Гэта — перш за ўсё — слова пра несмяротнасць паэзіі, пра веліч народа, што нараджае паэтаў, пра хараство зямлі, што ix натхняе.
У Пяцігорску — i гэта зусім натуральна — найбольш i думаеш, i чуеш пра аднаго, пра наймалодшага з вялікай тройкі.
У Пяцігорску пачыналася вясна.
Я ўпэўнены, што не была б яна, мая першая каўказская вясна, такой раскошна сонечнай i прывольнай, не прымушала б яна так шчасліва, глыбока задумвацца, каб не Пячорын, не Бэла, не Максім Максімавіч, не паслушнік Мцыры, каб не песні пра тое, як плывуць па блакіце белыя хмаркі-выгнанніцы, як гавораць высокія зоры…
І яшчэ — каб не звычайны казацкі домік у белым гушчары другіх нізкіх, утульных дамоў, домік, праз вокны якога відаць i Машук, i Бештаў, i старая чарэшня.
Сціплая, вельмі патрэбная. З пяшчотнымі белымі кветкамі.
1964
Дзіва, шчаслівае дзіва бярэ — колькі яе, прыгажосці, i як я мог жыць, не бачыўшы да сарака пяці… ну, скажам, возера Лукаўскога, з векавымі дубамі i шэрымі крыжамі на касе, або магутнай, ласкавай Гарыні?..
Прыгажосць назіралі мы спачатку з акон «кукурузніка», які нас, трох следапытаў народнага слова, нёс над астраўкамі палёў, над лясамі i шчодра залітымі сёлета балотамі Піншчыны. Нізка ляцелі — адно любуйся. Але нядоўга. Толькі што ўзняўся, здаецца, наш «По-2», a ўжо i садзіцца на прылясную паляну траскучаю птушкай. Уяўляю, што нават i «ногі» наставіў насустрач зямлі, нібы грак. Селі. Ідзіце, нюхайце добра жыта ды бульбу ў белай, густой квецені. Хоць ты з дарогі збоч ды паляжы ў ix ніцма!..
Давыд-Гарадок.
Можна злятаць на Марс, вярнуцца адтуль i застаць над Гарынню ўсё тую ж бабку з вудай. Стаіць старая, як i стаяла сотні гадоў, спакойна i абыякава. Закідае па-бабску смешна, цераз галаву, паплёўвае на чарвяка, зрэдку здымае ў вядро краснапёрку… Многа ix тут, рыбакоў жаночага полу, відаць, ад пяці i да ста, i нікому такое не дзіўна.
Светлая хата над самай ракой. У гародзе растуць толькі кветкі, якія тут здавён сеюць на насенне. І вельмі любяць, здаецца, — не проста гандлююць. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Гаспадар, талковы i ветлівы дзядзька, ахвотна даў нам за сходную плату маторнай лодкі, паслаў з намі хлопца, загарэлага дзевяцікласніка.
Так мы глядзелі Гарынь, а потым Прыпяць. Трохі вудзілі, прыпыніўшыся ў спакуслівай мясціне, а больш любаваліся, з бадзёрым грукатам летучы па празрыстай i ціхай вадзе.
Усё прыгожа, аднак жа белыя «гускі» ў Воўчым возеры, у якое мы неўзабаве ўвайшлі з чарнаводнай, спакойнай i крыху не цераз верх перапоўненай Прыпяці,— прыгожыя асабліва. На суцэльным зялёным насціле іхніх лістоў самі «гускі» — ну, проста гусіная ферма, вялізная, толькі без гогату. І мы пайшлі тут без грукату, на вёслах, марудна разганяючы лодкай зялёна-белы цягучы насціл. Зблізку кветкі напаміналі мне жывое яшчэ з маленства ўяўленне: разрэзанае крутое яйка… Не, гэтым разам, — можа, ад думак пра бомбы i дзяцей, ад цяжкіх думак, якімі закончыўся мой учарашні дзень, — «гускі» здаваліся мне складзенымі далоньмі ручанятак з гулліва настаўленымі, як пялёсткі, пальцамі…
А зверху — раскошнае сонца i белыя воб: лакі. Плывуць паволі, амаль не плывуць. І высока, высока!..
Потым, пад вечар, нас калаціў на калдобах аўтобус. Нібы спецыяльна наняты, каб так калаціць. Але ўсё роўна мы любаваліся. I полем абапал дарогі, i хатамі пад цяжарам буслянак, i сонечным лесам…
Душою нашай пасажырскай кампаніі была разбітная, яшчэ не старая цыганка. Расказвала, добра па-беларуску, пра найбольшае шчасце свае валачашчае маладосці — як яна, седзячы побач з бацькам на возе, праехала з цэлым табарам, дарагія начальнічкі, цераз усю Варшаву!.. Пасля ўспамінаў яна пусцілася ў тэорыю — пачала нам тлумачыць ix цягу да вандравання. Гаворачы, час ад часу пакрыквала на Гарасіма, свайго басаногага хлапчука, што ўсё лез, выхіляўся з акна.
Пасля ў аўтобусе спявала скрыпка.
Іграў стары цыган. Без шапкі, лысы, у салдацкіх галіфэ i цяжкіх з выгляду кірзавых ботах. Мы дагналі яго на выездзе з чарговай вёскі, шафёр сам спыніўся, а «бэцька» адразу, толькі ўмасціўшыся на заднім сядзенні, сам пачаў іграць. За праезд. Па прывычцы.
Яна i спявала, i плакала, i рассыпалася смехам — ягоная скрыпка. І гэта было незвычайна да самай сапраўднай радасці — там, у глухім палескім лесе, на турботнай i пыльнай дарозе!..
Ды тут адзін з нас памыліўся… Проста не ведаў, што выйдзе з гэтага, — узяў свой фотаапарат i зняў музыку. Раз, пасля, для пэўнасці, яшчэ раз.
Читать дальше