36
Даверыўшы гэтую гісторыю паперы, я сядзеў над свежаскончаным чарнавіком, чуючы ў сабе звычайную ў такія хвіліны гулкую пустэчу нейкіх аддаленых лёхаў, дзе сціхалі далёкія крокі і заміралі ў прыцемных нішах ды кутах нядаўнія, поўныя зямных гукаў і пахаў скавышы і проймы.
У вакне з-за даху гістарычнага музея, насупроць якога я жыву, выглянуў край зыркага месяца. Цікава — я кінуў вока на гадзіннік, — колькі яму спатрэбіцца, каб выплысці цалкам? Я зусім не чакаў, што за лічаныя хвіліны месяц, а дакладней, налітая святлом поўня, не проста адарвецца ад даху, але і паспее адплысці на адлегласць, большую за свой дыяметр. Здавалася, я нават заўважаю ейны рух па нябесным атраманце, аздобленым вуалева-празрыстымі начнымі аблачынкамі. Дамаляваўшы да поўні святлявы «хвост», яе можна было прыняць за велізарную няспешную камету.
Уяўленне прачнулася і не збіралася супакойвацца. Ажно да халадку па хрыбетніку прымроілася: гэта не поўня, а тая вандроўная планета, што, шчасліва размінуўшыся з нашай, неспадзявана павярнула назад і імкліва набліжаецца да Зямлі, каб неўзабаве засціць сваёй зялёнай куляй палову небасхілу. Калі ўзняўся, ператвараючыся ва ўраган, апошні зямны вецер, галоўная гераіня таго фільма закрыла маленькаму хлопчыку вочы. Фантазія разгулялася да таго, што сэрца азвалася чутным у вусцішы рытмам.
Гэта толькі кіно, — сказаў я сабе і прамовіў надуманае ўголас, дакладна, як у дзяцінстве мама, калі на кінасеансе я пачынаў плакаць і туліцца да яе: — Гэта толькі кіно, сынка, толькі кіно.
Маміных слоў хапіла і цяпер.
Ды поўня не адпускала. Вымкнуўшы святло, я ўгледзеўся ў зыркі дыск з шырокім туманным галом. Кажуць, на месяцы можна ўбачыць, як Каін забівае Авеля. Я напружыў зрок, аднак убачыў іншае: у верхняй частцы поўні, распасцёршы крылы, ляцела над замглёным долам вялізная птушка. Месяц праплыў праз яшчэ адну аблачынку, і дол ператварыўся ў другую птушку. Цяпер дзве птушкі з урачыстай павольнасцю рухаліся адна за адной. Праз хвіліну яны пераўвасобіліся ў дзве чалавечыя постаці з раскрыленымі рукамі, якія плылі па магічным коле, не выклікаючы ніякіх асацыяцый з біблійнымі героямі.
Раптам дзесьці ў бязмежжы паміж мной і поўняй нарадзілася вар’яцкая здагадка, адкуль наведваўся да мяне Чорны чалавек. Яна, здагадка, здаецца, спадабалася і самой поўні, якая скінула хуткасць і наогул — адносна мігатлівай зоркі злева ад яе — застыла ў адной кропцы, нібы нарэшце знайшла сваё месца.
І тады мне неверагодна выразна і пранізліва ўявілася, што ў гэтую хвілю з самых розных светаў і сусветаў на поўню скіравалі позіркі мае танцоры-самнамбулы, і хтосьці з іх неадменна трымае на руках ці на плячы іх верную сяброўку — чатырохногую танцорку-Котку, якая, магчыма, зусім і не была коткай. Разам з імі ўзіраўся ў поўню тапелец з перлінкай у вуху, што так і не з’явіўся ў маўклівым танцы пад зоркамі, ды дзіўным чынам назаўсёды застаўся ў ім прысутны. Прастору да зіхоткага дыска праціналі і позіркі юнай рыжавалосай жанчыны з азёрнага пляжа і яе другога ўвасаблення — жанчыны-малпачкі з марэлевай поўсткаю. І — праз два з паловаю стагоддзі — падымала вочы да залатой зрэнкі нашага паўночнага неба мексіканка ў срэбнай сукенцы з адкрытымі плячыма. А мама сачыла за поўняю, стоячы пры цёмным вакне ў гасцёўні, і ў месяцавым святле паблісквалі шкельцы яе акуляраў у чарапахавай аправе.
І — у гэтыя самыя імгненні — з зялёнай канапы глядзеў на поўню Чорны чалавек.
Але вечнасць усё адно заставалася роўнай чалавечаму жыццю.
Я запаліў настольную лямпу і ўверсе першай старонкі напісаў: Чорны чалавек на зялёнай канапе.
37
Граматык Тэрэнцыян Маўр меў рацыю: Habent sua fata libelli...
2016
Хачу вам паведаміць, шаноўныя сеньёры,
што памянёны Ідальга прыбыў да нас
з намерамі сумнеўнымі і надзвычай падазронымі.
1
У аэрапорце за паўгадзіны да пасадкі Марцін выняў з наплечнай кайстры кармінавы штодзённік, каб спраўдзіць, ці не забыўся чаго істотнага. Ён перагарнуў старонкі на бліжэйшыя дні і зрабіў маленькае адкрыццё: абведзеная колцам дата — 23 красавіка — прыпадала акурат на канец яго кароткага падарожжа. Гэта адразу перайначыла Марцінаў настрой, дадаўшы да лёгкага перадвандроўнага хвалявання новыя эмоцыі.
Марцін міжволі ўсміхнуўся: дзяцінства праз столькі гадоў па-ранейшаму заставалася з ім. Ён абвёў вачыма пачакальню. Наўрад ці хто-небудзь мог хоць прыблізна ўявіць, чым занятыя цяпер ягоныя думкі.
Читать дальше