Памятаеце? – "Цытадэль", "Тэрэспальская брама", "Холмская брама". Бастыёны й казэматы. Пройма-зорка, як вырванае сэрца. "Смага". "Мужнасьць" – агромністыя каменныя глыбы. Пасьляваенная афіцыйная прапаганда адбудоўвала Берасьцейскую крэпасьць у мазгох усяго савецкага народа – разам з жалезабэтонным мурам на заходніх межах.
Гераічная абарона Крэпасьці – адвечная бітва беларускае гісторыі. Менск 1085 г. Гародня 1311 г. Смаленск 1351 г. Полацк 1563 г. Віцебск 1568 г. Слуцк 1655 г... Сотні аблогаў, тысячы штурмаў. Мэмарыял Берасьцейскай крэпасьці – гэта сымбаль усіх беларускіх руінаў, якія страляюць ва ўпор.
Сёньня паціху трэскаюцца й рассыпаюцца ў пыл гіганцкія глыбы мэмарыялу. Імпэрыя развальваецца – у блізкае Белавескае Пушчы, па расьселых межах, па-над Бугам і Мухаўцам, у цяперашнім Берасьці.
Але рана баліць па-ранейшаму. Гіганцкі ржавы цьвік усё яшчэ працінае цела краіны.
Берасьцейская крэпасьць застаецца месцам, дзе пабываць трэба абавязкова. Бо й аднае шчэпці зямлі адсюль, аднаго праху, што пабываў, і замкам, і храмам, і крэпасьцю, і чалавекам, і помнікам дастаткова, каб зразумець, зь якога крывавага попелу паўстае будучая Беларусь.
Беларуская Народная Рэспубліка – цудоўнае ўваскрасеньне Беларусі пад бел-чырвона-белым сьцягам у час вялікіх рэвалюцыяў пачатку XX ст.
БНР была абвешчаная незалежнай дзяржавай у III Статутнай Грамаце, прынятай 25 сакавіка 1918 г. Дзень быў такі – каталіцкае Дабравесьце й адначасова сьвята Уваскрасеньня Божага.
Паміж кашмараў I сусьветнай вайны й расейскай рэвалюцыі, у эпіцэнтры збройных сутыкненьняў савецкага бальшавізму з кайзэраўскай Нямеччынай ды польскім нацыяналізмам, сярод суцэльнага гвалту й мільёнаў сьмерцяў БНР была створаная без адзінага стрэлу.
БНР, аднаўленьне беларускай дзяржавы, сталася заканамерным вынікам усяго Новага Запавету беларускае гісторыі. Паўстанцы й фальклярысты XIX ст., Багушэвіч і Дунін-Марцінкевіч, Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада і "Наша Ніва", ўсе адраджэнцы працавалі, ахвяраваліся й аддавалі жыцьцё для таго, каб у адзін цудоўны дзень прадстаўнікі беларускага народа абвясьцілі абсалют уласнае незалежнасьці.
Палітычнай базай для дзяржаўнага адраджэньня стаў Усебеларускі Зьезд 1917 г. Сярод шэрагу падобных асамблеяў, што прагрымелі па ўсіх нацыянальных ускраінах былой Расейскай імпэрыі, Зьезд быў небывала прадстаўнічым: 5 сьнежня 1917 г. у будынку, дзе сёньня разьмяшчаецца Тэатар Янкі Купалы, з усёй краіны сабралася 1872 чалавекі – 1176 з правам вырашальнага голасу і 706 – з дарадчым, у асноўным беларускія сяляне й вайскоўцы. 17 сьнежня Зьезд разагналі бальшавікі. Але ён пасьпеў стварыць беларускі парлямэнт – Раду БНР, і беларускі Урад – Народны Сакратарыят. БНР стала адзінай легітымнай беларускай уладай таго часу.
Праект "БНР" раскруціла каманда інтэлектуалаў, якія мелі бліскучую адукацыю, валодалі замежнымі мовамі і зрабіліся першакляснымі палітыкамі, эканамістамі й дыпляматамі. БНР абвесьціла дзяржаўную незалежнасьць, без выкупу перадала зямлю тым, хто на ёй працуе, нацыяналізавала нетры, лясы й багацьці, дэкляравала правы, свабоды, недатыкальнасьць асобы й 8-гадзінны працоўны дзень.
Менавіта БНР адчыніла ў ваенным міжчасьсі 200 беларускіх школаў, пераняла ў немцаў гандаль, прамысловасьць і сацыяльную сфэру, дамаглася ўвядзеньня дзьвюхмоўных пашпартоў і пачала фармаваньне беларускага войска. За 9 месяцаў ва ўмовах нямецкае акупацыі БНР пасьпела толькі пачаць поўнамаштабовае дзяржаўнае будаўніцтва – а яе ўжо прызналі 11 дзяржаваў сьвету: Турэччына, Аўстрыя, Польшча, Чэхаславаччына, Фінляндыя, Латвія, Літва, Эстонія, Украіна, Арменія, Грузія. Больш таго – факт малавядомы, але знакавы! – БНР дабраславіў Патрыярх Маскоўскі й Усяе Русі Ціхан.
Але ж ані немцы, ані бальшавікі з БНР папросту не лічыліся. Напрыканцы 1919 г Рада БНР мусіла выехаць у эміграцыю.
Лідэры БНР, людзі веруючыя й патрыёты, узначалілі беларускую дыяспару на Захадзе, і перахоўвалі непарыўнасьць хрусталёвае ніці незалежнасьці аж да краху СССР. БНР стала ўвасабленьнем нацыянальнай волі й завочнай апазыцыяй для савецкага рэжыму. Нездарма камуністы БССР ўсё XX ст намагаліся дамовіцца з Радай аб перадачы ім паўнамоцтваў. Рада БНР дагэтуль – найвялікшы аўтарытэт для беларускага нацыянальнага руху.
Лёгкая, прывідная, паветраная, быццам дух, БНР аказалася надзвычай моцным гістарычным аргумантам. Менавіта БНР сьцьвердзіла імя "Беларусь", Менск як сталіцу, "Пагоню" й бел-чырвона-белы сьцяг як нацыянальную сымболіку, і сама зрабілася сьветлым сьцягам Адраджэньня. Менавіта БНР вымусіла бальшавікоў пайсьці на стварэньне БССР, дала зарад 10-гадовай беларусізацыі й, у рэшце рэшт, сфармулявала вобраз цяперашняй Рэспублікі Беларусь.
Читать дальше