Але раптам адчыніліся дзверы, і юная істота ва ўсім белым ветліва запрасіла:
— Кірыла Васільевіч? Калі ласка, праходзьце.
І куды дзеліся яго злосць і абурэнне! Ідучы па бальнічным двары, ён узяў сястру за локаць. Яна глянула на яго, збянтэжана ўсміхнулася, вызваліла руку. Але ад гэтага дотыку да маладосці ён таксама адчуў сябе маладым, бадзёрым, свежым, як той ліпеньскі ранак.
На другім паверсе, у асобным пакоі, сястра памагла яму надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку і палатняныя бахілы вышэй каленяў. Ён пажартаваў, што ўпершыню ў жыцці падобны на прафесара. Яна не ўсміхнулася на яго жарт. Правяла па калідоры, паказала на дзверы:
— Сюды.
У перадаперацыйнай было многа людзей у белых халатах, з ссунутымі на падбародкі маскамі. Але ніхто з іх нічога не рабіў. Усе чакалі. Шыковіч зразумеў, што гэта такія ж назіральнікі, як і ён, — маладыя лекары, практыканты.
Ён пачаў разглядаць інструменты ў шкляных шафах, будку для стэрылізацыі з адчыненым акенцам у аперацыйную. Падумаў, як нялёгка вывучыць назвы і прызначэнні ўсіх гэтых інструментаў — іх тысячы. Хацеў пачуць, што лекары гавораць пра сённяшнюю аперацыю. Але побач з ім малады высокі мужчына, яўна заляцаючыся, шаптаў чорнай тоўсценькай дзяўчыне:
— Клава, махнём пасля абеду ў Палянкі? На кацеры?
— На Будаеў луг. Там пляж лепшы.
Шыковіч абурыўся: вось-вось будзе вырашацца лёс чалавека — жыццё ці смерць! — а яны, чэрці, пра пляж думаюць.
На яго не звярталі ўвагі.
«Як у лазні. Усе роўныя».
Жанчына, што сядзела за сталом і нешта занатоўвала ў журнал, паднялася і шырока адчыніла дзверы аперацыйнай.
Кірыла ўбачыў Яраша. Той стаяў у кутку вялікай залы, выставіўшы перад сабой да локцяў голыя рукі, нібы ўзважваючы растапыраныя пальцы. Белізна яго шапачкі аж ззяла ў святле раніцы. А святла гэтага, роўнага, ледзь-ледзь падзеленага водбліскам дрэў і шыб, лілося мора: уся сцяна — шкло.
Незвычайны ў сваёй паставе і адзенні, велікан побач з нізенькім Майзісам, якому сястра, як малому, выцірала салфеткай рукі, галоўны хірург здаваўся звышчалавекам, богам.
Кірыла падумаў: «Як можа пераўтварыцца чалавек! Ці той гэта Антон, просты, свойскі, шчыры хлопец?»
Той. Убачыў сябра і кіўнуў галавой, усміхнуўся зусім звычайна. Нацягнуў тонкія гумавыя пальчаткі, падышоў бліжэй да дзвярэй. Сказаў да ўсіх, хто чакаў у перадаперацыйнай:
— Таварышы! Не скажу, што аперацыя незвычайная. Але адказная. Хворай трыццаць шэсць год. Могуць быць любыя нечаканасці. Прашу: ніякіх каментарыяў. Поўная цішыня. Каму дазволіў, сядайце тут, — ён кіўнуў на лаўку каля сцяны, адгароджаную шырмай са стэрыльных прасцін. — Астатнія глядзяць па тэлевізары. Калі ласка, — і адступіў убок.
Чалавек сем хірургаў-практыкантаў, бесцырымонна адціснуўшы Шыковіча ўбок, хутка і смела прайшлі ў аперацыйную, залезлі за шырму.
«Прабіўны журналіст», можа, упершыню разгубіўся — што рабіць, адкуль глядзець? Але пачуўся голас Яраша:
— Кірыла Васільевіч! Заходзь!
Шыковіч нясмела ступіў у «святую святых» медыцыны. Цяпер на яго звярнулі ўвагу. У аперацыйнай таксама было нямала людзей. Маша, у масцы ўжо (праз гэта Кірыла не адразу пазнаў яе) і ў пальчатках, перакладала на маленькім століку бліскучыя інструменты, быццам лічыла, ці ўсё ёсць. Яна ўсміхнулася яму вачамі. Майзіс здалёк памахаў рукой. Гледачы пачалі перашэптвацца: «Хто гэта? Хто?» Яраш наблізіўся, па-сяброўску падміргнуў, паўшэптам спытаў:
— Не баішся?
Кірыла ў адказ тайком паказаў яму кулак. Гэта быў працяг іх дачнай размовы. Жонка адгаворвала яго ісці на аперацыю:
«Самлееш ты, Кірыла, я ж ведаю, як ты баішся крыві».
«Ну, глупства, самога мяне рэзалі — не млеў».
Галіна Адамаўна, наадварот, падтрымлівала яго жаданне: «Нічога страшнага. Яраш жартаваў».
Ён і цяпер засмяяўся:
— Аднак садзіся з краю, на выпадак чаго.
Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай.
Першае, што ўразіла яго, — гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля іх вогнішча, расказваючы план аперацыі, Антон хваляваўся, бадай, больш і прызнаваўся ў гэтым. А тут — ходзіць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць.
Кірыла прыкаваў да яго позірк.
«Не, не можаш ты быць такім спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасі сябе».
Аднак ніводная рыска не ўздрыгвае на твары хірурга. Хіба толькі залішне пільна сочыць ён за калегамі і памочнікамі, якія таксама даволі спакойна поркаюцца каля апаратаў.
Апараты… Апараты… Розныя. З экранамі. Без экранаў. На калёсіках. З правадамі. Са шлангамі. Кірыла ўспомніў Ярашавы «лекцыі» па хірургіі, фразу, якую той аднойчы кінуў яўна з гонарам:
Читать дальше