Вось калi ўжо не патрэбны словы - нi чалавеку, нi тым болей сабаку!
Толькi напаследак, перад адыходам, Iван Iванавiч прамовiў:
- Добра, Бiм! Зноў пачынаецца жыццё. Вясна.
Па iнтанацыi Бiм зразумеў, што гаспадару прыемна. I ён таркануў носам у яго калена, павiляў хвастом: добра, маўляў, што i сказаць.
...Другi раз яны прыходзiлi сюды позняю ранiцаю, але ўжо без стрэльбы.
Духмяныя, тоненькiя струменьчыкi ад храсткоў травы - усё гэта было наўздзiў новае i захапляючае. Сонца прасвечвала ў лесе ўсё наскрозь, акрамя сасоннiку, ды i той мясцiнамi быў спаласованы золатам праменняў. I была цiшыня. Галоўнае - была цiшыня. Якая ж яна прыгожая - вясновая ранiшняя цiшыня ў лесе!
Гэты раз Бiм быў смялейшы: далёка было вiдаць (не тое, што тады ў прыцемкi). I ён лятаў па лесе ўволю, не спускаў, аднак, з вачэй гаспадара. Усё было цудоўна.
Нарэшце Бiм набег на нiтачку слончынага паху. I павёў. I зрабiў класiчную стойку. Iван Iванавiч паслаў наперад, хоць страляць i не было з чаго. Ды яшчэ загадаў ляжаць як i трэба, калi ўзлятае птушка. Абсалютна незразумела, бачыць цi не гаспадар? Бiм скоса паглядзеў на яго, пакуль не ўпэўнiўся: бачыць.
Па другой слонцы ўсё было гэтаксама. Нешта накшталт крыўды паказваў Бiм: насцярожаны позiрк, прабежкi поруч, нават спробы не слухацца - адным словам незадаволенасць расла i трэба было даць ёй выйсце. Менавiта таму Бiм i пагнаўся за трэцяю слонкаю, як звычайны дварняга. Але за слонкаю далёка не пабяжыш: мiльганула сярод галiн - i няма яе. Бiм вярнуўся незадаволены, ды яшчэ i зарабiў. Што ж, ён лёг збоч i ўздыхнуў (сабакi здорава ўмеюць рабiць гэта).
Усё гэта можна было стрываць, каб не яшчэ адна крыўда: Бiм у гэты раз уведаў пра новы недахоп у гаспадара - сапсаванае чуццё: i без таго бясчутны, ды яшчэ... А было гэта так.
Спынiўся Iван Iванавiч, i глядзiць вакол, i нюхае (куды там!). Потым ступiў да дрэва, прысеў i цiхенька, адным пальцам, пагладзiў кветачку, малюсенькую такую (Iвану Iванавiчу яна амаль не пахне, а Бiму такая смярдзючая). I навошта яму тая кветачка? Але гаспадар сядзеў, усмiхаўся. Бiм, вядома, зрабiў выгляд, што яму таксама быццам бы добра, але гэта толькi з-за павагi да гаспадара, а сам ён быў моцна здзiўлены.
- Ты паглядзi, паглядзi ж, Бiм! - усклiкнуў Iван Iванавiч i нахiлiў сабаку носам да кветкi.
Такога Бiм не мог стрываць, ён адвярнуўся. Потым незадаволена адышоў i лёг на палянцы, быццам хацеў сказаць: "Ну i нюхай сваю кветачку!" Рознагалоссi патрабавалi высвятлення адносiн неадкладна, але гаспадар смяяўся ў вочы Бiму шчаслiвым смехам. I гэта было крыўдна. "Яшчэ мне i рагоча!"
А той зноў да кветкi:
- Дзень добры, першанькая!
Бiм зразумеў, што "дзень добры" сказана не яму.
Рэўнасць пракралася ў сабачую душу, калi можна так сказаць, вось што здарылася таго дня. Толькi дома адносiны быццам наладзiлiся. Але дзень у Бiма выйшаў няўдалы: была дзiчына - не стралялi, пабег сам па птушку - пакаралi, ды яшчэ i кветка тая. Не, усё ж i ў сабакi бывае сабачае жыццё, бо жыве ён загiпнатызаваны трыма словамi-"кiтамi": "Нельга", "Назад", "Добра".
Толькi не ведалi яны - нi Бiм, нi Iван Iванавiч, - што некалi гэты дзень, калi б яны ўспомнiлi яго, здаўся б iм вялiкiм шчасцем.
ЗАПIСКI ГАСПАДАРА
У стомленым ад зiмовага палону лесе, калi яшчэ не распусцiлiся пупышкi, але ўжо прачнулiся, калi горкiя пнi зiмовае высечкi яшчэ не пусцiлi пасынкаў, але заплакалi ўжо, калi мёртвы шэры лiст ляжыць навокал пластом, калi голае галлё яшчэ не шумiць, а толькi цiхенька кранаецца адно аднаго, неспадзявана адчуецца пралескавы пах! Ледзь-ледзь улоўны, але гэта пах жыцця, якое ачнулася, i таму ён чуллiва-радасны, хоць амаль i нячутны. Гляджу навокал аказалася, яна побач. Стаiць на зямлi кветка, малюсенькая кропелька блакiтнага неба, такая простая i шчырая вястуння радасцi i шчасця, каму яно суджана i наканавана. Але для кожнага - i шчаслiвага, i няшчаснага - зараз яна жыццёвая прыгажосць.
Вось так i сярод нас, чалавекаў: ёсць людзi сцiплыя, з чыстым сэрцам, "непрыкметныя" i "маленькiя", але з вялiкай душою. Яны ж i ўпрыгожваюць жыццё, нясуць у сабе ўсё лепшае, што толькi мае чалавецтва, - дабрату, прастату, даверлiвасць. Так i пралеска здаецца кропелькаю неба на зямлi...
А праз некалькi дзён (учора) мы былi з Бiмам на тым самым месцы. Неба пакрапiла лес ужо тысячамi блакiтных кропелек. Шукаю, вызiраю: дзе ж яна, тая самая першая, самая смелая? Здаецца, вось яна. Яна цi не? Не ведаю. Iх так многа, што тае ўжо не заўважыць, не адшукаць: згубiлася мiж астатнiх, зраўнялася з iмi. А яна ж такая маленькая, але геройская, такая цiхая, але настырная, што пачынае здавацца, быццам гэта яе спалохалiся апошнiя замаразкi, здалiся, вывесiлi перад досвiткам белы сцяг апошняе шэранi на ўзлеску. Iдзе жыццё.
Читать дальше