб не балелі ногі, саскочыла б зноў і пайшла б сцежкай ля крыніцы, пакуль мінецца грэбля...
Наста чапляе лейцы за пугаўё і запіхае яго пад мех. Буланчык, пачуўшы, зноў даў у хамут, захроп. Мокры ўвесь, пачарнеў; ад яго запахла потам.
На Кур'янаўшчыне, далёка над лесам, што быў аж сіні ад смугі, гудзелі самалёты. Набліжаліся ажно сюды, да грэблі, і тады над полем і могілкамі віселі, што каршуны; калі рабілі паварот, раўлі, аж замірала ўсё ўсярэдзіне. Пасля хаваліся з воч, і ў самым кутку на Кур'янаўшчыне падала на лес чырвонае полымя, як хто кідаў там зверху галавешкі з агнём.
Наста пачула, як у яе пахаладзела за плячыма...
«Дзвінасу немцы паляць... — уздыхнула яна. — З самалётаў...»
Стаяла густая духата — здавалася, самлела ўсё на зямлі за дзень. Сонца паўзло на захад, распаранае, як у лазні, у смузе: на яго нават можна было глядзець, не захінаючыся рукавом. Яно скора паверне за раку, на Карчаваткі. Там адвячоркам, дзе яшчэ ўчора яны былі ўсёй вёскай, закурыцца туман, белы, як сырадой, і ляжа на ягаднік і на мох у балоце раса. Забляе бакас, і будуць ныць камары — вісець хмарамі над купінамі. Збегчы б туды зноў з дзяцьмі — Іру на рукі, Валодзя сам пабяжыць са шклуначкам пад пахай, — паваліцца пад куст і не ўставаць, пакуль не аціхне страляніна... Дык жа і там не было ратунку. Знайшлі немцы, калі пайшлі балотам з-пад Камена.
Тады яна надумала, што ў Карчаватках у балоце можна было б абмыць з вачэй пыл, бо за ім свету не відаць, — а ён падымаецца і падымаецца з дарогі ад пярэдніх падвод і вісіць над калёсамі, як хмара.
Схаваліся самалёты; у тым баку, дзе сыпаўся з гары агонь, падняўся чорны слуп дыму і стаў распаўзацца на ўсё неба над лесам.
Даг-даг-даг-даг... — закудахкаў раптам ззаду кулямёт, як старая курыца, недзе на тым баку вёскі, за гумнамі ля лесу, дзе раніцай рылі акопы ўласаўцы, і захлопалі стрэлы. Водгаласкі пайшлі за лагі на імшары — у Карчаваткі.
«Не ўцерпелі да начы... Лесу баяцца... А можа, хто ўцёк з вёскі? Дзе ты цяпер уцячэш... Ля кожнага вугла ўласавец...»
Зноў стала ціха; тахкалі толькі па ямах калёсы, хроп Буланчык, і рэзалася ў некага аб атосу кола, мусіць, у Сяргеішынага Алёшы.
Яны мінулі грэблю і падымаліся на гару да могілак. Пад'язджалі да школы, ад якой, было відаць здалёку, асталося вялікае белае каменне і пагнутая рудая бляха — ляжала на зямлі. Школу ўчора пад вечар спалілі немцы. На пустым двары, што парос палыном і ля платоў жоўтым на цвеце дзівасілам, стаяў адзін зруб над студняй са стрэшкай. Ад студні на ўвесь двор расцягнулася вытаптаная белая сцежка і хавалася недзе пад лістамі пагнутай бляхі ля ганка.
На гары Насце добра былі відаць усе падводчыкі.
Пярэдні ехаў Іван Боганчык на сівым, у яблыкі жарабку, якога ён, ужо як паявіліся партызаны, прывёў ноччу «з-за ракі» — «збамбіў» — і шкадаваў, што роднага бацьку: хаваў і ад паліцыі і ад партызанаў. Калі даводзілася ўжо, прыціскалі, сам ездзіў на ім. І сёння паехаў сам. І нікому б, відаць, не ўступіў яго ніколі.
Боганчык сядзеў высака на мяхах і, падняўшы руку, махаў над галавой дубцом — паганяў. Яго чорная барада была відаць аж здалёку.
За Боганчыкам, нокаючы на маленькага гнядога Сібірака, рассеўшыся на возе, кратаў плячыма валасаты Мірон Махорка-Карашкі ў чорнай сарочцы; за ім на сваіх доўгіх разводах соўгаўся Валодзя Панок — ківаецца здалёку яго сівая галава; Панка дагнала на рабой кабыле Таня Паляншчынка — усё нешта крычала яму, папраўляючы ў дзве рукі сваю доўгую касу; за Таняй, звесіўшы галаву ў вялікай чорнай кепцы, ехаў стары Янук Тваюмаць; на шостым возе ляжаў ніц, галавой у перадок, і ні на кога не глядзеў Сяргеішын хлапец Алёша. Дзіця яшчэ зусім, дзесяты год яму, ці што. Наста добра не помніць ужо... За яго возам, паклаўшы галаву аж на мяхі, і тупаў Буланчык. Адвесіў губу, форскаў, здавалася — хоча перагрызці на калёсах мех: дастаць зярняты.
Читать дальше