Васіліна злосна загортвае кнігу.
— I няхай. Мне ніхто не патрэбен. Ніхто!
На столі скачуць сонечныя плямкі, Васіліна толькі цяпер думае здзіўлена пра тое, адкуль маглі з’явіцца яны на столі. «Сонца свеціць зверху, а цені таксама на столі? А-аа! Люстра кладзе адбітак...»
Цені нагадваюць Васіліне Дзвіну ў паводку. Яна заплюшчвае вочы і выразна бачыць раку, крыгі, што наплываюць адна на другую і пеняць вакол сябе ваду. Мільгаюць у думках цудоўныя малюнкі, ад якіх трошкі кружыцца галава, соладка і прыемна замірае сэрца. Можа ж здарыцца такое, што на крызе апынецца маленькая дзяўчынка. Тады Васіліна смела кінецца ў ваду, выратуе яе, але сама захварэе і памрэ. Усе збяруцца вакол труны, будуць хваліць яе ўчынак, шкадаваць, што не заўважалі раней такой мужнай дзяўчыны. Нават заплачуць некаторыя, асабліва той хлопец з шостага ўчастка, які працуе там кранаўшчыком. У сэрцы Васіліны гэта ўсё роўна не выклікае спагадлівасці: так і трэба... Няхай!..
Столь зноў зрабілася аднолькава белай, плямкі і цені зніклі: сонца асвятляе толькі падаконнік. Васіліна перавяла позірк на кнігу. 3 вокладкі зірнулі на яе прыгожыя літары назвы — «Вяснянка». Гэтую аповесць яна чытала некалькі разоў, але заўжды, калі робіцца тужліва, яна перагортвае старонкі і знаходзіць нешта такое, што імпануе яе пачуццям. Галоўную гераіню кнігі — ганарлівую і смелую дзяўчыну — таксама завуць Васілінай. Ёй часта здаецца, што гэтая кніга напісана пра яе, Васіліну Хацько, якая працуе тынкоўшчыцай і жыве ў адным пакоі з Адэляй. Яна стараецца быць падобнай на тую Васіліну, што ў кнізе, хоць і ведае, што гэта немагчыма. Тая дзяўчына хораша так гаворыць, дужа прыгожая.
Васіліна прыціснула кніжку да грудзей і падышла да вялікага люстэрка. Такіх люстэркаў прывезлі ў інтэрнат нямнога. Даведаўшыся, што на ўсе пакоі іх усё роўна не хопіць, Адэля пабегла да каменданта. Яна гаварыла потым, што той і слухаць не хацеў, казаў, вялікія люстэркі будуць даваць для пакояў, дзе жывуць па тры чалавекі, але потым памякчэў і сказаў, што дзеля прыгожай дзяўчыны ён можа крышачку змяніць загад свайго начальства. Адэля дамаглася свайго: люстэрка паставілі ім. Васіліна ж пэўна не змагла б зрабіць гэтак. «Так, так, не змагла б. 3 табой ён нават і размаўляць бы не стаў,— маўкліва кіўнула ёй галавой другая Васіліна з люстэрка.— Ты паглядзі толькі на сябе. Валасы чорныя і прамыя, як пруткі. Твар схуднелы, а нос... Вочы — вугольчыкі: калючыя, злосныя...»
Васіліна ўздыхнула: «Не, у кніжцы іншая!»
За акном пачуліся дзіцячыя галасы. Пад дрэвам забаўлял'іся дзеці. Хлопчык у кароткіх штоніках цягнуў за вяровачку чырвоны грузавічок з пяском. У кузаве былі пасаджаны дзве лялькі. Хлопчык, склаўшы губы гудочкам, заўзята надзімаў шчокі і гучна, быццам нехта замінаў яму ехаць, трубіў. За грузавічком ішлі тры маленькія дзяўчынкі ў запэцканых плацейках; адна несла вялікую ляльку, для якой, відаць, не хапала месца ў грузавічку, а другія трымалі ў руках маленькія букецікі кветак. Дзяўчаткі нешта спявалі, але іх спеў заглушала дужае і ганарыстае гудзенне хлопчыка.
Яна захінула фіранку. Па краях губ ляглі зморшчкі, а ў вачах — памякчэўшых і ўсё яшчэ радасных — нарадзіўся водсвет пакрыўджанасці: дзіцячы грузавічок нагадаў ёй Адэлю і сябровак, якія паехалі на машынах у лес.
Зашамацела фіранка. У твар Васіліны дыхнула цёплым паветрам, і ёй здалося, што яна стаіць у кузаве машыны, трымаючыся за кабінку. Дарога ў сонечным бляску. Спяваюць дзяўчаты, хусцінкі трапечуцца, як крылы. Уся істота спявае, і сэрца рвецца наперад, у блакітную далеч, адкуль ляціць свежы і пругкі вецер...
Васіліна падбегла да шафы, усміхаючыся зняла з вешалкі стракатае летняе плацце. Спакавала ў чамаданчык рэчы, якія маглі б спатрэбіцца на рацэ, але пайшла з пакоя не адразу: пастаяла трошкі, разважаючы аб нечым. Ёй здалося: нешта такое дужа важнае не зроблена. Позірк упаў на паліцу з кнігамі. «А-аа! Вунь што. Ледзьве не забылася». Яна адкрыла чамаданчык і паклала туды кніжку, у якой апавядалася пра цудоўную дзяўчыну Васіліну.
2
Даехаўшы да лесу на аўтобусе (машыны рэйсавалі спецыяльна на гэты дзень), Васіліна доўга шукала сваіх сябровак. Яна шукала іх ля столікаў, пастаўленых проста ў засені ялін, ля шэрых бочак, у якіх стаялі вялікія бляшанкі з марожаным, пераходзіла палянкі, дзе пад гармонік танцавалі на траве. Адэлі нідзе не было, і Васіліна, ужо зусім страціўшы надзею знайсці яе ў гэтым вялікім па-святочнаму стракатым натоўпе, зноў выйшла на гасцінец. Але ўбачыла яшчэ больш позніх пасажыраў, якія, смеючыся і размахваючы клуначкамі, выскаквалі з аўтобусаў. Васіліна ўзрадавалася, што не апошняй прыехала на лясное свята.
Читать дальше