Яна яшчэ штось казала калючае, злое, крыўднае, а ў яго не было ні секунды, каб запярэчыць, сказаць пра тое, што ў яго нікога апроч яе няма і не будзе, што вельмі моцна кахае яе, не ўяўляе жыцця без яе. Ён усё ж злавіў момант, уклініўся, сказаў усё, што думае, чым поўніцца яго душа. Дзяўчына адвяла вочы ўбок, пасля сама горача прыпала да яго грудзей і, асыпаючы пацалункамі, сказала:
— Нікому цябе не аддам. Ты мой, чуеш, мой. І нікому цябе не аддам. Я начамі не спала, усё думала, калі ты з’явішся, парадуеш мяне добрым словам. Хачу, хачу твайго кахання. Дзеля цябе рашуся на ўсё, мой любы. Толькі шапні, толькі пакліч.
Яна больш не плакала. Але ў вачах ужо былі іншыя слёзы. Слёзы пакоры, адданасці, самаахвяравання.
— Дурненькая мая, я ж дбаю пра нашу агульную будучыню. Вось толькі ўсталююся на новым месцы, напішу дыпломную і паклічу цябе, каб распісацца. Паглядзіш, як мы будзем цудоўна жыць.
— Гэта праўда — распішамся? — ажно не верыла яна пачутаму. — Але ж нас не распішуць.
— Гэта чаму?
— А таму, што мне яшчэ васямнаццаці няма.
— Ну, не бяда, — засмяяўся ён, — вось народзіш мне дачушку, тады дзе дзенуцца, распішуць.
— Але ж без роспісу грэх, вялікі грэх, — яна зноў асыпала яго пацалункамі.
— Дзеля дачушкі, нашай дачушкі, можна і саграшыць.
— Мама тады мяне заб’е, — шчаслівая, шаптала яна.
У гэты вечар яны схадзілі ў кіно, пасля, ужо поначы, доўга сядзелі яшчэ на лаўцы пры хаце, слухаючы, як дзесь за ровам гаманілі хлопцы і дзяўчаты, нехта рыпаў на гармоніку. Ноч была цёмная, без зорак. У тым баку, дзе Гараўкі, раз-пораз успыхвалі бліскавіцы.
— Усе арэхі спаліць маланка, — пашкадавала дзяўчына. — Але я люблю начныя бліскавіцы. Як добра думаць і марыць пры іх. А яшчэ калі ціша, нідзе ніводнага гуку, ні шолаху лісточка на дрэве. Божа, як жыць тады хочацца, быць шчаслівай.
— Мы будзем шчаслівыя, вер мне, любая. У дошку разаб’юся, а зраблю ўсё, каб табе было добра. А цяпер мне, відаць, пара. Ды і табе заўтра рана на працу. А я яшчэ пакуль дабуджуся Колю ці Лільку. Трэба было загадзя каго з іх папярэдзіць, што прыйду начаваць. Свінтус грандыёзус я вялікі.
Вадзім падняўся, яшчэ раз моцна ашчаперыў дзяўчыну і ажно задыхнуўся ў гарачым пацалунку.
2
Пад’язджаў ён да гэтага ціхага ляснога гарадка з незвычайным хваляваннем. Як стрэнуць, ці вызвалілася месца, справіцца ці не з рэдакцыйнымі абавязкамі? Пытанні, пытанні.
Гэтай дарогай ехаў ён упершыню. Скрозь лясы і лясы. Паабапал шашы — карабельныя сосны, верхавіны якіх сягалі далёка ў неба. Рэдка дзе страчалася жыллё. Насустрач аўтобусу, цяжка сапучы на пад’ёмах, ішлі магутныя лесавозы, везлі драўніну ў Мінск. Быў канец ліпеня, і спёка, якая трымалася ўжо два тыдні, даймала і ў аўтобусе, хоць усе форткі былі расчынены. Затое адтуль, знадворку, несла пахам смалы, густым і гаркавым, які, калі не было машын, хацелася ўдыхаць на поўныя грудзі. Гэты край, ведаў Вадзім, лічыўся партызанскім, тут лютавалі карнікі, тут яны забівалі людзей і палілі цэлымі вёскамі. Перад тым, як ехаць сюды, ён некалькі дзён сядзеў у Ленінцы, усё, што толькі можна было, прачытаў пра Бягомльшчыну. І чым болей чытаў, тым мацней вабіў яго гэты пакутны край, яго прырода, рэкі і азёры. Ведаў, калі прымуць на працу, яму давядзецца аб’ездзіць, а то і абхадзіць дзясяткі большых і меншых вёсак, раскінутых на бязмежным лясным абшары. Ведаў ужо і тое, што людзі тут жывуць надзвычай бедна. Калгасы пасля вайны ніяк не могуць акрыяць, а дадаткова дзе зарабіць капейку, акрамя як за грыбы ці ягады, альбо ў леспрамгасе, цяжкавата.
Набліжаліся першыя будынкі, і Вадзім цяпер думаў, куды найперш пайсці: у рэдакцыю ці гасцініцу. Як бы там ні было, а начаваць сёння давядзецца тут. Усё ж вырашыў падацца ў гасцініцу, а адтуль, як пакіне такі-сякі свой скарб, у рэдакцыю.Пад канец рабочага дня пастукаўся ў рэдакцыйныя дзверы, абабітыя дэрмацінам.
— Заходзьце, — гукнулі з сярэдзіны. Вадзім зайшоў і зніякавеў: замест таго чалавека, з якім знаёміў Вадзім Уладзіміравіч, сядзеў у крэсле таўсматы мужчына з кароткімі вусікамі, штось пісаў у блакнот.
— Вам што? — папытаў хлопца.
— Я хацеў бачыць рэдактара, — Вадзім яшчэ падумаў, што мо гэта палавіна драўлянай будыніны, падзеленай сенечкамі, зусім не належыць рэдакцыі. — А я трапіў у яго кабінет?
— У яго, у яго. Толькі ўжо без яго. Калі вы прынеслі які допіс, то пакіньце мне, я ведаю, каму перадаць.
Скумекаўшы, што нешта тут не так, Вадзім не ведаў, як быць: завярнуцца і пайсці, ці ўсё ж сказаць, дзеля чаго прыехаў. Рашыў пакуль памаўчаць, схітрыў:
Читать дальше