Мацак аддаў новы тэлефонны загад, і ягоныя падручныя ўзяліся адціскаць людзей ад магілы. Сёй-той з задніх шэрагаў не паспеў пакласці кветкі, таму іх перадавалі пярэднім. Пра незвычайную птушку ўсе забыліся, адзін я, адступаючы пад націскам чорных вязаных шапак, зноў і зноў азіраўся на яе. Кругі рабіліся ніжэйшымі, і нарэшце птушка праляцела над самым магільным грудком, але здалёк я ўжо не здолеў убачыць, ці паклала яна Настаўніку аеравую галінку.
35
Трэба дадаць, што ўвесну я зноў выкарыстаў сястрын ад’езд для самотніцкай працы, ды ні на яве — на зялёнай канапе, ні ў сне — у скураным фатэлі або дзе-небудзь у іншым кутку кватэры — Чорны чалавек або хтосьці суадносны з ім не з’явіўся.
Тады адлічваў свае апошнія дні красавік. На лясных узгорках-санцагрэях па дарозе на возера сінелі званцы дрымотніку, але ў лагчынах пасля доўгай марознай зімы яшчэ бялелі сям-там лапікі снегу.
Возера, што здараецца такой парою нячаста, пакуль стаяла пад зеленаватым лёдам. Пра ягоную трываласць сведчылі тузіны два ўседлівых рыбакоў, якія не збаяліся пракруціць палонкі на самай сярэдзіне, разасяродзіўшыся па ледзяной роўнядзі доўгім няроўным ланцужком. Зрэшты, там лёд, відавочна, быў мацнейшы, бо пры беразе яго падтачылі шматлікія раўчукі-ручаінкі, што ўліваліся ў вузкую паласу серабрыста-чыстай вады.
Вы, відаць, заўважылі асаблівасць маёй памяці, якая ў пэўны момант неспадзявана пасылае са сваіх сховаў мой уласны, або нечы радок, маю не маю, здавалася б, даўно забытую і згубленую недзе думку, і менавіта такі раптоўны падарунак найлепей кажа пра перажываную цяпер хвіліну, змяняючы оптыку і перайначваючы навакольныя фарбы…
Так адбылося і ў той момант. Плыве вясновымі ручаямі радасць тапельцаў… — прагучала ўва мне, і я, пераступіўшы прыбярэжную ваду, выйшаў на лёд. З кожным крокам прыходзіла адчуванне ягонай усё большай надзейнасці. Абыходзячы першых рыбакоў, засамотненых на бляшчастых скрынках-седалах, я рушыў да таго берага. Упэўненасці надавалі стуленыя постаці далёка наперадзе. Ва ўсякім выпадку я наважыўся дайсці да доўгага ценю ад знаёмай яліны, бо ішоў тым самым шляхам, якім пераплываў возера ўлетку, і нізкае сонца кратала лоб несляпучымі ласкавымі промнямі.
Сіні цень ад яліны ўжо быў відаць наперадзе. Па два бакі ад майго арыенціра і, калі лічыць ад ценю, на сотню крокаў бліжэй да мяне паводдаль адзін ад аднаго ўладкаваліся двое самых далёкіх вудалёў. Я правёў паміж імі нябачную лінію і праз пару хвілін апынуўся якраз на ёй.
Знячэўку адзін з рыбакоў, які сядзеў спінай да мяне, падхапіўся і, павярнуўшыся, узняў над галавой скрыжаваныя рукі. Ён знаходзіўся не так блізка, каб я мог разгледзець твар або пачуць голас, аднак пасланы знак меў адзіна магчымы сэнс. Я ўдзячна памахаў рукой і спыніўся. Плыве вясновымі ручаямі радасць тапельцаў…
Апусціўшы павекі, я досыць працяглы час стаяў, уяўляючы падлёднае жыццё: вялікіх сонных рыбін; нейкіх іншых істотаў, надзеленых варухлівымі шчэлепамі на затуленых у багавінні галовах; карані і доўгія сцябліны лілеяў, якія — адрозна ад мёртвага тапляку — павінны былі захаваць у сваёй памяці апошнія жывыя рухі юнака з завушніцай і залатой кітвагаю на сініх плаўках.
Калі я расплюшчыў вочы, сонца якраз кранулася спічастых вершалін таго берага і ў паглыбелым небе запалілася першая зорка. Невідочнымі хвалямі з-за лесу наплывала сціхота. І ў гэтай чуйнай, акварэльна тонка афарбаванай вясновымі колерамі і пахамі сціхоце нарадзілася і ўскалыхнула маю свядомасць поўнае вусцішнай светлыні адкрыццё:
Вечнасць роўная чалавечаму жыццю.
Некалькі хвілін я, апанаваны гэтым адкрыццём, не адрываў позірку ад небакраю, а апусціўшы вочы ніжэй, здрыгануўся. Рыбак, што нядаўна падаў мне знак трывогі, па-ранейшаму стаяў з паднятымі скрыжаванымі рукамі, як быццам і не апускаў іх. Я хутка супакоіў сэрца, зноў памахаў у адказ і пайшоў у свой бок. Праз колькі крокаў азірнуўся.
Дзіўна, але двух вудалёў, якіх я нядаўна злучыў невідочнай лініяй, ужо не было. Праўда, гэта нічога не азначала: там, за прыбярэжнымі ялінамі, ішла дарога, а рыбакі, безумоўна, ведалі бяспечную сцежку на той бераг.
У лесе сутоньвалася. На прыкмечанай па шляху на возера выжарыне я ўгледзеў шаравата-блакітныя мазкі дрымотніку і сарваў кветку на кашлатай ножцы. Дома, не адшукаўшы адпаведнага збанка, паставіў кветку ў высокі вінны келіх і занёс яе на пісьмовы стол.
Вечнасць роўная чалавечаму жыццю.
Читать дальше