Лялькевіч, што быў прысеў каля акна, слухаючы Пятра, падняўся, падышоў да Сашы.
— Дайце мне, партызану. Я быў мастак распальваць кастры.
«Унікае размовы!» — незычліва падумаў Пятро, і, каб прымусіць яго адказаць па сутнасці, а можа, падсвядома не хочучы, каб ён станавіўся на калені побач з Сашай, Пятро ступіў да грубкі, імкліва апусціўся на калені, далікатна адхіліўшы жонку, i знарок двухсэнсоўна сказаў:
— Гэта i мы ўмеем.
— Нарэшце ты здагадаўся, — сказала Саша.
Дзьмуў на поўныя лёгкія, са злосцю, якая чамусьці раптам закіпела ў душы. У перадыхах чуў, як за спіною папісквае пратэз, скрыпяць маснічыны. Лялькевіч хадзіў. Яго маўклівая хада пачала раздражняць Пятра.
Гарачыя вуглі разгарэліся — i адразу весела затрашчалі тонкія хваёвыя галінкі, шуганула полымя. Пятро падкінуў буйнейшых дроў. Падняўся. I апынуўся твар у твар з госцем. Уразіў дзіўны смутак у Лялькевічавых вачах.
— У гэтым — няшчасце, — сказаў ён з болем.
— У чым? — не зразумеў Пятро.
— Што Булатаў выходзіць з-пад партыйнага кантролю.
— Вы быццам скардзіцеся мне, — іранічна хмыкнуў Пятро. — Можа, мне ўстанавіць над ім кантроль?
— Ды не, Шапятовіч, усё гэта больш складана, чым вам здаецца. Не ў адным, безумоўна, Булатаве соль.
Саша, якая на падаконніку наразала з невялічкага, у паўфунта, кавалка сала тоненькія скрылёчкі, перапыніла сваю працу, з трывогай у вачах услухалася ў словы Лялькевіча. Пятру не спадабалася i скарга сакратара i яшчэ больш гэтая Сашына трывога — за яго, безумоўна.
«Прыкідваецца сіратой, каб не браць на сябе адказнасці».
Зняважліва перасмыкнуў плячамі.
— Hi чарта не разумею.
— А, думаеш, я разумею? — з ледзь прыкметнай раздражненасцю спытаў Лялькевіч. — Думаеш, калі я сакратар райкома, дык мне адкрыты ўсе таямніцы? Мне трэба, як бачыш, на падарожных раён аб'ехаць. — I ўжо больш спакойна: — Я сам не разумею: няўжо там, — кіўнуў угору, на столь, — не бачаць гэтай небяспекі? Няўжо Сталін з яго празарлівасцю не разумее?
— Пеця! Прыбяры кнігі са стала, нарэж хлеба.
Пятро здзівіўся: у Сашы нічога яшчэ не гатова, са сталом i хлебам можна не спяшацца. Пэўна, яна не хоча, каб яны працягвалі гэтую сваю размову. Чаму? Якраз апошнія Лялькевічавы словы развеялі яго, Пятрову, недаверлівасць. Не, гэта не скарга чалавека, які баіцца ці не хоча браць на сябе лішняга клопату. Гэта — сур'ёзны i балючы роздум. Хіба мала сам ён думаў над усім гэтым? Чаму ж не верыць, што думаюць i другія, i, можа, яшчэ больш пакутліва, бо сапраўды той жа Лялькевіч ведае, безумоўна, значна больш. Пагутарыць з ім па шчырасці, з узаемнай сяброўскай даверлівасцю — хіба не цікава? Саша ўпачатку сама выяўляла гэтую цікавасць.
Але, здаецца, не толькі яна лічыць, што тэма, як кажуць, вычарпана, але i ён — Лялькевіч. Падышоў да стала, пачаў разглядаць кнігі.
У грубцы засквірчэла сала. A калі патэльня была пастаўлена на ляжанку i Саша ўбіла туды яйкі, то пайшоў такі пах, што ў Пятра закружылася галава.
«Чаго добрага, яшчэ страціш прытомнасць, як тая Таня», — з сумным гумарам падумаў ён. Але ўбачыў, як употай каўтнуў сліну госць, i павесялеў: «Ды ты, выходзіць, такі ж галодны, як i я, грэшны». I ўжо борздка, нецярпліва, стосамі пачаў звальваць кнігі ca стала на ложак.
Лялькевіч, паглядзеўшы адну-другую кніжкі, спытаў з сяброўскай інтымнаецю:
— Грызеш гісторыю?
— Раптам адкрыў, што гэта цікавая навука.
Саша, трымаючы на чапяле патэльню ў грубцы, засмяялася:
— Ён трызніць багамі! Асабліва багінямі. Штоноч сніць Афрадыту.
— Ну, выдумаеш!
— Відаць, цікавасць да гісторыі прыходзіць з гадамі. У школе, у інстытуце я не любіў гісторыі. Матэматыка ды фізіка займалі ўвесь час. А вось цяпер хочацца пачытаць i пра багоў i пра герояў. Шкада, няма калі. Усё мару: вазьму адпачынак, уцяку куды-небудзь у лес… У мяне ж столькі знаёмых леснікоў з партызанства! Захаплю чамадан кніжак i — запоем, запоем… З раніцы да вечара. Сню, як чытаю з такой асалодай. — Лялькевіч уздыхнуў, сумна ўсміхнуўся. — Звычайна яна загараецца звечара, такая фантазія. A раніцаю прачнуся — цвярозасць поўная. Разумею: нікуды я не схаваюся. Будзе адпачынак — пашлюць мяне на курорт, лячыцца… Ну, пачытаю, не больш, чым другія… I зноў — сходы, пасяджэнні…
Саша выставіла на засланы свежымі газетамі стол пузатую пляшачку, такую поўную i празрыстую, што Пятру здалося — яна пустая. Ён нават не ўтрымаўся, пераставіў яе з месца на месца — пераканаўся, што яна напоўнена пад шкляны прыцёрты корак самым чыстым «нектарам».
Читать дальше