Той, з кім я ехаў і з кім стаяў на дарозе, любуючыся роднымі мясцінамі, расказаў мне, што бедны хлопец жыве і нічога ў яго не змянілася. Толькі ўжо маці зусім пастарэла, не можа яго насіць, а брат па-ранейшаму дружны, добры, уважлівы, хоць ужо і жанаты, і дзеці ў яго свае. Можа, нават і вершы ён, той былы падлетак, піша ўсё яшчэ, нікуды іх не пасылаючы, нават у раённую газету.
Дык што ж мне заходзіць да яго? Па-свойму, чым мог бы, не дапаможаш, а іншай дапамогі ад цябе не патрабуюць: беднасці ў той хаце няма, а на здароўе ты не медык…
А можа, усе гэтыя разважанні — такая, больш-менш зручная, форма ўмывання рук?
Застаюся на раздарожяш. Як і тады, на сонечным узгорку.
…Інакш бывае яно, калі, прачытаўшы чужое, мояша сказаць зусім па шчырасці, што нешта ёсць, што нешта будзе!..
1976
Вяселле ад маладое пераехала да маладога — гасцінцам, у суседнюю вёску, за два кіламетры. Адзін з гулякаў забавіўся дома, адстаў i пайшоў пехатою. Зіма, ноч, а ён, вядома, пад чаркай. Брыў насустрач ветру з макраватым снегам у твар. Вецер сарваў з яго шапку. Дзяцюк дагнаў яе, насунуў мацней, угрунтаваўся на нагах, пайшоў. Доўга ішоў, бясконца доўга — спачатку ўсё на сваю дарогу, на насып гасцінца выходзіў, а потым адчуў, што дарогі няма, што ў завірусе ён — проста кудысьці ідзе… Барозны, раўкі, зноў роўнае, зноў барозны…
Потым, нарэшце, у снежнай, шчымліва-сякучай муці яму паказаўся далёкі агеньчык. Яшчэ адзін роў… Не, тут ён, ужо амаль зусім не п'яны, зразумеў, што гэта не роў, a нізкае рэчышча… Праз нізкі ў снезе дрот агароджы, потым цераз штыкеты ён пералез i, нарэшце, пастукаў у жывое акно!..
Ён быў страшэнна стомлены, мокры, аднак ужо не спалоханы, без прыкметнай на твары няёмкасці — па праву чалавека, якому патрэбен ратунак. Мой брат, братавая i дзеці спалі, адзін я, месячны госць, чытаў у кухні за стадом. На нашу нягучную гаману, спачатку ў сенях, потым у кухні, ніхто не прачнуўся. Я прымусіў яго распрануцца, надзець сухое, паслаў яму на тапчане, знайшоў i наліў ад прастуды чарку, хлеба, сала, цыбуліну даў. І ён мне расказаў сяк-так, што здарылася. Я сказаў яму спаць, дый сам ужо больш не чытаў, лёг у хаце. Добра за поўнач.
Ен пайшоў, калі ўсе яшчэ спалі, адна толькі гаспадыня ўстала. Надзеў свае даспехі, якія мы ўчора развесілі каля гарачай грубы, i пайшоў, ужо зусім у цвярозай няёмкасці.
Калі б не мой позні агеньчык, хлопцу было б вельмі дрэнна. У сваёй упартай упэўненасці знайсці спачатку дарогу, а потым якое жыллё, ён брыў наслепа — якраз туды, у той бок, дзе за вёскай (братава хата наводшыбе) пачыналіся крутыя ўзгоркі, сярод якіх, наўпоперак — глыбокія, «воўчыя» яры…
Я не запомніў, чый ён у сваёй вёсцы, за шэсць кіламетраў ад нашай, а ён ні ў мяне, ні ў братавай не спытаўся, хто мы, хто тут жыве. I гэта яшчэ лепш. Проста помніцца. Вось ужо i шаснаццаць гадоў.
1977
У любым месцы на Зямлі і на карце яе можа спыніцца пані Гісторыя, любую рэчку зробіць надоўга ці на нейкі час гістарычнай.
У адной з іх быў ахрышчаны Ісус, Ешуа бен Марыям, для адных сын божы і сам бог, для другіх — легенда. А ўсё ж імя гэтае, то верай, то мастацтвам звязана з невялікай палесцінскай рэчкай вось ужо хутка два тысячагоддзі.
На берагах другой, яшчэ меншай, дзевяць стагоддзяў таму назад, як сведчыць магутны ўсходнеславянскі эпас, адшумела адна з крывавай безлічы чалавечых бітваў, дзе галовы, як снапы па таку, малаціліся сталёвымі цапамі, а душу ад цела адвейвалі, як мякіну.
Першая рэчка жыве і цяпер. Іардан. Над ёю цяпер неспакойна…
Другая, Няміга, пайшла пад зямлю, жыць засталася толькі ў слове ды ў назве адной з мінскіх вуліц.
Рэчка, якую я ў маленстве пазнаваў ад саменькага нізу, ад самай яе сутнасці, ад той красы, якую можа, здольная бачыць толькі дзіцячая душа, рэчка гэтая — Буша — тады здавалася ракой, шырокай ды глыбокай.
Недзе далей быў, тады яшчэ не вядомы мне, Нёман, у які наша мілая Вуша ўпадала. А ў Вушу ўпадала зусім ужо маленькая, звілістая і аброслая кустамі Міранка, да якое я, уброд цераз Вушу, зрабіў калісьці вялікае, незабыўнае падарожжа. З братам, ужо дзецюком, старэйшым за мяне на цэлых сем гадоў. Ён там, пад берагамі, у падрэзах ды ў норах, лавіў рукамі плотак і нават ментузоў, выкідаў мне на бераг, у высокую траву, а я захоплена падбіраў іх у торбу.
Трэцяй рэчкай майго маленства была Сервач, якую я бачыў некалькі разоў толькі зверху, з воза, калі мы ехалі ў госці да маёй сястры, амаль неверагоднай, бо старэйшай ажно на дваццаць тры гады.
Читать дальше