— Чаго ты прэшся на самае дрэва, чаго? — закрычаў ён. — Што табе — фары трэба мяняць?
Недасек, як толькі заглох матор, адчыніў кабіну і, больш убачыўшы, чым пачуўшы, што Сцяпанавіч нешта гаворыць, спытаўся:
— Г-га? Н-ні-чога не чую.
— Га, га… Дыеганцыю трымай!
— А што — м-мой б-бычок п-пагрызе т-тваю ліпу? Васіль ужо стаяў перад начальнікам з усмешкай на сваім румяным прастадушным абліччы, і злавацца на яго далей было немагчыма. Заіка — хлопец спраўны і вясёлы. Бычком называў ён свой новы грузавік маркі Мінскага аўтазавода — адзіную ў калоне машыну, на капоце якой блішчыць серабрысты, горда набычаны зубр.
За рулём наступнай машыны, якая ўжо таксама спынілася, сядзеў Санька Будай, самы малады і, відаць, самы любімы ў калоне хлопец, хоць ён і прыйшоў у яе толькі месяц таму назад. Выйшаўшы з кабіны, чарнявы, стройны Санька з асалодай, да хрусту ў касцях, пацягнуўся, а потым, гледзячы на лес, гукнуў:
— Елкі зялёныя! Не паветра, а проста… журавінавы напітак!
— Шва, Будай, трошкі лепш, — з усмешкай і смакаваннем у голасе, а ўсё ж такі важна прамовіў Сцяпанавіч.
— Піва я не люблю, — адказаў Санька. — Яно мне, як мая маці кажа, не пануе. А ты, Сцяпанавіч, у добрым месцы спыніўся.
Абапал дарогі — нешырокай асфальтавай паласы — дзвюма сценамі ўздымаўся лес. З гушчару дрэў найбольш выдзяляліся яліны і бярозы, — яліны сваёй цёмнай зеленню, на фоне якой асабліва пры-гожа выглядала сонечная жаўцізна дробнага бярозавага лісця. Паблізу, амаль да самага кювета, падышла маладая асіна, нявопытная модніца ў бурачковым уборы, і Саньку відаць было, здаецца, як трымцяць яе лісты — нібы ад сораму за свой дзікаваты колер, нібы ад нейкага затоенага хвалявання… Сонца стаяла над лесам трохі правей ад таго месца, дзе шаша ўніралася ў далягляд, і на абочыне шашы, дзе спыніліся машыны, за кюветам прывабліва зелянела мяккая травяная пасцель, засланая ласкавым сонечным святлом. Па вершняку хадзіў лагодны, мілагучны пошум, а нізам слаўся водар цёплай восені, з якога найбольш выдзяляўся сыраваты, смачны пах грыбоў.
— Як хораша, хлопцы, га? — сказаў Санька. — I сапраўды — залатая пара…
Санька вярнуўся з арміі летась увосень. Хлопец перажываў цяпер найбольш, відаць, шчаслівую пару маладосці, нібы адгульваў адпачынак перад клопатамі сямейнага жыцця, якое хутка мела пачацца. Ен быў адзіным сынам у маці-ўдавы, якую Санька з самага маленства ведае работніцай інструментальнага завода, дзе мама робіць непрыкметную, ды вельмі неабходную работу — прыбірае цэх. Жывуць яны ў адным з пакойчыкаў драўлянага дома на ўскраіне. Цеснавата, але гэта — як Санька думае цяпер — зусім ужо часова. Хутка ён нрывядзе дамоў сваю Ірачку, з-за якой цяпер, кажучы словамі маці, не бачыць белага свету. Ірачка — тэхнік на аўтамабільным заводзе, і хутка яна атрымае кватэру. Як толькі яны пяройдуць туды — няхай сабе адзін пакой, ды кухня затое свая! — мама адразу пакіне працаваць, а будзе глядзець хату. Так гаварылі пакуль што яны толькі самі, хаваючы ад маці радасную неспадзяванку. Мама ўжо ведае Ірачку, якая сама папрасіла Саньку назнаёміць іх, завесці яе ў іхні пакойчык. Дабрадушная і вясёлая сваёй ціхай, зычлівай для людзей весялосцю, старая работніца адразу ўпадабала светлакосую, разумную дзяўчыну і ў той жа вечар, рыхтуючы ім вячэру, ціхенька ўсхліпнула каля пліты, успомніўшы Міхася, свайго старэйшага, які загінуў у вайну… Усхліпнула, а потым, за сталом, міжвольна назвала Іру дачушкай. Сказала і схамянулася, а «дачушка» пачырванела, зірнула на Саньку, які таксама пачырванеў, і абое яны засмяяліся. А маці так і стала называць яе — то Ірачка, то золатка, то зноў дачушка. I ў светлым вобразе дзяўчыны, якую палюбіў яе сын, а за ім і яна, і ў самым пачуцці гэтым — узнагародзе за нялёгкае ўдовіна жыццё, было і сапраўды нсшта сонечнае, яснае, залатое… Аднак… Ну, што ж, і яна ўжо адчула сябе свякроўю, адчула рэўнасць да дзяў-чыны, што вось прыйшла і забрала, хоць не ўсяго пакуль што, а забрала ў яе сынка. Ну, што ж, яна — маці, хутчэй бы ёй — за ўсе турботы, за ўсю ціхасць яе — дачакацца таго, каб у сям'ю прыйшло яшчэ адно золатка, якое ўжо можна будзе любіць без рэўнасці, усім аднолькава!.. А Санька, нібы на злосць старой, марудзіў, не жаніўся. Ходзіць толькі ды ўсміхаецца.
Усмешка ў Санькі харошая. Заіка Васіль усміхаецца так, нібы заўсёды просіць прабачэння: «Эх, сказаў бы я вам нешта в-вясёленькае, д-ды вось не выйдзе…» А Санька ўсмешкай сваёй абяцае: «Я вам зараз такое скажу… ну, такое, што проста!..» I так ён будзе абяцаць усё жыццё. Прыемна глядзець на такую ўсмешку, бо ўсе мы заўсёды чакаем і хочам радасці.
Читать дальше