− I вялікі штраф?
− Па максімуму. Дзьвесьце мінімальных зарплат.
− Ё-маё! I будзеце плаціць?
− А што ж рабіць? Апішуць маёмасьць…
Мінкевіч казаў тое амаль спакойна і разважліва, як пра што звычайнае і паўсядзённае, бы і не перажываючы. Можа, перажыўшы ўжо. Расчыніў насьцеж абедзьве палавіны дзьвярэй, зашчапіў на кручкі ў доле.
− І думаеце адкупіцца штрафам?
Мінкевіч выпрастаўся, павярнуўся да яго і ўздыхнуў.
− Штрафам, канешне, не адкупішся. Ад гэтага рэжыму наогул нічым адкупіцца немагчыма. Трэба ўзьнімаць народ, падвышаць ягоную самасьвядомасьць.
− Самасьвядомасьць! Вы − самасьвядомасьць, а ён − сто тысяч АМАПу. Чыя возьме? − запытаўся Ступак і змоўчаў, чакаючы, што скажа на тое адукаваны дацэнт.
− Што рабіць! − азваўся той пасьля паўзы. − Наогул дэмакратыя ў барацьбе з таталітарызмам ня мае адэкватных сродкаў.
− Гаўно тады вы, а не дэмакраты, − ціха, бяз злосьці сказаў Ступак і пайшоў да свайго гаражу.
Як узьнімаць народ, ён ужо бачыў, сам ледзьве не апынуўся ў ролі ўзьнятага, сьпярша было нават прыемна, неяк нават сьвяточна. Але як іх лупанулі гумовымі «дэмакратызатарамі», дык гэты народ, бы чарада вераб’ёў, пырхнуў з вуліцы. Аж пыл закурэў. На тым баку − сіла, войска, міліцыя, КДБ, сотні тысячаў сексотаў, жалезныя кіпцюры «вертыкалі» Апроч таго, суд, пракуратура і нават адвакатура, новы дэкрэт пра якую толькі што надрукавалі, − усё ў ягоных руках.
Тая кароткая гаворка з Мінкевічам яшчэ болей умацавала Ступака ў ягоным намеры − толькі такім чынам, які ён задумаў, і можна нешта зьмяніць у іхнім бядотным становішчы. На сілу патрэбна − сілай. На гвалт − яшчэ большым гвалтам. Інакш кранты ўсім − і бэнээфаўцам, і афганцам, і камуністам. Каб дамагчыся царскай улады, гэты ня спы ніцца ні перад чым. Пасьля царскай захоча імператарскай і так далей аж да сусьветнага панаваньня. Нахабства ў яго хопіць. Асабліва яшчэ, калі яго падтрымаюць. А гэткіх заўсёды падтрымліваюць, бо яны − сіла. Не, трэба ад яго ратавацца. I ён, афганец Ступак, − паратоўца, якім ён сам прызначыў сябе. Ну і што, што сам? Паратоўца-кілер, такога, можа, і не было. Ён будзе першы.
Але зброі ў яго ўсё ня мелася, а баксы ў кішэні раставалі − праз дзень давялося разьмяняць і другую сотню. Як ён ні эканоміў, стараючыся есьці радзей, болей хлеб з салам, але цэны ў гастраноме кожны дзень скакалі ўгару. Людзі ажно стагналі ўранку, убачыўшы новую цану на хлеб, кефір, малако, якіх, мяркуючы па ўсім, пачалі прывозіць у магазін менш, чым раней; пад вечар ужо нельга было купіць нават хлеба. Затое надвячоркам праз расчыненыя вокны і форткі разносіўся па падворку знаёмы, з хрыпатой голас, поўны пахвальбы, абяцанак, пагрозаў да апазіцыі, праклятых бэнээфаўцаў, якія пляжылі ўсе ягоныя планы ашчасьлівіць народ. Народ жа ў яго заўжды быў слаўны, шаноўны і гераічны, які заўжды рабіў правільны выбар і не памыляўся, − не памыляўся і цяпер, адзінадушна абраўшы самага мудрага кіраўніка. Аднак тое пераставала ўжо дзейнічаць на большасьць слухачоў, і калі яшчэ нешта натхняла іх, дык хіба паведамленьні пра чарговыя выкрыцьці ў органах улады, зьняцьці і нават пасадкі высокіх чыноў. Але не надоўга, бо жыцьцё ад таго не рабілася лягчэй, і тады зноў патрабавалася выкрываць ворагаў, шпіёнаў, вядомых эмігрантаў і некаторых дыпламатаў − агентаў ЦРУ. Суседзі ля гаражоў ужо не абмяркоўвалі палітыку самога, а толькі лаяліся. І нават цьвёрдакаменны камуніст Сазон Іванавіч і той пачаў бэсьціць самога, хаця гэта, мусіць, таму, што кампартыя раскалолася на дзьве, кожная з якіх усчала барацьбу з суперніцай. Цягавіты Плешка проста прымоўк, толькі паныла курыў, і калі аднойчы Ступак паспрабаваў пагутарыць з ім, махнуў рукой − то ваш клопат. Мне ўжо таго − ня шмат засталося…
Увесь час думаючы пра зброю і прыглядаючыся да людзей, знаёмых і выпадковых сустрэчных, Ступак цэлымі днямі швэндаўся па горадзе і калінікалі забрыдаў у цэнтр да рэзідэнцыі самога. Доўга стаяць там ці шпацыраваць навідавоку ў цывільных таптуноў ды міліцыянтаў было немагчыма, і ён дзелавым крокам, з заклапочаным выглядам тэпаў па адной вуліцы, пасьля па другой, скоса пазіраючы за тым што рабілася каля палацу. Пад’ездаў там было некалькі і ўсюды тырчэла ахова − у міліцэйскай форме і ў камуфляжы; унутры таксама, мабыць, былі вартавыя, туды было не паткнуцца. Але ісьці непадалёк па вуліцы пакуль што не забаранялася, і Ступак усё меркаваў-думаў: як бы падлавіць пэўны момант…
Аднойчы ён, здаецца, натрапіў менавіта на такі момант. Хоць і быў з голымі рукамі, але што-нішто згледзеў, ідучы ад метро па вуліцы ўніз. Толькі мінуў сьветлафорны пераход, як пачуў рэзкі рух ззаду − то немаведама адкуль выскачылі адзін за адным аж тры аднолькава чорныя аўтамабілі замежных марак, порстка падкацілі да прыступкаў галоўнага пад’езду − адна бліжэй да дзьвярэй, іншыя − далей, мусіць, каб прыкрыць першую ад вуліцы. З першых высыпаліся чалавек дзесяць у камуфляжы, з аўтаматамі і адразу разьбегліся абапал прыступкаў. Адначасна з апошняй машыны таропка выскачыў рослы чалавек у шэрым гарнітуры і між ахоўнікамі порсткім крокам шыбануў да дзьвярэй. Тыя нібы самі сабой расчыніліся і тут жа ляснулі ззаду за ім. Усё тое заняло некалькі секунд, за якія пешаход Ступак зрабіў усяго дзесяць крокаў.
Читать дальше