— Ну, мужчынкі, хопіць. Дзякуем, — сказала яна.
Яны спыніліся пасярод гарода, не давёўшы баразны да краю, i Пятро наіўна спытаў:
— Чаму?
— Рукі нам адсохнуць, калі мы на вас… араць будзем. Не ведалі мы. Даруйце…
Пятро ўсё зразумеў — усю чуласць i пяшчоту ix сэрцаў. У вачах яго калыхнулася неба, быццам упала на зямлю, i сонца разламалася на многа кавалкаў.
Нядзеля, але ў школе ішлі заняткі: быў Вялікдзень, а таму дзень абвясцілі рабочым — вялі барацьбу з рэлігіяй. Настаўнікаў радавала, што вучні даволі дружна з'явіліся на ўрокі, усяго які дзесятак дзяўчынак не прыйшло: у звычайны будні дзень i то бывае больш прагульшчыкаў. Класныя кіраўнікі выхваляліся адна перад адной, у каго менш ix — «вялікаднікаў».
Настаўніцы былі ў добрым настроі, вясёлыя, узрушаныя. Але ix весялосць у гэты дзень раздражняла Шапятовіча. Ён ведаў: большасць з ix мясцовыя і, безумоўна, перад тым як пайсці ў школу, добра разгавеліся, ад некаторых нават трохі самагонам патыхае. А цяпер перад ім i дырэктарам выдаюць сябе за вялікіх атэістак.
А можа, ён злаваўся таму, што сам быў галодны — прыйшоў нашча? Напярэдадні садзілі бульбу, пасадзілі ўсё, да апошняй бульбіны, a іншыя запасы, што былі ў хаце, з'елі хлопец-араты i санітарка, якія памагалі ў працы; Саша шчодра пачаставала ix.
Жонка сказала раніцаю са смехам: «Нічога, Пеця, людзі добрыя. Накормяць». Аптымістка! Але думка, што нехта дасць ім, сям'і сакратара партарганізацыі, велікодныя яйкі i нейкі кавалак сала, можа, нават свянцонага, знарок, — такая думка абражала да душэўнай пакуты. I моцна сапсавала Пятру настрой. У настаўніцкай ён быў панура-маўклівы, у класах — няўважлівы i залішне добры: не пытаў, не ставіў адзнак, не распрацоўваў новага матэрыялу, даваў задание — чытайце самі. Бачыў: вучні насцярожаны такой дабратой, робяць выгляд, што чытаюць, а на самай справе кожны з ix думае пра нешта сваё. Пра што? Немагчыма здагадацца, гэтак жа, як не толькі з ix, дзяцей, але ніхто з самых праніклівых дарослых, псіхолагаў ніколі не здагадаўся б, пра што думае ён, настаўнік, стоячы каля акна i гледзячы ў зарэчную далеч, дзе на ўзгорку сінее хвойнік. Паспрабуй — здагадайся, што ў гэты час ён думае пра помету Медэі. Трагедыя Эўрыпіда нават у перакладзе па падручніку міфалогіі зрабіла незвычайнае ўражанне. Прачытаў уначы — доўга не мог заснуць. Раніцой расказаў жонцы легенду. Чакаў, што Саша адмахнецца ад яго новай казкі: «Глупства. Ніводная маці не заб'е сваіх дзяцей». Але яна, як ніколі раней, задумалася i згадзілася: «Ад рэўнасці жанчына ўсё можа зрабіць».
Гэта ўразіла яго яшчэ больш.
Уласна кажучы, не сама трагедыя, а Сашыны словы вярталі да думак пра Медэю, пра таямніцы жаночай душы. I яму палюбіўся гэты роздум пра тое, што, магчыма, недзе з некім i здарылася тры тысячы год назад. Тры тысячы!.. Такая даўнасць неяк хораша адводзіць думкі ад надзённасці: пачынаеш забываць няшчырасць настаўніц, уласнае адчуванне голаду, пра сход у Панізоўі, які трэба заўтра правееці,— збяруцца людзі ці не?.. Але нішто не скарачала час, урокі цягнуліся як ніколі доўга. I, як ніколі раней, Пятро ўзрадаваўся, калі яны нарэшце скончыліся. Рушыў быў дадому. Але ў акне сельсавета ўбачыў адзінокую постаць Бабкова i павярнуў туды.
Іван Дзямідавіч сустрэў словамі:
— Хрыстос уваскрос, ліха на яго, а нам з табой клопат: чуе мае сэрца — не робяць нідзе. Бачыш? — Ен паказаў праз другое акно за раку. — У Грамыкі ўсе коні на лузе гуляюць. Хаця б загнаў куды ў кусты. Наскочыць Анісімаў — не мінуць нам бюро. Трэба, Андрэевіч, узяць нам каня ў гэтага куркуля ды паехаць па калгасах.
Пятро ўзлаваўся — незразумела чаму:
— Ды ну яго к чорту! Што дасць наша паездка? Калі не выйшлі з раніцы, то хто пойдзе цяпер, пасярод дня? Няўжо ты думаеш, што можна адным махам скончыць з верай?
Бабкоў уздыхнуў:
— Вайна i тут шкоды нарабіла. Да вайны мы ў любое папоўскае свята нядзельнікі рабілі. Усе выходзілі — ад малога да старога.
Пятро не вельмі паверыў у гэта, бо даўно ўжо прыкмеціў, што старшыня сельсавета, як ніхто іншы, шчыра перакананы, што да вайны ўсё было лепшае: партработа, гандаль, антырэлігійная прапаганда, нават людзі былі лепшыя, а цяпер — усё не так, усё папсавана вайной, i людзі ў тым ліку. Гэтую яго рысу Саша неяк растлумачыла проста i па-жаночы мудра:
— Да вайны чалавек меў шчасце, сям'ю. А цяпер што ў яго асталося? Адны ўспаміны.
Сапраўды, Бабкоў жыў успамінамі. Мабыць, адчуўшы, што Пятро сумняваецца ў верагоднасці яго слоў, стары пачаў горача расказваць, як яны працавалі да вайны i як усё хораша ішло — як па масле.
Читать дальше