Яна пацалавала мяне.
«Будзь асцярожны, Кузя. Ведай, табе ёсць куды вярнуцца».
План быў просты. Усё робіцца простым, калі чалавек перастае думаць пра сябе, пра жыццё… Калі галоўнае — дасягненне мэты.
Паліцыя размяшчалася ў асобным двухпавярховым будынку насупраць управы. Я мог пайсці проста туды. Але я пайшоў на плошчу, пустую і жудасную ў той дзень. Вецер, халодны асенні вецер пагойдваў целы павешаных і вяроўкі на трох шыбеніцах. Для каго яны пакінуты? Не, мяне жывым фашысты не возьмуць! Я развітаўся з таварышамі. Стаў насупраць Паўла, крокаў за дваццаць, бліжэй вартавы не падпусціў. На Паўлаву шыю была накінута яшчэ адна пятля — павешана дошчачка з надпісам: «Я кіраваў бандай, якая забівала нямецкіх салдат». Надзі Кузьменка яны напісалі:
«Я ўзрывала нямецкія эшалоны».
Увогуле, яны пускалі паглядзець на вісельнікаў, для гэтага пакараных пакінулі на шыбеніцах — каб устрашыць гараджан. Але я стаяў, мабыць, занадта доўга. Бо вартавы раптам пагразіў мне аўтаматам і закрычаў, каб я праходзіў. Чаго добрага, яшчэ стрэліць. Што ім значыла забіць аднаго чалавека! А мне паміраць так недарэчна нельга! Таму я паслухмяна пайшоў, развітаўшыся з Паўлам, з таварышамі, якіх я не ведаў пры жыцці, але смерць іх зрадніла нас.
Вартавы паліцай ведаў мяне. Я сказаў яму, што хачу паступіць да іх на службу. Ён узрадаваўся:
«Давай. Такія хлопцы нам цяпер во як патрэбны!»
«Начальнік у сябе?»
«Толькі што прайшоў».
Але сакратарка-перакладчыца затрымала мяне. Гэтую асобу я таксама ведаў: Павел хадзіў з ёй нават разы два ў кіно, каб выведаць, чым яна дыхае. І заключыў: «Дрэнь поўная». Яна сказала, што ў спадара Лучынскага важная нарада і наўрад ці прыме ён мяне. Я адказаў, што ў мяне пільная справа.
«Якая?»
«Хачу паступіць у паліцыю».
Яна паглядзела на мяне зацікаўлена і больш прыветліва.
«О,тады пачакайце».
Здраднікам падабалася, калі іх большала. Магчыма, кожнага з іх цешыла думка: «Не я адзін».
Сакратарка была стройная брунетка, гадоў дваццаці пяці, але са стомленым ад бяссонных начэй тварам распусніцы. Ды, мабыць, траплялі ёй у апошні час мужчыны падношаныя, тыпу Лучынскага. Бо калі яна бліжэй агледзела мяне і падумала, што я буду служыць побач, у яе юрліва заблішчалі вочы. Яна пачала заляцацца. Мне зрабілася агідна. Я думаў пра помсту, ішоў на смерць, а тут трэба было «сушыць зубы», гаварыць чорт ведае пра што. Хацелася стукнуць яе з пісталета, а потым тых, усіх, што за дзвярамі, абабітымі жоўтым дэрмацінам. Сакратарка сказала мне, хто там: «Заступца і следчы».
Не, раней трэба іх. У мяне не хапала сілы чакаць. Я падняўся і наблізіўся да дзвярэй. Але яна загарадзіла дарогу. Аўчарка пільна сцерагла свайго гаспадара.
«О, ты нецярплівы. Але начальнік не любіць. Май на ўвазе».
Яна наступала на мяне і адціскала ад дзвярэй. На маё шчасце, халуі хутка выйшлі. Яны шапталі нешта адзін аднаму на вуха і задаволена ўсміхаліся. Лысы намеснік начальніка паліцыі Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кіўнуў на мяне:
«Ці не хахаля ты такога знайшла, Мура? У гэтага ёсць брандспойт».
Яны цынічна зарагаталі.
«Нахабнікі», — сказала яна ўслед ім, як бы апраўдваючыся перада мной.
І пайшла ў кабінет, каб далажыць пра мяне. Выйшла не хутка ці, можа, мне так здалося — цягнуліся хвіліны. Помню, што я раптам захваляваўся, пачуў, як грукае сэрца. Яшчэ міг, адзін міг — і я адпомшчу за Паўла, за таварышаў. Дзверы адчыніліся. Яна, Мура, сказала: «Прахадзі» і прапусціла мяне. Я зачыніў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былі з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачціва і ціха, каб не спужаць звера. Круціў у руках шапку. Лучынскі глянуў насцярожана, трымаючы руку пад сталом, можа, на кнопцы званка ці на пісталеце. Але пазнаў мяне (ён інспектаваў пажарную і разоў колькі з'яўляўся на пажары) і заспакоіўся. Паклаў абедзве рукі на паліраваны стол двухметровай даўжыні, як бы абняў гэты сімвал сваёй улады. Выпрастаўся ў высокім крэсле. Сядзеў, як на троне. Яны ўсе ігралі, гэтыя мізэрныя пустыя людзі, здраднікі, уяўлялі сябе фюрэрамі і былі такімі ж бяздарнымі акторамі, як і Гітлер.
Я спыніўся крокі за тры ад стала ў пачцівай паставе. Я загадваў сабе: «Не выдаць… Ніводным рухам не выдаць сябе!» Хоць і марудзіць нельга было: мог зайсці хто-небудзь з паліцаяў.
«Дык, кажаш, хочаш перайсці ў паліцыю? Чаму? Пажарная — тая ж паліцыя. І нам патрэбны там адданыя людзі».
«Хачу помсціць за бацькоў, пан начальнік».
Читать дальше