Мікола, Сярожа і Жэнька рагочуць.
А мне, даросламу, ужо і думалася, што тут у хроснага — і любасць да ўсяго жывога, і тое ўсё, што ідзе адтуль, з той чароўнай краіны, дзе нараджаюцца казкі.
Сёння мы бачым, — і па саміх сабе, і па дзецях, — што нам прынёс савецкі лад жыцця, хто як вырас на той ці іншай рабоце. Цяжэй сказаць, а што было б у таксама спрыяльных умовах з таго ж Сідара-гоп, Чыркуна ці хроснага — медык, артыст, пісьменнік? Можна толькі гадаць ды прымерваць. Вялікі горад, у якім мой хросны жыў у бежанстве, знаёмства з сякой-такой мясцовай інтэлігенцыяй і людзьмі «духоўнага звання», з усімі, каго ён мераў, каму шыў, не адвучылі яго ад матчынай мовы. Словы ў яго былі, як арэхі, адно ў адно, а з усіх разам — вобразнасць і смех.
Яшчэ раз пра таго ж Мікіту Турка: «Авечку зарэжа, і то не ядуць адразу, а павесіць у запас. Тымі сухімі сцягонцамі — хоць у лапту гуляй!..»
«Адна нявестачка ў яе — як тая ластавачка, а другая — як вулей». І поўная, значыцца, і салодкая. Потым прыйшло акрэсленне і сучаснае: «Баба — як трактар». Пра іншую, дзе і сіла, і гром.
Пра ткаллю-гультайку: «Як стукаць ды лопаць, як за дзень, дык і локаць, а як за сем дзён, дык і губка вон».
«Добры нос чарку (ці хвігу) за тыдзень чуе». «Пагладзь ката, дык ён і хвост задзярэ». «Не любіш дроў калоць — і не наколеш». «Што не даямо, то дапеямо». І тое, урэшце, яшчэ раз успомнім: «Не пацешыўся б, дык павесіўся б…»
Нічога, калі мне хтосьці скажа цяпер, што ён такое недзе ўжо даўно чытаў. Мне люба-дорага было пачуць гэта ў той час, калі я не бачыў яшчэ аніякіх фальклорных тамоў, а толькі чуў пачутае, адчутае на смак і захаванае, каб перадаць, а то яшчэ і дапоўненае, прапушчанае праз яшчэ адзін народны, безыменны талент.
Некаторыя прыгаворкі хроснага патрабавалі тлумачэння. І ён гэта рабіў. Напрыклад, гэта:
— Дзед бабу пасадзіў зімою не ў вазок, а ў сані лясныя, толькі палукашак паставіў. Сам прыкурчыўсё спераду, а баба, як пані, капою расселася ззаду. А потым людзі крычаць: «Чалавек, бабу згубіў! Чалавек, бабу згубіў!» А дзед думае, што гэта не яму. Не азіраецца, не бачыць, што той палукашак з бабай кульнуўсё на ўхабе і ўжо далёко ляжыць на дарозе. Так і пайшло яно: «Крычаць не крычаць, а мы з табою, бабо, едзьмо!» Гэто дзед так тады прыгаворваў.
Або такое:
— Запарыла яна таму Жэніку мяты, чарніц сушаных дала пажаваць. Бо ўжо ж яго замучыў Аляксей… Які, ты кажаш, Аляксей? Па-гарадскі гэта — панос. Як: «пры чым Аляксей?» Есць жа такое свята напрадвесні: Аляксей — чалавек божы з гор пацёкі.
Пазней я праверыў гэта ў праваслаўным календары. Семнаццатага сакавіка па старым стылю «Аляксей — Человек божий» — гэта ёсць. А «з гор пацёкі» — самадзейнасць у медыцынскім прыстасаванні.
Як тая дзесятая запаведзь, — «ні вала, ні асла яго», — пра Лётчыкаву беднасць і гультайства.
На чыгуначнай станцыі, дзе не спыняюцца хуткія цягнікі, яшчэ ўсё стаяць дагэтуль аблезлыя рэшткі атынкаванай невысокай абгароджы, якая больш за паўстагоддзя таму назад здавалася мне высачэзнай, даўжэзнай і таямнічай белай сцяной.
За гэтай сцяною тады кудысьці знік мой хросны. Упершыню ў жыцці з'явіўся і неўзабаве знік. Потым з'явіўся зноў. Ды ўжо не выйшаў з пугай з-за сцяны, а выехаў адтуль з канём і з возам. Каб больш ніколі не знікаць.
Гэта тлумачыцца вельмі проста. Мы вярнуліся з горада, і на апошняй станцыі нас сустрэлі сваякі, у тым ліку і хросны, які вярнуўся з бежанства настолькі раней, што я зусім не памятаў яго. Павітаўшыся, сваякі пайшлі на плошчу па коней, і мы, забраўшы сваё дабро, на трох фурманках паехалі ў вёску.
Хроснага я палюбіў, відаць, з таго самага дня. А неўзабаве, гадоў праз шэсць ці сем, ужо хацеў і пісаць пра яго. Потым пісаў, а яшчэ пазней і друкаваў напісанае, на працягу гадоў расцерушыўшы гэты вобраз на многіх і розных старонках. Цяпер я не падбіраў у памяці рэшткаў гэтага вобраза, асцерагаючыся паўтораў, а думаў, што раскажу пра яго, нарэшце, усё. Ды вось жа зноў няма яго — такога адчування. І справа, вядома, не ў фактах яго сціплага жыцця, якія вычарпаць ды падлічыць не надта цяжка…
Апошняя наша сустрэча была такая ціхая і светлая. І — перш за ўсё — яна тады аніяк не здавалася нам апошняй.
Перад вялікімі чыстымі вокнамі новай хаты, пабудаванай яго наймалодшым, Жэнікам-трактарыстам, у агародчыку, дзе былі кветкі і яблыня, на яблыні гэтай зязюля збірала вусеняў. І зусім не баялася нас. Пашалясцела ціхенька, папералётвала з галінкі на галінку і махнулася шэрая — паляцела далей, у іншыя сады і агародчыкі. Такая звычайная, будзённая, нібы артыстка, якую пасля яе паэтычных, аддаленых сцэнай «ку-ку» сустрэнеш у магазіне з авоськай.
Читать дальше