Выкінуўшы ўбок лыжу, Іваноўскі развярнуўся ў поле, Півавараў павярнуў таксама, яны крута ўзялі ў абход вёскі. Але, крыху прайшоўшы па снежным полі, лейтэнант спыніўся пры думцы: а раптам гэта які-небудзь буйны штаб немцаў? Штаб ім спатрэбіўся б нават болей, чым тая злашчасная база, якую немаведама дзе было шукаць уначы.
Хвіліну ён пастаяў на ветры ў роздуме, згадваў, што можна было зрабіць. Побач чакаў Півавараў. Баец разумеў, мабыць, што камандзір рашаў штосьці важнае для абодвух, і чакаў гэтага рашэння са спакойнай салдацкай вытрымкай. А Іваноўскі думаў, што, ведама, лепей бы абысці гэта асінае гняздо, але, можа, спачатку варта было падкрасціся бліжэй, разведаць — авось надарыцца што-небудзь зручнае і ім пашанцуе болей, чым з той базай.
Пакуль яны стаялі так у нерашучасці, дзесьці ў вёсцы бліснула плямка святла, штось асвяціла на снезе і тут жа пагасла. Гэты выпадковы пробліск нічога не вытлумачыў ім, але паказаў у цемры напрамак, пэўнае месца. Мабыць, там была вуліца, і лейтэнант урэшце наважыўся падысці да яе бліжэй, каб зразумець, што там адбываецца.
— Так, Піваварчык, прыадстань. І паціхеньку — за мной!
Півавараў згодна кіўнуў, Іваноўскі рашуча адштурхнуўся палкамі і пайшоў да вёскі.
Спярша на ягоным шляху паявіўся стары паламаны плот, праз дзірку ў якім ён выйшаў на гарод і ў начным паўзмроку наткнуўся на тонкія дрэўцы з кустоўем — падобна, на мяжы двух гародаў. Ён павярнуў крыху ўбок і пад прыкрыццём гэтых дрэўцаў пайшоў па неглыбокім снезе да цемнаватых сілуэтаў будынін. Вакол па-ранейшаму было ціха, халаднавата, парывамі дзьмуў вецер, у паветры коса несліся негустыя сняжынкі. Ніякіх пэўных гукаў сюды не далятала, але ўсё ж па якіхсьці невыразных прыкметах Іваноўскі ўгадваў прысутнасць у вёсцы чужых, якімі цяпер маглі быць толькі немцы. Адчуваючы, што вось-вось нешта для яго адкрыецца, ён асцярожна ішоў да будынкаў.
Зусім ужо блізка горбілася заснежаная страха хлява, ля якога крывабока тырчэў падскубаны з аднаго боку і падпёрты жардзём стажок. Дрэўцы межавай пасадкі тут разам канчаліся, крайняй у радзе была раскідзістая грушка з таўставатым, прыкметным сярод танканогага вішняку камлём. Убачыўшы яе зводдаль, Іваноўскі падумаў, што за гэтым грушавым камяльком, мабыць, трэба прысесці, перачакаць. Але ён яшчэ не дайшоў да грушкі, як зусім невядома адкуль ля стажка паявілася нейкая постаць у расшпіленай даўгаполай вопратцы, і ён, скалануўшыся, сцяміў: немец! Немец ад нечаканасці на секунду знерухомеў, пільна ўгледзеўся ў яго, але тут жа, мабыць, спакайнеючы, пракартавіў здаля:
— Es schien ein Russe…*
* Мне здалося, рускі… (ням.)
Іваноўскі нічога не зразумеў і, мабыць, надта рэзка рвануў рукаятку аўтамата, які вісеў на яго грудзях. Затвор гучна шчоўкнуў у цішы, немец, зразумеўшы памылку, прыдушана крыкнуў і вёртка кінуўся па снезе ад стажка — наўскос, цераз гарод, да суседняга дома. На секунду разгубіўшыся, Іваноўскі прысеў і, здаецца, своечасова: тут жа ад будынін бухнуў адзіночны стрэл, куля гучна шчоўкнула ў намерзлым голлі кустоўя. Але ён ужо быў напагатове і з калена коратка тыркнуў чаргой па шэрым вуглу за парканам, пасля другой чаргой — ніжэй, па ўцекачу, які ўжо быў гатовы схавацца ў цень будыніны. Апошнія яго кулі былі, аднак, лішнія — немец адразу ткнуўся галавой у снег і застыў там; Іваноўскі тут жа выкінуў левую лыжу на разварот, схапіў адну палку. Другую, спяшаючыся, ён упусціў у снег і толькі нагнуўся за ёй, як у цемры двара зноў пыхнула чырвоным агнём, і ён ціха войкнуў ад глыбокага, вострага ўдару ў плечы. Адразу адчуў, што паранены, знячывелы, шалёна рвануўся на лыжах з гэтага гарода, туды, дзе нецярпліва чакаў яго Півавараў.
Прамарудзіўшы напачатку, немцы падарылі яму чвэрць хвіліны дарагога для яго часу. Ён ужо праскочыў палову межавых прысадаў, як яны толькі пачалі выбягаць з двароў на гарод. Хтось закрычаў там, камандна і строга, і чалавек пяць іх пусцілася за ім наўздагон. Ён добра іх бачыў, азірнуўшыся, і на секунду, відаць, разгубіўся, цямячы, спыніцца яму, каб агнём з ППД збіць іх увішнасць, або хутчэй бегчы ў цемру. Але хутчэй у яго ўжо не выходзіла, ён хутка слабеў ад болю і ледзьве ўпраўляўся з лыжамі.
Ззаду некалькі разоў стрэлілі — часта і не дужа гучна, бадай, з пісталетаў, але ён усё ж адарваўся ад даганятых, цяпер трапіць у яго было цяжка. І ўсё ж адна куля ўдарыла кудысь пад ногі, ён, не азірнуўшыся, прыгнуўся ніжэй і з усіх хутка слабеючых сіл стараўся прарвацца з гарода. Але вось і яшчэ адна куля працягнула вісклівую сваю струну над самай яго галавой, ён падхапіў аўтамат, каб выпусціць назад чаргу, як аднекуль спераду моцна і гучна бабахнула раз і другі. Ён зразумеў радасна, амаль паратоўча — гэта Півавараў; стрэл свае трохлінейкі ён бы пазнаў дзе хочаш. Тым часам з паўзмроку амаль насустрач яму адзін за адным бліснулі тры частыя ўдары, кулі прайшлі зусім побач, але ён ужо нёс у сабе ўпэўненасць: свая куля яго не зачэпіць.
Читать дальше