Ужо зусім на сконе быў жнівень, бо тыя колькі дзён, якія заставаліся ў ягоным календары, ці маглі дадаць яшчэ што важкае на нябачныя шалі, на якіх і ўпрыкмет, і неўпрыкмет сіліліся падолець адно аднаго сёлетнія лета і восень, але ў наваколлі зноў было, як улетку, нават там, дзе не пашархала вакол кустоў прыткая каса, па-ранейшаму чырванелі, жаўцелі і сінелі ў высокай траве лугавыя краскі. Пахла мёдам, нібыта паблізу дзе была пасека, хоць Чубар ведаў, што ніводнага вулля за паўтара кіламетра на ўсе бакі не павінна стаяць, значыць, усё яшчэ паўнюткія і моцныя былі меданосы, што як нанава пачыналі духмяніць пасля нядаўняе золі.
Неяк самахоць успомнілася раптам, што недалёка адсюль, на пячышчы, дзе ў старыя гады гналі каланіцу з бяросты, была верамейкаўская лупільня — станок з зубчатым колам і невялікая, аршынаў на пяць, хатка. Будавалі лупільню пры калгасе, але да Чубара, калі ў Верамейках кіраваў Зазыба: тады якраз выйшла забарона смаліць свіней, каб кожны гаспадар здаваў скуру дзяржаве. Але ж ці гэта сала ў вёсцы, калі без паджоўклае шкуркі, прапахлай саламяным дымам? І вось паступова, азіраючыся двор на двор, але не выдаючы адзін аднаго, верамейкаўцы занядбалі гэтай забаронай, прынамсі, за свае гады, якія пражыў у Верамейках, Чубар не помніць, каб хто-небудзь з калгаснікаў прывозіў па сваёй ахвоце на лупільню хоць заняпалага парсюка. Што ж датычыла калгасных, то тут рабілася ўсё па закону, як і належыць... Цяпер недзе хатка тая стаяла вольная, і ў ёй, няйначай, можна было перабыць да вечара.
А ўчора Чубар не збіраўся адразу ісці ў Верамейкі.
Яму рупіла тады пахаваць забітага чырвонаармейца, якога знайшоў ля бальшака ў жыце, і ён пайшоў дзеля аднаго гэтага ў вёску, што была таксама па правы бок ад ракі, каб папрасіць там у каго рыдлёўку. Але пажылы, з неспакойнымі вачамі селянін, якога Чубар сустрэў за дварамі, не пусціў назад аднаго — ці пашкадаваў, што незнаёмы чалавек знясе рыдлёўку з двара, ці сапраўды захацеў памагчы яму.
У Чубара было жаданне выкапаць магілу побач з тым пясчаным грудком, дзе, па ягоным меркаванні, ляжаў старшы палітрук. І ён сказаў пра гэта селяніну. А той нядобра пажартаваў, цыўкаючы вачамі:
— Ну, а як немцы паедуць зараз па дарозе? Мне-то яны што? Мне, можа, і нічога не будзе ад іх за гэта. Трупы ж усё роўна каму-небудзь трэба закопваць. А вось ты, што табе яны загадаюць, калі заспеюць з вінтоўкай?
Тады Чубар, як са злосці, вырваў з рук у селяніна рыдлёўку і моўчкі, націскаючы ботам на загнуты брыж, пачаў капаць зямлю проста ў жыце, крокі за два ад скурчанага чырвонаармейца.
Селянін трапіўся пранырлівы — не стаў чакаць, каб хутчэй падмяніць далакопа, а кінуўся адразу да бальшака, пабегаў там, быццам ганчак, па слядах, і калі вярнуўся да Чубара, то ўжо нёс на сабе казацкае сядло.
— Вось, знайшоў! — сказаў ён, не хаваючы здаволенасці.
Але Чубар не павярнуў галавы і не паглядзеў на яго.
Тады селянін зноў сказаў:
— З яго падэшвы — насіць не перанасіць. — І калупнуў чорным пазногцем крыло.
Чубар адчуў, што селянін будзе стаяць гэтак над ямай і гаварыць пра сядло бясконца, таму разагнуў спіну, паказаў на рыдлёўку:
— На-тка, пакідай і ты зямлю...
Селянін кіўнуў галавой:
— Угу.
Чубар выцер крысом талстоўкі гарачы лоб, сеў на жвір.
Селянін тут жа заняў яго месца ў яме, але, перад тым як працаваць, спытаў:
— Ведаеш яго?
— Не.
— А то ж учора тут цэлы бой быў. Нездарма ж вунь крыжоў ля дарогі колькі. Бранявік таксама падбілі...
І ён пачаў расказваць, як чулі яны са свае вёскі гэты бой і як пасля туды наскочылі раз’ятраныя фашысты, пагражалі спаліць да аднае хаты, калі, не дай бог, знойдуць у каго схаванага чырвонаармейца ці камандзіра.
Чубар слухаў селяніна і зноў нібыта шэрхнуў сам — надта багата давялося яму за адзін дзень наслухацца, пабачыць і перажыць, ужо не ўсё нават успрымалася так, як хацелася б таго нармальнаму чалавеку; ён сядзеў з апушчанымі плячамі, талопіў позірк на растапыранае сядло, якое абеглівы селянін клапатліва паклаў зводдаль, але з усяго там выразна бачыў толькі шрамок, які быў зроблены пазногцем на крыле: скура жаўцела, як незагрубелая кара на сасне.
У яме скрыгнула раз і другі рыдлёўка па камені, і Чубар па гуку зразумеў, што селянін капае зямлю.
— Можаш узяць яго сабе, — быццам падахвочваючы таго, сказаў Чубар пра сядло.
Селянін выпрастаўся, бліснуў вачамі.
— Вось дзякуй табе! — У душы ён дагэтуль, няйначай, спадзяваўся, што сядло дастанецца яму, а як пачуў ад Чубара дазвол, то і наогул несхавана ўзрадаваўся.
Читать дальше