— Глядзі, каб яшчэ не прыехалі «чорным воранам» ды не забралі ў якую цюрму!
— Што гэта ў цябе ўсё ў «цюрму» ды ў «цюрму»?..
— Ага! Ты не помніш, Сцяпан не помніць, а я добра помню, як пасля вайны «варанкі» гайсалі!.. Лягаў чалавек спаць, а назаўтра няма, і па сённяшні дзень ніхто не знае, дзе...
Самае дзіўнае было, што брат не спаў — а маўчаў. І Антон нічога матцы не адказаў. І матка больш не адзывалася.
Ляжалі без сну — і кожны думаў адно і тое ж.
З гэтых выхадных, ад Каляд аж да старога Новага года, стала такая адліга, такая зрабілася, як маці казала, «скаўзеліца», што без кійка немагчыма было прайсці па двары. Зверху вада, калюжыны, знізу — голы лёд. Пачарнелі стрэхі хат і хлявоў, дрэвы ў садзе, нязвыклы — без свайго белага ўбрання, — чужы, непрытульны стаяў лес. Агарод і поле цераз дарогу парабіліся рабымі ад чорных грудкоў, што павылазілі з-пад снегу. Зранку да вечара на двары вісеў мокры туман — нібы дождж, стаміўшыся, узяў і завіс паміж небам і зямлёю. Позна развідняла і рана цямнела. Васкевіч нічога не рабіў, сядзеў, чытаў, глядзеў тэлевізар; выходзячы пакурыць, глядзеў на пахмурае неба, на рабы агарод, выпускаў з рота цыгарэтны дым, а дым так і стаяў каля твару, над галавою, бы гэты туман, не разыходзіўся... Нейкі цягуча-нудны сум сядзеў усе гэтыя дні ў душы, не даваў спакою, раз'ядаў яе, як гэтая слота раз'ядала снег з поля... Прыходзіў у госці Пульс, мокры, трымаючы ў руцэ ўсю ў гразі шапку — пакуль дайшоў, умудрыўся два разы ўпасці. Як чалавек культурны, каля парога зняў галёшы, мокрую шапку выкруціў у «свінячае» вядро, паклаў на прыпечак сушыцца. Маці дала яму паесці і наліла шклянку віна. Ён адразу ж ап'янеў, выпіў адно за адным тры сырыя яйкі, у кожнае ўсыпаўшы мо з паўжмені солі, пачаў расказваць, як адна «баба» з Двароўкі (суседняй вёскі) ездзіла ў горад, у «енвалідскі дом», выбрала там і прывезла сабе «мушчыну», прасіў, каб Васкевіч і яго звазіў у той дом і памог там выбраць «бабу», спяваў, танцаваў пад песні з радыё... Толькі позна ўвечары ледзь удалося яго справодзіць.
Перад старым Новым годам, пасля абеду, выбліснула раптам сонца, без ветру, неяк самі сабой паплылі за лес шэрыя дажджавыя хмары, усё вакол паяснела. Адразу ж проста на вачах вада ў двары пачала пакрывацца крохкім рыфленым лядком, зацвярдзела, пашэрхла зямля, і певень, які ў той дзень доўга не йшоў на седала, ужо смела, героем пазіраючы на курэй, хадзіў па непралазнай яшчэ колькі хвілін назад, а цяпер трывалай гразі. За ноч зямля ператварылгася ў чорны лёд. Снегу не было, марозік ціснуў, а ад зыркага ранішняга чырвонага сонца было, здавалася, яшчэ халадней.
Загарнуўшы ў газету пашпарт, ваенны білет, працоўную кніжку, выпіску — свой «воўчы білет», Антон чыста пагаліўся, нацёр за вушамі і пад носам, прытарным, душным (які быў) адэкалонам «Цытрусавы», апрануўся ў сваё гарадское: куртка, вымытыя блакітныя джынсы, наваксаваныя чаравікі, ад якіх паспелі адвыкнуць ногі і таму цяпер асабліва прыемна было ступаць, — і, не снедаючы, не чакаючы аўтобуса, пашыбаваў у мястэчка, у сельсавет, за шэсць кіламетраў.
Шырокая, высыпаная адсевам, а цяпер ледзяная дарога блішчэла пад сонцам — аж у вачах балела; добра, што ўжо метраў праз дзвесце пасля апошніх хат пачынаўся лес. У лесе Васкевіч павярнуў на вузкую сцежачку між хвой, паўз дарогу: і не так слізка, і калі будзе ехаць папутка, з дарогі яго не заўважаць. Пасля бадзяння па хаце, нудоты апошніх дзён хацелася прайсціся аднаму, падумаць. Ды й то: здорава, марозна, ясна, сонца мільгае ў вершалінах высокіх хвой, б'е ў вочы, жоўтым мяккім золатам адсвечваюць ствалы — гладкія, бы літыя, знізу зусім без галін, стромкія, тоўстыя... Калі забыць, што на галаве шапка, а на руках пальчаткі, і глядзець не пад ногі, не па баках, дзе паўсюль наздраваты, падмарожаны, усыпаны ігліцаю і шышкамі лясны снег, а ўверх, на сіняе неба і гэтыя жоўта-залатыя ствалы, дык адчуванне, быццам патрапіў у самае лета, у жнівень месяц...
Колькі разоў ён перамераў сваімі нагамі гэтую дарогу ў два канцы! Школьны аўтобус як мінімум раз на.тыдзень ламаўся, і добра было, калі суха, цёпла — закінуў, як кажа матка, ногу на «лісапету» і заехаў. А зімою, увосень, увесну, у такі вось галалёд? І тым не менш, як ён любіў гэтую дарогу, колькі з ёю звязана ўспамінаў, якія ніколі не забудуцца!.. Калі б цяпер у яго быў пэўны настрой, не карцела б так найперш разабрацца ў сабе цяперашнім, ён абавязкова перанёсся б у тыя свае гады, у клас, скажам, сёмы — калі ў іхняй школе праходзіла раённая алімпіяда па шахматах і ён заняў першае месца, абыграўшы дзевяць чалавек запар; вяртаўся з мястэчка марозным зорным вечарам адзін, несучы за пазухай цвёрды, гладкі, залатымі літарамі запоўнены дыплом, дзе было надрукавана яго прозвішча і імя — ішоў і ні грама не баяўся, хоць у гэтым лесе вадзіліся ваўкі... Альбо ў клас дзевяты, калі ў школьнай сталоўцы ладзілі сустрэчу-знаёмства двух дзевятых класаў — іхняга і з гарадскои школы, з танцамі, і яго ўпершыню ў жыцці, пад зайздросныя хіхікі аднакласнікаў запрасіла на танец бялявая тоненькая дзяўчынка з горада... Нейкі час пасля таго ён быў проста героем школы; а тады, ідучы гэтай дарогай, на ўзлеску каля мястэчка забрыў невядома чаму ў зараснікі акацыі, ламаў галіны, крывяніў рукі, і ўсё хацелася думаць вершамі, але за ўсю дарогу выдумаўся толькі адзін радок: «И руки твои абдымалі меня...»
Читать дальше