І мы ўбачылі… Я першы ўбачыў… Прыйшлі грузавікі, доўгія, як лесавозы. І салдаты-сапёры пачалі згружаць… Я не адразу зразумеў, што гэта. Нехта іншы з пажарнікаў глянуў у акно і ахнуў:
«Шыбеніцы!»
Але, гэта былі шыбеніцы. З нямецкай акуратнасцю зробленыя недзе ў майстэрні, трывалыя, нават пафарбаваныя ў нейкі брудна-шэры колер. Масавая вытворчасць! Салдаты хутка і ўмела ламалі брук і закапвалі іх у зямлю. У адзін рад — ад увахода ў парк да царквы. На адной адлегласці. Рабілі яны хутка і спрытна, можна было падумаць, што гэта іх штодзённая работа. Я зразумеў… здагадка гэтая абпаліла мозг. Павесяць падпольшчыкаў… Маіх таварышаў, кіраўнікоў… Магчыма, Паўла. Што я мог зрабіць, каб ратаваць іх?
Яраш змоўк. Астывала вогнішча. Шыковіч часта і шумна дыхаў. Праз тоўстыя камлі дубоў пачаў прасвечвацца белы луг. Сонна адгукаліся першыя птушкі. Дзесьці далёка-далёка за ракой спявалі пеўні.
— Я не ўмею і не люблю расказваць пра гэта. У мяне няма слоў. Яны здаюцца мне абразлівымі, звычайныя словы. Я не маю права расказваць спакойна. Але, бачыш, расказваю. Прайшлі гады… Я добра ведаю фізіялогію, вучэнне Паўлава… Але калі адзін хворы неяк пачаў даказваць мне, што мозг можа згарэць ад думак, я паверыў яму. Бо помню, як стаяў тыя дзве гадзіны, учапіўшыся рукамі ў падаконнік. Каб прысутнічаў Лотке, я, безумоўна, выдаў бы сябе. Як толькі не згарэў мой мозг ад тысячы планаў выратавання асуджаных! Яны мяняліся з маланкавай хуткасцю. Першыя здаваліся рэальнымі. Я паміраў, але выратоўваў таварышаў. Але па меры таго як разгортваліся падзеі на плошчы, я бачыў, пераконваўся: памру — і нічога не зраблю. О, яны ўмелі застрахаваць сябе ад любых нечаканасцей у часе пакарання нашых людзей! Машына іх дзейнічала безадказна.
Шыбеніц паставілі чатырнаццаць. Калі сапёры скончылі сваю працу, у кузаў машыны забраўся тоўсты фашыст у форме жандармерыі. Грузавік ціха і плаўна падыходзіў да шыбеніцы, вельмі дакладна спыняўся, і кат замацоўваў вяроўку. Петлі былі загадзя завязаны з двух бакоў. Ён хутка накідваў малую пятлю на перакладзіну і, каб заціснуць і… праверыць трываласць, хапаўся за вялікую пятлю рукамі і павісаў над кузавам. Усе рухі ката былі разлічаныя, дакладныя, ніводнага лішняга, як на канвеернай лініі. І гэта было жудасна.
Кадры мяняліся… Грузавікі з сапёрамі адышлі. На нейкі момант плошча апусцела. А потым з вуліцы, якая называлася пры іх Паркавай, выехаў узвод матацыклістаў. Яны разгарнуліся за шыбеніцамі і накіравалі кулямёты на парк, на царкву і на Савецкую вуліцу. Праз хвіліну па Гандлёвай прайшлі два бронетранспарцёры. Яны сталі ў супрацьлеглых баках плошчы, і іх буйнакаліберныя кулямёты пагражалі руінам цэнтра горада і нашай пажарнай. Кулямётчык глядзеў на мяне. Я бачыў яго вочы, маладыя, насцярожаныя, пільныя.
Прагрукатала па бруку зондэркаманда.
Карнікі ўтварылі першы ланцуг вакол шыбеніц. Воддаль, таксама ланцугом, стала паліцыя ўнутранага парадку — «бобікі». Яны ж выконвалі другую ганебную місію: зганялі народ. Праўда, першыя з'явіліся добраахвотнікі, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамі. Яны прыходзілі па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзін аднаму, ціснуліся бліжэй да паліцыі, але стаялі асобнымі кучкамі. Потым паліцаі прыгналі рабочых станкабудаўнічага завода і друкарні. Рабочыя адразу зліліся ў адну групу. Сталі яны каля самай пажарнай сцяны, наблізіўшыся да бронетранспарцёра. Паліцыя адціснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднім ходам бліжэй да шыбеніц, і кулямёт, які глядзеў на мяне, быў скіраваны на рабочых. Жанчынам, якіх паліцаі прыгналі з другога боку, не дазволілі зліцца з рабочымі. Іх паставілі асобна.
Сабралі чалавек пяцьсот.
Здаецца, дурны і подлы Гвоздзік крыкнуў у дзяжурцы: «Хлопцы! Лезем на каланчу! Камуністаў будуць вешаць».
«Але, на каланчу! Адтуль відней», — падумаў я, не ведаючы, які чарговы план з'явіцца там, у вышыні. Усе мае планы рушыліся. Што можна зрабіць аднаму супраць матацыклістаў, бронетранспарцёраў, сотні гестапаўцаў? Але я ўсё яшчэ спадзяваўся, што з'явіцца нейкі асаблівы план. Каб там, на каланчы, стаяў кулямёт, як на вышцы каля паліцэйскай управы! А то ў мяне не было нават пісталета.
Каля лесвіцы мяне затрымаў Хіндэль.
«На каланчы гестапа», — ціха сказаў ён і, узяўшы за локаць, павёў у свой кабінет. Мы сталі ўдвух, беларус і немец, каля адчыненага акна і моўчкі глядзелі на плошчу, на злавесныя шыбеніцы, на якіх вецер гойдаў вяроўкі, на гестапаўцаў і на натоўп. Што адчуваў Хіндэль у той час? І ўвогуле, што за чалавек ён быў?
Читать дальше