Над лесам, выплыўшы з туману, стаяў месяц: мяккі і ціхі, ён быў цяпер белы, што малако, і, мусіць, ад таго зрабілася зялёнае неба з дробненькімі зоркамі. Іх было нямнога ўгары, над самай галавой; яны былі вострыя і дрыжалі, што ў калядніцу ад марозу.
На дарозе ззаду было відна, як удзень. Добра відаць была Алёшава падвода і сам Алёша: раскінуўшы рукі на мяхах, ён спаў — галавой уперад, да каня.
Панок падумаў: каб хаця не зваліўся, глядзець яшчэ за ім трэба — спіць і спіць усю дарогу, як на бяду...
Наперадзе нехта з мужчын курыў, мусіць, Боганчык: бліснуў быў агонь, што іскра, і пасля запахла дымам ад самасаду.
Яму зноў здалося, што ён дома зімой за сталом ля акна ў першай хаце. Устаў яшчэ додніцай разам з Веркай. Яна ўсягды рана ўставала зімой, раней за ўсіх у сваім канцы вёскі. Устане і топчацца ў парозе ля печы з вілачнікам у руках...
У хату зайшліся мужчыны — конюхі. Пусцілі коней адных ля плота да рэчкі паіць, а самі забегліся пагрэцца: на дварэ мароз — не патыкайся.
Хукаюць у рукі, пазнімаўшы рукавіцы; закурылі; у хаце поўна дыму — вісіць у парозе пад столлю, пасля цягнецца да чалесніка і ідзе ў комін: рэдзенькі і белы ад агню з печы.
...Стала зноў холадна за плячыма. Панок убачыў, як Наста паправіла на грудзях нажутку, абцягнуўшы ля шыі. Было сыра, аж мокра ад туману, і пахла аднекуль вялая трава: асака і рабінка, як з учарашняга пакосу, — мусіць, недзе ля дарогі было стаптана балота.
Усюды была раса: ляжала на мяхах — яны былі вільготныя, што ўсё роўна адсырэлі, — і блішчала ад месяца на ляжэйках дробненькімі кропелькамі, як мак. Панок убачыў, як блішчыць на спіне ў Танінай кабылы мокрая пільсць; падумаў, што коні не абсохлі яшчэ ад поту, які цёк з іх удзень пісягамі...
Занылі над галавой камары, хлынулі з балота. На твар сыпанула дробненькая і калючая халодная машка, што імжа, — лезла ў вочы, і трэба было бараніцца.
Камары кусалі праз сарочку за плечы — калолі, як іголкамі; тады пачынала свярбець спіна аж да паясніцы...
Наста паправіла хустку, абвязаўшы тужэй ля шыі і насунуўшы спераду на лоб да самых вачэй. Пасля абцягнула рукавы ў нажутцы; нажутка ў яе была старая, з кароткімі рукавамі, і не было куды схаваць рук.
На зямлі пад Танінымі калясьмі бразнула аб нешта цвёрдае атоса — звалілася з восі — і звінела, падскокваючы па карэнні.
Панок забег наперад кабыле, чапляючыся за сухое ламачча і за яловыя лапкі, што сцёбалі па каленях.
Калі стала кабыла, ён пачуў, як плача Таня — яна ляжала на баку, падкорчыўшы пад сябе здаровую нагу, і ціха хліпала, шморгаючы носам... Да яе загаварыла Наста:
— Што стогнеш?.. Баліць?
— Б-баліць... — Таня зашморгала носам яшчэ горш.
— Я табе зараз усыплю... — Наста нагнулася над калясьмі. — Балі-іць... Ёсць там чаму балець... Пацярпі... Ты ж не відзіла, што там за рана... А я відзіла. Адлежала нагу, дык і баліць. І не хныч... Не маленькая... Давай памагу легчы на другі бок... Давай рукі...
Лёгшы на другі бок і апёршыся на локаць, Таня зноў захліпала:
— А што я буду рабіць, калі вярнуся... Матка хворая-я...
Падняўшы на руках, Наста падцягнула яе яшчэ назад, паклаўшы вышэй на мех галаву.
— Бяры лейцы і трымайся за ляжэйку. Хоць адной рукой... Звалішся пад колы, тады... Ад камароў бараніся... А то аб'ядуць... — не сціхала ля калёс Наста.
— Піць... — прасіла Таня. — Блага... — Лейцы яна не хацела браць.
— Дзе я табе вазьму піць?.. — Наста ўзяла лейцы, завязала іх за ляжэйку. — Пацярпі. Скора ўжо Краснае. Дамоў едучы, у калёсах ляжаш. На сена...
— Холадна. Накрыйце... — прасіла Таня.
— Цярпі, дачка. Сагрэешся, зараз паедзем... — усё супакойвала яе Наста.
Панок тады выпусціў з рук цуглі, за якія трымаў кабылу, і падышоў да калёс. Доўга не мог узяць Таню пад пахі, пакуль не памагла Наста. Падумаў, што ў Тані, мусіць, пал — гарачая галава. Узяўшы пад пахі, ён падцягнуў Таню яшчэ вышэй на мяхі. Хацеў быў паправіць на галаве касу: каса расплялася і чаплялася за рукі. Пасля, нічога не кажучы Насце, падняў на калёсах у перадку верхні мех і, намацаўшы адной рукой завязку, тузануў за хвасты. На ляжэйку, на мяхі і яму, Панку, на грудзі хлынула жыта, пырскаючы ў вочы. Ён пачуў, як яно пасыпалася на зямлю — на ногі. Убачыў, як павярнула галаву кабыла — пачула зярняты.
Парожні мех ён узяў у дзве рукі за рагі і страсануў аж два разы, выбіваючы ад пылу. Тады асцярожна накрыў Таню па самую шыю — мех быў даўгі і шырокі.
Пайшла раптам сама Таніна кабыла — ён, мусіць, няўмысля крануў за лейцы. Наперадзе, куды яны ехалі, зайшоўся кулямёт, моцна, на ўвесь лес. Пайшло рэха — аж разлягалася зямля. Панок павярнуў у той бок галаву — на неба над лесам ускочылі дзве ракеты. Белыя і халодныя, яны доўга стаялі на адным месцы, пакуль адразу не патухлі.
Читать дальше