Я спадзяюся, што на артыкул гэты адгукнуцца людзі, якія здолеюць дапоўніць факты і выясніць тое, што няясна ў дзейнасці Савіча і другіх савецкіх патрыётаў, жывых і мёртвых, гераічныя справы якіх будуць натхняць многія пакаленні.
К.Шыковіч».
Артыкул спачатку выклікаў буру. Спачатку — у рэдакцыі. Першы ўзвіўся Рагойша.
— Гэта ж прыём жоўтай прэсы! — крычаў ён. — Шыковічу захацелася набыць танную папулярнасць. Паласкатаць нервы абывацеля. Як сябра рэдкалегіі, я катэгарычна супраць надрукавання.
Чуткім нюхам сваім Рагойша адразу адчуў, у кім шукаць надзейнага і аўтарытэтнага саюзніка. Гукан, напэўна, выкажацца супраць, а ён — першы аўтарытэт у горадзе па партызанскай гісторыі. Экземпляр артыкула тут жа апынуўся на стале ў старшыні гарвыканкома.
Сямён Парфёнавіч чытаў, зачыніўшы дзверы, каб ніхто не перашкодзіў.
Назву ён злосна падкрэсліў тоўстым карычневым алоўкам і паставіў напроціў на полі тоўсты клічнік, як бы сцвярджаючы гэтым, што для яго няма пытання ў тым, хто такі доктар Савіч.
На цытаце са сваёй кнігі ён зламаў аловак і шыбануў яго ў кошык. Другі не ўзяў. Чытаў так, раптам сцішаны, засяроджаны, уважлівы. На твары яго не адбіваліся больш ні гнеў, ні раздражненне. Толькі неяк дзіўна ўсё больш і больш аплывалі худыя шчокі і адвісала ніжняя губа, нібы імкнулася дацягнуцца да паперы.
Скончыўшы чытаць, ён згарнуў лісты, паклаў у рэдакцыйны канверт, пераламаў канверт, сунуў у глыбокую кішэню галіфэ і, шырока сігаючы, выйшаў з будынка гарсавета.
Гэтак жа шырока крочыў ён па кабінеце сакратара гаркома, пакуль Тарасаў канчаў размову з загадчыкам аддзела. Тарасаў употай назіраў за ім і здзіўляўся: даўно ўжо ён не бачыў спакойнага Гукана такім устрывожаным.
Не зачыніліся яшчэ дзверы за работнікам — і Сямён Парфёнавіч нецярпліва і непаважліва кінуў канверт на стол:
— Чытаў?
— Што гэта? — Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: «Ах, вось што цябе…» І чамусьці зманіў: — Не, не чытаў.
А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком.
— Пачытай. Хоць няма чаго чытаць. Дурная фантазія безадказнага пісакі. Знайшоў, ведаеш, нейкую бабу, знахарку, і на яе блытаным расказе хоча перагледзець гісторыю ўсяго падполля…
— Няўжо ўсяго? — як бы здзівіўся Тарасаў, праглядаючы бегла артыкул.
— Хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Адкрывацель знайшоўся! Але ж не ў гэтым сутнасць… Гісторыя ёсць гісторыя. Шыковіч яе не рабіў. Не Шыковічу яе і перарабляць. Тут небяспечная сама тэндэнцыя. Я табе папрок кіну, Сяргей Сяргеевіч. Патураеш ты яму. А ён з тых, хто лічыць, што калі партыя развянчала культ Сталіна, значыцца, трэба ўсё перавярнуць дагары нагамі…
— Тэндэнцыя, безумоўна, шкодная, — спакойна згадзіўся Тарасаў, праглядаючы апошнюю старонку артыкула, а потым узняў галаву, глянуў на Гукана і сказаў: — Але я не бачу лагічнай сувязі. Пры чым тут гэтая тэндэнцыя да таго, што Шыковіч хоча даказаць ды амаль даказвае, што ў бальніцы была падпольная група. Ты цвёрда ведаеш, што яе там не было?
Гукан шумна сеў з боку стала, ляпнуў сябе далоняй па грудзях.
— Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевіч! Тут галоўнае — метад. Пры такім метадзе пошукаў любы фашысцкі паслугач можа цяпер аб'явіць сябе падпольным дзеячам…
— А хто тут аб'яўляе? — паклаў на артыкул рукі Тарасаў.
— Ды хаця б баба гэтая…
— Сухадол? — голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткі. — Дзе ж яна служыла? У заразнай бальніцы?! — І рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запаліў і сказаў прымірэнча: — Не гарачыся, Сямён Парфёнавіч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыі, якая таксама нямала шкоды нарабіла.
Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёміўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомніць прозвішчы і абставіны.
«Ясна, Шыковіч узгадняў з ім. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымліваць яго. З ім не дамовішся. Трэба ісці ў абком».
— Ты пачытай уважліва. Як ён будуе артыкул. Робіць надзьмутую позу аб'ектыўнага шукальніка. А па сутнасці, рэвізуе рашэнні гаркома аб падполлі.
— Сур'ёзна? — зноў як бы здзівіўся Тарасаў. — Ну, гэта мы паправім.
«Паправім? Няўжо ён збіраецца друкаваць?»
— Ты што, лічыш, што гэтую муру можна друкаваць?
Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла бліжэй да Гукана, каб не было так афіцыйна, убок выпусціў дым і, пранікліва зазіраючы ў глыбокія чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску інтымна, каб выклікаць на шчырасць:
Читать дальше