Раісу Сяргееўну гестапа схапіла ў тую ноч, калі забілі Савіча. Тады шмат каго з нашых арыштавалі. Аптэкарку Надзю (прозвішча не помню ўжо), Васю Адзінца, шафёра санітарнай машыны; Сцяпан Андрэевіч, калі пайшоў ва ўправу, машыну гэтую раздабыў для бальніцы. Грузавічок з будкай. Здымалі будку, вазілі дровы з лесу, бо са склада немцы не давалі. Добра ведаю, што і ў лес машына пустая не хадзіла: часам ехала па дровы пяць чалавек, а назад вярталася двое. Хто ўцякаў з лагера — прытулак у нашай бальніцы меў. Ачуняе, падкорміцца чалавек — і ў лес. Я такім вопратку знаходзіла, купляла, выменьвала. Мяне аднойчы сама Раіса Сяргееўна папрасіла купіць дзесяць ватовак, грошы дала. Але яна — не як Сцяпан Андрэевіч — не з адкрытай душой. Яна быццам і не давярала мне, асцерагалася. Мне гэта, прызнаюся, крыўдна было. Сцяпан Андрэевіч вунь каго мне даверыў — разведчыкаў! Ды і не толькі разведчыкаў! Аднойчы Вася прывёз у машыне „хворага“ — лысага чалавека з вясёлымі вачамі. Прывёз тады, калі Савіч у бальніцы быў. З машыны яго ссаджвалі, пад ручкі вялі, як напраўдашняга хворага. А паклікаў мяне Сцяпан Андрэевіч да сябе, гляджу: „хворы“ гэты ходзіць па кабінеце, гладзіць лысіну і весела смяецца, падміргвае. Доктар таксама ўсміхаецца:
„Трэба, кажа, Клаўдзя Сідараўна, гэтага хлопчыка памясціць у бокс у дзіцячае аддзяленне“.
А той смяецца:
„Вы мяне коклюшам не заразіце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць“.
„Дайце, — кажа мне Сцяпан Андрэевіч, — на сённяшні вечар якое-небудзь заданне вартаўніку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабіце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самі падзяжурце за яе“.
Я ўсё зрабіла як трэба. У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны, якіх прапусціў Лёша.
Я хачу перапыніць расказ Клаўдзі Сідараўны, каб паведаміць чытачам, што Пракоп Варава, камандзір, пасля камісар атрада імя Чапаева, запіскі якога я знайшоў у архіве, быў лысы і вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабіста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамі прыходзіў не хто іншы, як Варава.
Памер газетнага артыкула не дае магчымасці прывесці расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загінулі Лёша і Ваня. Прозвішча аднаго з іх было Калуноў, але каторага — жанчына, на жаль, не помніць, ды наўрад ці было гэта сапраўднае прозвішча. Іх схапілі на могілках, яны вялі перадачу з капліцы. Напэўна, гэта пра іх пісаў у сваёй запісцы Варава.
Клаўдзю Сідараўну ў той жа дзень папярэдзіў Савіч, каб у выпадку арышту і допытаў яна нічога не гаварыла. Папрасіліся хлопцы на работу — узялі іх, больш нічога не ведаем, што яны рабілі, чым займаліся. Яе не арыштавалі. Але праз два дні ў бальніцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулі ўсё дагары дном. Нічога не знайшлі. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лічылі за фашысцкага агента, замест спірту (да спірту ён часта прыкладваўся) выпіў шклянку кіслаты. Знарок ці выпадкова — невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалі ніякіх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што і Савіч і Вакулава прыціхлі, нават палонных больш не перапраўлялі за горад. Толькі Вася колькі разоў браў у яе прасціны і марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сціпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэнні: узяць да сябе дзяўчыну і выдаць за пляменніцу, да некага схадзіць, нешта схаваць, нешта перадаць і г.д.
Пасля забойства доктара яе не арыштавалі разам з другімі, але тры разы выклікалі ў СД і хітра распытвалі пра ўсіх, больш пра Вакулаву і Васю, менш пра Савіча.
Дзіўны лёс гэтай жанчыны пасля вайны. У наш час, пасля дваццатага з'езда, пра гэта нельга не сказаць. Пасля вызвалення горада яна зайшла ў адну ўстанову „да высокага начальніка“ і шчыра расказала яму ўсё, што ведала пра падпольную дзейнасць Савіча і Вакулавай. Яе ўважліва выслухалі. А праз некалькі дзён яна была зволена з бальніцы „за супрацоўніцтва з фашыстамі“. Цяпер жыве ў далёкай вёсцы без пенсіі, нават без сядзібы. Жыве за тое, што збірае травы і лечыць хворых. За гэта мясцовыя медыкі абвясцілі яе знахаркай.
Прыглядзіцеся, таварышы, хто жыве з вамі побач, узнайце чалавека, яго справы, яго біяграфію. Колькі на зямлі нашай безыменных герояў, сціплых і простых! Мы і дзеці нашы павінны ведаць іх імёны!
Не ўсё яшчэ нам ясна і зразумела ў гісторыі доктара Савіча. Невядома, хто яго забіў. Невядома, навошта акупантам і нацыяналістам спатрэбілася камедыя з пахаваннем доктара. Але тыя факты, дакументы і расказы, якія маюцца, даюць мне права сцвярджаць: у інфекцыйнай бальніцы актыўна дзейнічала падпольная група, пра якую пакуль што нідзе не ўпамінаецца ў нашых афіцыйных дакументах. Кіраваў гэтай групай доктар Савіч, які меў сувязь з камандзірам партызанскага атрада імя Чапаева Пракопам Ігнатавічам Варавам.
Читать дальше