Трываючы востра-пякучы боль у галаве, Хлебнікаў ляжаў у бліндажы і чакаў, калі хоць хто-небудзь зазірне сюды, каб запытацца, што там адбываецца, дзе камбат? Але ішоў час, напэўна, ужо сьціхаў бой (што толькі нёс ён палку — перамогу ці паражэньне?), а да яго ніхто не заходзіў. Тады ў сьвядомасьць капітана пачаў паўзьці страх — ці не застаўся ён тут адзін, ці не пакінулі яго чырвонаармейцы? Гэта было б жахліва, да такога становішча ён быў не гатовы, пра тое ён нават ня мог падумаць. Але, мабыць, пакінулі. Праз нейкі час вакол зусім сьціхла, ня стала чуваць ніводнага стрэлу ці выбуху ў полі і над тарфянішчам — падобна, настала ноч. Але дзе ж нашы? Дзе другі батальён, дзе камбат? Дзе хоць бы які чырвонаармеец? Адзін, без дапамогі, забыты ўсімі, ён тут прападзе, гэта ж пэўна. Вось зьявяцца немцы, шпурнуць у бліндаж гранату, якая ўмомант разматляе ягоныя вантробы, паперабівае рукі і ногі. Добра, калі ён сканае адразу. А калі яны возьмуць яго жывым…
Напакутваўшыся так у няпэўнасьці, ён падняў свой пісталет, даслаў з магазіна патрон у патроньнік. Засталося даволі лёгкае — націснуць на спуск, і ўсё назаўжды скончыцца. Мусіць, гэта ўсё ж самае лепшае. Бо іначай, што ж чакае яго, сьляпога і бездапаможнага, апроч пагібелі ад ворагаў ці ад свае раны. Не, лепей ужо ён сам. Паднесьці пісталет да балючай, няўклюдна-тоўста забінтаванай скроні і ціскануць. Якую секунду болю ў і без таго перапоўненай болем галаве і далей — нішто. Поўнае вызваленьне ад пакутаў і перажываньняў.
Мабыць, так, гэта было б найлепей, думаў капітан Хлебнікаў. І гэта прыйдзецца зрабіць. Толькі вось рашучасьці на тое ў яго не хапала, усё ён чагосьці чакаў, услухоўваўся, цягнуў — нібы на што спадзяваўся. Хіба спадзяваўся на цуд. Але ішоў час, а цуда не адбывалася, і ён лаяў сябе, абзываў баякам, сьлізьняком, — ён ужо сябе ненавідзеў за сваю нерашучасьць. І нудзіўся, пакутваў ад болю і безвыходнасьці.
Бясконца доўга цягнуўся час, Хлебнікаў змагаўся з болем і то забываўся, то губляў прытомнасьць, можа нават, зьнясілены болем, драмаў, то ўсхопліваўся, слухаў. Часам рабілася холадна, ці гэта яго знабіла, цела біла дрыжака, і ён спрабаваў хоць як-небудзь сагрэцца, захінуцца шынялём, на якім ляжаў. То рабілася горача, і ён пацеў, абліваючыся гарачым потам.
Мінуў, мабыць, не адзін дзень, хоць ён зусім ня мог адрозьніць дня ад начы; страляніна даўно спынілася, і вакол было ціха і глуха, бы ў падзямельлі. Ён і сапраўды быў у падзямельлі, воддаль ад дарог, у полі пад вёскай з такой памятнаю для яго і ласкавай назвай — Любашы. Неяк ён прахапіўся ад гулу, што глухаватай магутнаю хваляй аднекуль плыў у бліндаж, але паслухаўшы, ён падумаў, што гэта, мабыць, гудзе на шашы за тарфянішчам. Шаша-брукаванка была ўсё ж далекавата ад участку другога батальёну, ён гэта памятаў з карты, якую трымаў у руках на КП, яшчэ калі яны ладзілі тут абарону. Шкада, тады ён ня надта цікавіўся навакольлем, не паглядзеў, дзе яшчэ былі вёскі. Хаця, што яму цяпер вёскі, хіба ён дойдзе да іх…
Невядома ўжо, ці ён спаў, ці ліпеў на мяжы страты прытомнасьці, але неяк адразу пачуў блізкія ад траншэі крокі і схапіўся за пісталет. Слухаў з дрыготкім сэрцам у грудзях, чакаючы пачуць галасы, каб дазнацца — хто? Ды не пачуў нічога. Ціхія крокі чалавека, які нібы крадзецца, спыняецца, слухае, чуліся ззаду ад бліндажу, на тыльным баку траншэі, і ён раптам спалохаўся, што ўпусьціць гэтую рэдкую магчымасьць азвацца. Але як было і азвацца? А калі там немец?..
І ўсё ж ён не стрываў, з пісталетам у руках выпаўз у траншэю, упіраючыся ў мокрыя сьцены плячмі і локцямі, неяк устаў на ногі і падаў голас. Мусіць, той яго голас прагучаў роспачна і бездапаможна, хоць ён і стараўся надаць яму сілы і рашучасьці, і ён нарыхтаваўся стрэліць.
Ды гэта была жанчына.
Цяпер ён нібы прыдбаў надзею і ўхапіўся за яе. Ён толькі баяўся, каб жанчына не ашукала яго, не напалохалася сьляпога, можа б яна памагла. Як яна магла яму памагчы, ён ня ведаў, найперш ён прасіў есьці, бо аслабелы, адчуваў, што не працягне доўга. Ён проста сканае тут, у гэтай нары, перш чым яго знойдуць свае ці немцы ці ён наважыцца ўрэшце пусьціць сабе кулю ў лоб. Гэта ўжо зусім было б брыдка, гэта проста было б па-дурному. Ну але што ён мог, невідушчы?.. Ці ён сам выбраў сабе гэты лёс? Ён толькі стаў ягонай ахвярай, — недарэчнай, крыўднай ахвярай, што папоўніць і без таго немалы сьпіс ахвяраў гэтай вялікай вайны.
Адчуўшы благое, Серафімка прыбегла на свой паруйнаваны, аброслы быльнягом падворак і адразу ўбачыла расчыненыя дзьверы ў сенцы. Усё ж дзьверы яна зачыняла, як ішла раніцай, значыць, тыя там пабывалі. Серафімка кінула на падворак рыдлёўку, убегла ў цемнаватыя сенцы і адразу кінулася да кубёлка, дзе ў зрудзелым слаі солі яна з зімы ашчаджала два кавалкі сала. Ды дзе там! Побач на зямлі валялася счарнелае вечка, а ў кубёлачку было пуста — адна соль на сподзе. Значыць, пабралі, каб іх пабрала крываўка.
Читать дальше