6
Там, на кухні, разглядваючы вінную этыкетку, я і адчуў, што ў кватэры прысутны хтосьці яшчэ. Раптоўнае адкрыццё змусіла перахапіць неадкаркаваную пляшку за рыльца. Пасля кароткага роздуму я перакінуў гэтую зброю ў левую руку, у правай сціснуў самы вялікі кухонны нож і асцярожна ступіў у калідор.
Першае павярхоўнае абследаванне кватэры не прынесла ніякіх вынікаў. Надзейныя дубальтовыя дзверы на лесвічную пляцоўку былі на моцнай металёвай засаўцы. Пластыкавыя вокны прачыненыя зверху, і ў іх, апрача мух і камароў, маглі заляцець хіба што матылёк і, пры моцнай ахвоце, верабей.
Але адчуванне чужой прысутнасці не пакідала, а рабілася мацнейшым. Яно прымусіла рассунуць у спальні дзверцы шафы-купэ і перабраць вешакі з сестрынымі сукенкамі, каб упэўніцца, што за імі або ў іх саміх ніхто не затаіўся. Зазірнуўшы дзеля прыліку пад ложак і напалохаўшы порсткага павучка, я з парога зноў уважліва абвёў позіркам гасцёўню. Упэўніўся, што нікога няма ні ў кабінеце, ні ў маленькім пакоі паміж спальняй і кухняй, які некалі служыў у бацькоў спальняю для гасцей. У вітальні я падміргну ў расхваляванаму чалавеку ў вялікім авальным люстры. Чалавек з люстра міргнуў у адказ, тым самым сведчачы, што з ягонай прасторы ў маю ніхто пакуль што не патрапіў. Праінспектаваўшы прыбіральню з лазенкай, я вярнуўся да круглага кухоннага стала і ўсё ж вырашыў — перадусім дзеля супакаення — выпіць віна. Перапрацаваўся, — паспрабаваў я ўголас растлумачыць свой стан, ды атрымалася зусім непераканаўча.
Корак з пляшкі выйшаў так звонка, нібы шніпар быў у руках у некага іншага. Нервы… Яно, можа, і не дзіва, калі ўзяць пад увагу, штоты пішаш.
Мая аповесць, умоўна кажучы, прысвячалася самнамбулам. Спярша гэта былі трое дарослых — Настаўнік, Залаціставалосая і Кіяскёрка, а таксама двое падлеткаў — Гімнастка-васьмікласніца і крыху старэйшы за яе хлапчук, ад імя якога і распавядалася тая гісторыя. Ён быў адзіны, хто, прачнуўшыся, усё памятаў, таму што раней бачыў адбытае і на яве.
Самнамбулы збіраліся з розных канцоў горада на даху недабудаванага закінутага гатэля і танчылі пад зоркамі, каб пасталець, згубіцца ў вялікім свеце і зноў — каму пашанцуе — сустрэцца ў маўклівым паўночным танцы ў памяць пра тых, хто танчыць на дахах ужо ў тагасветных гарадах. Разам з людзьмі ад самага пачатку танчыла Котка — нібыта звычайная трохколерная бела-чорна-рудая рыска, аднак з дзівосна доўгім хвастом, які, перакінуты на спінку, даставаў да вушак. Потым у аповесці павінны былі з’явіцца яшчэ два нешараговыя персанажы — Паэт і карузлік.
Шыраз трапіўся сапраўдны — густы, цёмнафіялетавага колеру, букет, як і ўласціва гэтаму віну, бліжэйшы не да садавіны, а да спецыяў, з выразнымі смакавымі адценнямі шакаладу і чорнага перцу. Адмыслоўцы, згадалася мне, нездарма называць шыраз віном пачуццёвым ці нават непрыстойным.
Ды падмануць сябе не ўдалося: думкі пра віно існавалі самі сабой, а ўся істота наструнена прыслухоўвалася да кватэры, прымушаючы ўнутраны зрок зноў, пачаўшы ад спальні, сканаваць пакой за пакоем.
Праз колькі імгненняў келіх з віном ледзь не выпаў з рукі. Цяпер я ўжо напэўна ведаў: хтосьці ў кабінеце. Прысутнасць гэтага кагосьці лакалізавалася на зялёнай велюравай канапе. Вольна адкінуўшыся на падушкі і паклаўшы нага на нагу, на канапе сядзеў… абсалютна чорны чалавек.
7
Каб авалодаць сабой, я зрабіў глыток, затым другі і трэці. Шыраз цалкам страціў нядаўнія ўласцівасці, перайначыўшыся ў шараговае пітво айчыннай фірмы Ambassador ; якая з аднолькавай сыравіны паспяхова вырабляла амаль што ўсе на свеце віны. Я механічна дапіў келіх і падняўся. Сказаўшы, што дзейнічаў рашуча, я нахабна б схлусіў. Праўдзівым было іншае слова — зацкавана. Аднак я зрабіў некалькі крокаў, выйшаў у калідор і, таймуючы сэрца, асцярожна зірнуў у прачыненыя дзверы майго часовага кабінета. Як і чакалася, там нікога не было. І разам з тым ён, бясспрэчна, знаходзіўся ў гэты момант на канапе.
Зноў апынуўшыся на кухні, я зразумеў, што здолеў разгледзець яго лепей. Першы раз здалося, быццам Чорны чалавек голы, але на ім выявілася нешта накшталт цёмнаатрамантавага, з лёгкім серабрыстым адлівам трыко. На нагах ён меў чорныя, нізкія і пляскатыя пантофлі з даўгімі, загнутымі ўгару мыскамі. Такі абутак можна ўбачыць на палотнах старых майстроў ва ўборах прыдворных блазнаў, хоць мой няпрошаны госць выдаваў на каго заўгодна, але не на блазна. З тае прычыны, што ён сядзеў, рост вусцішнага візітанта заставаўся нявызначаным, і пра яго мне наканавана было даведацца адно праз два тыдні.
Читать дальше