— Я ведаю. Там і цяпер дзіцячы дом, — кіўнуў Яраш.
— Жонка бургамістра Цішчанкі, старая набожная баба, замольваючы грахі свайго мужа, займалася дабрачыннасцю — апекавала сірот. Мы паехалі з ёй на машыне бургамістра. Дзень, помню, быў халодны, дажджлівы. Гэта ж была ўжо позняя восень. А яны, дзеці, худыя, сінія, амаль усе без верхняй вопраткі, у адных падраных сарочачках, абступілі нашу машыну. Маленькая дзяўчынка адразу пацягнула мяне за рукаў і папрасіла: «Цётачка, дайце кавалачак хлеба». У мяне не было хлеба, я нічога не ўзяла, бо не думала, што дзеці там такія галодныя. У дзіцячым доме! Яна, бургамістарша, прывезла нейкія пернікі, нейкае адзенне, магчыма, нарабаванае ў другіх такіх жа дзяцей.
«Дайце ім, Анісся Паўлаўна», — папрасіла я. Старая ханжа, звычайна слязлівая і чуллівая, там трымалася важнай дамай. «Усё трэба рабіць па парадку, мілая. Арганізавана!» Не адразу дзеці знайшлі свайго «пана шэфа». Стары, непаголены, пакамечаны і п'янаваты чалавек, дырэктар ці начальнік, не ведаю, як ён у іх называўся, сустрэў нас не вельмі ветліва. Дзіўна, што і дзеці толькі ўпачатку праявілі цікавасць, а потым старэйшыя пайшлі ў лес па дровы. Я адстала ад патранесы і начальніка, запытала жанчыну, работніцу дома, ці ёсць тут хлопчык Тарас Ганчароў. «Не, у нас ёсць Косця Ганчароў. Ваня, пакліч Косцю». З'явіўся худы цыбаты хлопчык гадоў дзевяці. Не, Тараса ў іх не было. І ўвогуле дзеці такога ўзросту да іх больш не паступалі. Толькі старэйшыя. Можа, гэтая жанчына паспела перадаць нашу размову дырэктару. Але ён дзіўна даверыўся мне. Пакуль бургамістарша раздавала свае гасцінцы, ён стаяў са мной побач і шаптаў:
«Слухайце, не трэба нам дабрачыннасці. Нічога нам не трэба. Нас корміць насельніцтва. Мы самі сябе кормім. Але няхай яны не забіраюць дзяцей. Навошта яны забіраюць дзяцей? Учора пяць хлопчыкаў і пяць дзяўчынак. Куды? Для ўсынаўлення. Хто іх усынаўляе? Дзе? Я павінен ведаць. Я адказваю за дзяцей. Не забірайце маіх дзяцей!»
Гэта быў крык душы чалавека, які падазраваў нешта нядобрае. Калі я расказала пра ўсё бацьку, яго таксама вельмі ўстрывожыла такая скарга дырэктара дзіцячага дома. Пасля я даведалася: ад дзяцей бралі кроў… іх вывозілі ў Германію і малых анямечвалі.
— Нямкамі рабілі? Ой, горачка ж якое! — у вялікай скрусе ківала галавой старая, якая дагэтуль слухала моўчкі.
— Я там, у іх, усё пра Тараса думала: дзе ён? Што з ім?
— І не знайшлі хлопчыка? — бабуля, мабыць, не ўсё зразумела з іх размовы.
— Знайшоўся, — адказаў старой Яраш.
— Дзе ж ён цяпер? — Цікаўнасць гаманкой старой расла, яна як бы ўзнагароджвала сябе за многа хвілін пачцівага маўчання.
— Гэта мой сын.
— Праўда? А божачка! — шчыра здзівілася і ўзрадавалася бабуля. — Няхай жа яму Бог здароўечка дае. Вялікі ўжо?
— У арміі адслужыў. Я заўтра вас пагляджу, бабуля. Добра? — звыкла развязваючы завязкі на рукаве халата, сказаў Яраш.
— Добра, доктар. Цяпер вы частым госцем будзеце ў нас.
Зося зморана і ўсё яшчэ вінавата ўсміхалася.
Дзяўчына на ложку каля акна, здалося Ярашу, упершыню глядзела на яго без страху.
Ён падняўся. Залішне заседзеўся. Стаміў, расхваляваў хворую. Вунь як блішчаць яе вочы. Трымае недзе ў калідоры другіх. Ва ўсім патрэбна разумнае пачуццё меры.
Яму не хацелася напамінаць ёй пра бацьку. Але Шыковіч не даваў спакою. Урэшце, яна сама колькі разоў успомніла бацьку.
Яраш спытаў:
— Скажыце, Соф'я Сцяпанаўна, вы помніце каго-небудзь з інфекцыйнай бальніцы, з кім працаваў ваш бацька… Хто хадзіў да вас…
Яна на хвіліну задумалася.
— Я помню сястру… Клаўдзю… Іванаўну, здаецца. Яшчэ была лекар Вакулава. І лекар Ліберман. Але Лібермана яны загналі ў гета. У акупацыі заходзіла да нас толькі гэтая сястра. Як жа гэта яе прозвішча? — Зося зморшчыла лоб.
— Не трэба ўспамінаць. Пасля, — мякка папрасіў Яраш. — Дзякую вам.
— Завошта? — здзівілася яна.
— Добрай ночы, — пажадаў ён усім адразу і пайшоў да дзвярэй.
Майзіс з жонкай і Маша прыехалі раней за ўсіх. Яшчэ ў цяні пад вольхамі не апала раса. Яшчэ спалі дзеці Яраша і Шыковіч, які працаваў да дня. А гаспадыні ўжо поркаліся на летняй кухні, пад стрэшкай. Ім памагаў Тарас. Распаліў агонь пад самаробнай плітой, прынёс сталы, дровы і прадукты. Хлопец шукаў сабе работу.
Раніца была надзіва — сонечная, звонкая, з лугу патыхала вільготным халадком, а бор дыхаў неастылай цеплынёй учарашняга дня. Нерухомая ўрачыстасць сосен зноў прадвяшчала спёку. А можа, навальніцу. Дажджу прасілі і людзі і дрэвы. Што б ні здарылася наперадзе за доўгі летні дзень, але раніца такая, што дзіця: прыносіць усмешку і радасць.
Читать дальше