— Божа мой… Волечка… — прагаварыў сам сабе гэты змучаны і душой і целам чалавек, азіраючыся па карчомнай хаце, — і зоры свецяць, і вецер на гасцінцы спявае… і мусіць сярпок месяца яшчэ ёсць… А каб не вецер — на гасцінцы ціхата была б. Ну, у дарогу!
Ох, як даўно ўжо гэты чалавек не глядзеў на зоры над сваёй роднай зямлёй! Сэрца яго білася моцна, калі ён усцягваў на сябе сваю сабраную з усяго свету адзежу, пасля хадзіў у кухню мыцца, пасля выціраўся тым, што было ўчора павязана ў яго на галаве пад шапкай. Ён у ціхім парыве рухава збіраўся ў дарогу. І сапраўды серп месяца паднімаўся над бярозай, за гасцінцам. У бакоўцы Нявада сунуў руку пад коўдру соннаму карчмару і пайшоў да дзвярэй.
— Ацапеў ты, чалавеча, — абазваўся карчмар. — Куды ты? Яшчэ ноч на дварэ. Удзень ісці смялей. Тут каля граніцы кожны пытацца будзе, а куды, а адкуль, а чаго. Ды яшчэ ўночы!
— Няхай пытае. Чаго мне баяцца. Я іду з чужыны дадому. Па роднай зямлі іду.
— Ты думаеш, што родная зямля козыр на ўвесь свет… Дык вазьмі хоць хлеба за пазуху са стала.
Нявада хістануўся да стала, адламаў хлеба і выйшаў з карчмы на гасцінец. Якія вялікія прасторы былі перад ім! Удзень усё было як бы сціснута то познім усходам сонца, то раннім лістападаўскім змярканнем, то нежывым бляскам халоднага сонца. Нявада ішоў абочынай гасцінца, адкуль увесь снег змяло ў прыдарожныя лагчыны. Вецер дзьмуў яму ў твар. Цёмныя істужкі лясоў заўважалі яго вочы на даляглядах. Выйшаў ён з карчмы роўнай і шпаркай хадою, але ўжо можа праз кіламетр хада яго спавольнілася, і ён пакінуў разглядаць далягляды. Вочы глядзелі на сцежку пад ногі, і зноў ён ужо ішоў так, як і ўсе дні, пакуль не дайшоў да карчмы. Кожны крок набліжаў яго да роднага кута, але — а ці не згубіўся гэты кут у гэтым, няхай сабе хоць і родным, прасторы? Можа яго стапталі чужынцы, якія так многа тут хадзілі? А можа трэба будзе пачынаць жыць спачатку? А можа малое Волечкі жывое няма? А можа ўжо тут няма нічога, за што так трымалася душа? Якое тады гора будзе чалавеку на ўсё жыццё! Зашарэла неба, і сонца ўзышло. Дарога паўзла вельмі марудна. Але крок зменьваўся крокам. Прайшоў і скончыўся дзень, прайшла і яшчэ ноч у прыдарожнай хаце. І зноў ішоў дзень, і паўзла дарога. Другія гэта былі ці трэція суткі пасля карчмы? Надвор’е змякчэла, схмурнела, і вецер ужо дзьмуў Няваду не ў твар, а ў плечы. Раптам вецер сціх. Смутак ужо даўно перарабіўся ў роўнае забыццё. Ніводнай успышкі вострага пачуцця ўжо не з’яўлялася на твары. Але ў адным месцы дарогі чалавек стаў і пачаў углядацца ў прастору. Ледзь пратаптаная сцежка вяла з дарогі ўбок. Чалавек узышоў на яе, і твар яго адразу ажывіўся. Сцежка прывяла яго да палявой дарогі, і ён пайшоў па ёй. Неўзабаве ён дайшоў да густога зарасніку шыпшыны і стаў перад ім. У моманты вялікіх душэўных зрухаў або напружанай змены падзей ці жыццёвых акалічнасцей людзі і старыя робяцца як дзеці. Гэты чалавек цяпер, з дзіцячым выразам на твары, убачыў, што адзін-адзінюткі лісток, скручаны ад холаду, аставаўся на шыпшынніку. Ён не страціў яшчэ жоўтага колеру. Чалавек сарваў лісток, прыклаў яго да губ, і твар яго адразу пасуравеў, і ўвесь ён цвёрда выпрастаўся. Цвёрдай і роўнай хадой ён пайшоў далей. Адчувалася першае змярканне, калі перад ім вырысаваліся абрысы першых сумліцкіх будынкаў. Хада яго зрабілася вельмі шпаркай, і пячаць вялікай напружанасці думак лягла на твар. Углядаючыся перад сабой, як быццам баючыся ўбачыць штосьці ўжо вядомае яму і да жудасці страшнае, ён сцішанай хадой падышоў да так вядомага яму ясеня на вуліцы. А крокаў за дзесяць ад ясеня родная хата. Цяпер яна ўжо струхлела яшчэ больш, як была. Не паспеў ён калісьці, ідучы на вайну, і брамы паднавіць. Дарэшты згніла ўжо! Добра, на хату ён гляне пасля. Ён спачатку толькі заўважыць яе сілуэт і будзе глядзець на браму. А пасля — Божа! А можа і суджана яму такое шчасце: можа і Волечка жыва і здарова і, малая, адразу кінецца да яго. З маўклівым тварам ён стаў, як аслупянелы, перад брамаю. Яна была не толькі не гнілая, але і не тая самая. На чэсаных слупох і з габляваных брускоў. І новая. Ну можа год як пастаўлена. Трывога кальнула яго: тут пахадзіла чужая рука. А можа гэта чыя літасць да малое Волечкі, і на дабро ўсё гэта? Сілуэт хаты мільгануўся збоку, але толькі цяпер ён глянуў на яе. Тая самая, і сапраўды больш патрухлела. Але як ён дагэтуль не заўважыў: сцірта дошчак, чэсанае бярвенне — усё складзена паўз сцены. Тут нехта чужы гаспадарыць! Унь ля ганка і каменьчыкі тыя, якімі ён вылажыў — як даўно ўжо! — сцежку цераз двор, каб посуху хадзіць у дажджы. Але ўздоўж сцяны і тратуарчык з аполкаў. Ён стаяў і не смеў як бы рушыць далей. Ужо ён быў упэўнен, што Волечкі няма жывое. Дзіця не перажыла ўсяго, што адбывалася тут гэтымі гадамі. Ён стаяў і чакаў цуду. А можа яшчэ Волечка малая і выйдзе і кінецца да яго. І цуд адбыўся. Ціха адчыніліся сенечныя дзверы, і Волечка выйшла і стала на ганку, пільна ўглядаючыся на чалавека, адзетага на здзіўленне ўсяму свету. Гэта Волечка! Тая самая. Як дзве кроплі вады падобная да нябожчыцы маці. Тыя самыя рысы на твары, з якім калісьці яна сядзела ў яго на руках. Але чаму яна не бяжыць подскакам яму насустрач, а стаіць, як анямелая, і не адрывае ад яго вачэй?! Яна высокая ростам, з пышнымі бландзіністымі валасамі, густа прычэсанымі пад хусцінку. І сукенка на ёй стракатая, лёгенькая, і яна мерзне ў ёй, так стоячы. І пазнае і не пазнае яго. Твар яе так пільна напружаны, і лоб моршчыцца. Карціны пражытага маленства ўстаюць перад ёю.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу